Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 1998 г.


Браніслава Станкевіч, Ворша

У адказ на чарговы крок беларускага прэзыдэнта да саюзу з Расеяй і як водгук на паведамленьні аб менскай акцыі пратэсту ў Воршы пачалася масавая падача заяваў на атрыманьне грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі.

Падобна, што падпісаньне чарговага дакумэнту аб саюзе з Расеяй было нездарма прымеркаванае да каталіцкіх Калядаў – каб у сьвяточныя дні засьпець беларускіх патрыётаў зьнянацку. Але банкруцтва ўнутранай эканамічнай палітыкі ў Беларусі робіць людзей больш уважлівымі і да зьнешнепалітычных манэўраў прэзыдэнта.

У адказ на антынацыянальныя захады Лукашэнкі патрыятычна настроеныя жыхары Воршы і гораду-спадарожніка Барані пачалі падаваць заявы на атрыманьне грамадзянства БНР.

Гаворыць выканальнік абавязкаў кіраўніка Аршанскай Рады Беларускага Народнага Фронту Міхась Сідарэнка:

(Сідарэнка:) «Пасьля падпісаньня дэклярацыі аб саюзе з Расеяй да мяне пачалі зьвяртацца людзі, якія ня хочуць жыць у адной дзяржаве з лукашэнкаўцамі-інтэграстамі. Гэтыя людзі прыходзяць і пытаюцца: «Як атрымаць грамадзянства БНР?» Такім чынам толькі за адзін дзень 26 сьнежня было пададзена 27 заяваў на атрыманьне грамадзянства БНР».

Да гутаркі з карэспандэнтам Радыё Свабода далучаецца першы грамадзянін БНР на Аршаншчыне Генадзь Шэбелеў:

(Шэбелеў:) «Прывітаньне з Барані. Хачу выказаць удзячнасьць Лукашэнку. Дзякуючы ягоным намаганьням 26 сьнежня да мяне зьвярнуліся 14 чалавек з заявамі аб прыняцьці ў грамадзянства БНР. 14 чалавек – гэта толькі дарослыя, якія ўнесьлі ў сьпіс сваіх непаўналетніх дзетак у блянку заявы. Я думаю, нездарма ў гэтыя дні на адным з будынкаў у Воршы зьявіўся надпіс: «Забі ў сабе расейскага халуя!»».

Заявы на атрыманьне грамадзянства БНР працягваюць паступаць у Аршанскую Раду БНФ. На сёньняшні дзень іх ужо больш за сорак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG