Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 1998 г.


27 сьнежня а 11-тай гадзіне ў цэнтры Пінску на плошчы Кірава адбыўся несанкцыянаваны пікет, удзельнікі якога пратэставалі супраць падпісаньня прэзыдэнтам Лукашэнкам чарговых інтэграцыйных дамоваў з Расеяй.

У пікеце, які быў арганізаваны мясцовай філіяй Беларускага Народнага Фронту, узялі ўдзел каля 15 чалавек, сярод якіх 4 дэпутаты мясцовага савету ад апазыцыі.

Паводле словаў старшыні пінскай арганізацыі БНФ Яўгена Шатохіна, фронтаўцы не зьвярталіся па дазвол у выканкам і зьвяртацца больш не зьбіраюцца. «Калі Лукашэнка падпісваў інтэграцыйныя дамовы, ён у нас не пытаўся, таму й мы ня будзем пытацца дазволу ў ягоных памагатых на выказваньне сваёй пазыцыі», – заявіў сп. Шатохін.

Трэба патлумачыць, што рашэньнем Пінскага выканкаму на апазыцыйныя акцыі выдзелена некалькі амаль бязьлюдных, асабліва ў гэтую пару году, мясьцінаў у горадзе, такіх, як Дзіцячы парк, набярэжная ды летняя танцпляцоўка, дзе апазыцыянэры былі вымушаныя апошнім часам ладзіць свае мерапрыемствы, каб ня трапіць пад арышт.

Гэты пікет на такім людным месцы гораду, як плошча Кірава, – першы больш чым за паўтары гады з таго часу, як уступіла ў дзеяньне забарона мясцовых вэртыкальнікаў. Пікетчыкі трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі ды плякаты з надпісамі: «Расея – гэта голад, жабрацтва, вайна», «Мы не цыганы, мы маем сваю Бацькаўшчыну», «Беларусь – гэта сьвятое».

Але найбольш спадабаўся мінакам плякат з партрэтам Лукашэнкі ў чорнай рамцы і з жалобнай чорнай стужкай, пад якой было напісана наступнае: «Славуты сын беларускага народу Лукашэнка заўчасна сканаў як прэзыдэнт падчас падпісаньня 25 сьнежня 1998 году ў Маскве чарговай інтэграцыйна-здрадніцкай дамовы». Камэнтуючы гэты плякат, пікетчыкі казалі, што пасьля такіх дзеяньняў Лукашэнка ўжо ня можа называць сябе прэзыдэнтам Беларусі. Як прэзыдэнт ён проста сканаў.

Цікава, што за гадзіну пікетаваньня да ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі не падыйшоў ніводзін міліцыянт ці супрацоўнік КГБ. Толькі некалькі разоў побач праехала міліцэйская спэцмашына. Звычайна ж у Пінску нават пры правядзеньні санкцыянаваных акцыяў побач заўсёды прысутнічаюць супрацоўнікі міліцыі.

Паводле словаў аднаго з удзельнікаў пікету, адсутнасьць міліцыянтаў, якія ў гэтай сытуацыі мелі ўсе магчымасьці пакараць мясцовых апазыцыянэраў, якія даўно ім надакучылі, тлумачыцца тым, што кіраўнік мясцовай вэртыкалі Васіль Шут захварэў і ў гэтыя дні ляжыць у шпіталі, таму не было каму даць загад. А міліцэйскае кіраўніцтва, разумеючы, што часы могуць хутка зьмяніцца, проста вырашыла ня браць адказнасьць на сябе. Да таго ж, улады ня мелі магчымасьці даведацца пра гэтую акцыю раней, каб сплянаваць свае дзеяньні, бо толькі ў суботу ўвечары тэрмінова было вырашана выходзіць у пікет.

Пакуль няма таксама інфармацыі пра перасьледаваньне ўдзельнікаў пікету пасьля яго завяршэньня. Між тым трэба адзначыць, што шмат хто зь пінчукоў не баяўся адкрыта падыходзіць і падтрымваць патрабаваньні пікетчыкаў, нягледзячы на тое, што акцыю здымаў апэратар мясцовага тэлеканалу.

А 12-тай гадзіне пікет скончыўся. Праскандаваўшы «Жыве Беларусь!», удзельнікі пікету разыйшліся. Плянуецца, што антыінтэграцыйныя акцыі ў Пінску будуць цяпер праводзіцца пастаянна.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

XS
SM
MD
LG