Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 1998 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Чатыры чалавекі асуджаныя да 5-дзённага адміністрацыйнага арышту, трое атрымалі грашовыя штрафы і адзін папярэджаны – такі вынік сёньняшніх слуханьняў у Савецкім раённым судзе Менску адміністрацыйных справаў на беларускіх грамадзянаў, якія 25 сьнежня ў знак пратэсту супраць апошніх беларуска-расейскіх пагадненьняў перакрылі праспэкт Скарыны.

Хуткім і жорсткім аказаўся суд над удзельнікамі акцыі пратэсту супраць апошніх дамоваў з Масквой. Судзьдзі Людміле Савасьцян хапіла гадзіны, каб даць па пяць сутак арышту чатыром прыцягнутым да адказнасьці за перакрыцьцё праспэкту Скарыны 25 сьнежня. Турмой пакараныя актывісты БНФ Віктар Марозаў, Алесь Карызна і Ўладзімер Руснак, а таксама дырэктар фонду падтрымкі незалежнай прэсы, актывіст «Хартыі-97» Зьміцер Бандарэнка. Ім за кратамі давядзецца правесьці яшчэ па два дні.

А для дэпутата Вярхоўнага Савету Людмілы Гразновай, актывісткі Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі Галіны Юрынай і народнафронтаўца Віктара Фурмана удзел у акцыі каштаваў грашовых штрафаў памерам 52 мільёны рублёў. Актывістка праваабарончай арганізацыі «Вясна-96» Любоў Лунёва атрымала папярэджаньне.

Аб тым, як праходзілі суды над арыштаванымі ўдзельнікамі акцыі, дакладна стане вядома толькі ў сераду, калі выйдуць на волю Марозаў, Карызна, Руснак і Бандарэнка. Раней інфармацыю атрымаць не ўдалося, бо прысутнічаць на працэсах ані прадстаўнікам грамадзкасьці, ані журналістам не дазволілі.

«Нам загадана нікога не пускаць», – заявіў сэржант на ўваходзе ў гарадзкое аддзяленьне міліцыі Савецкага раёну, якое знаходзіцца на тэрыторыі Камароўскага рынку, дзе судзілі Марозава ды іншых. «З прычыны рамонту нашага будынку адміністрацыйныя справы цяпер разглядаюцца ў міліцэйскіх установах», – патлумачылі гэты факт у Савецкім судзе. А тое, што міліцыянты не дазваляюць прадстаўнікам грамадзкасьці прысутнічаць на працэсах, у судзе камэнтаваць адмовіліся.

Толькі пасьля таго, як былі асуджаныя Марозаў, Карызна, Руснак і Бандарэнка, зь імі ўдалося перакінуцца некалькімі словамі праз шкло міліцэйскай машыны. Зьміцер Бандарэнка, у прыватнасьці, пасьпеў заявіць, што міліцыянты падрабілі пратакол затрыманьня ўдзельнікаў акцыі. На думку Бандарэнкі, гэта спатрэбілася, каб пазьбегнуць адказнасьці за наезд службовага аўтамабіля на ўдзельніка акцыі Лявона Сакольчыка. Цяпер, у адпаведнасьці з пратаколам, атрымліваецца, што затрыманьне праходзіла раней за інцыдэнт, і калі нехта зьбіў Сакольчыка, дык міліцыя да гэтага ня мае дачыненьня. «Трэба ўзбуджаць крымінальнуцю справу па факце фальсыфікацыі!» – яшчэ пасьпеў крыкнуць Бандарэнка, калі машына рушыла з Камароўскага рынку да ізалятару на Акрэсьціна.

Ня здолелі журналісты патрапіць і на суды над Людмілай Гразновай, Галінай Юрынай і Любай Лунёвай. Жанчыны прыйшлі раніцай у Савецкі райаддзел міліцыі, адкуль іх нечакана адвезьлі ажно ў будынак ДАІ, дзе ў маленькім пакойчыку на мансардзе іх ужо чакалі судзьдзя Шайко і афіцэр міліцыі, які выконваў ролю сьведкі. Адвакаты для абвінавачаных забясьпечаныя не былі. Цытую: «Гэта была сымбалічная акцыя – звычайна менавіта гэтым маршрутам беларускі прэзыдэнт вяртаецца ў сваю рэзыдэнцыю, калі прылятае з Масквы. Мы вырашылі прадэманстраваць, што ня толькі яго не чакаем, а нам гэткага кшталту гаспадары зусім не патрэбныя», – гэтак жанчыны патлумачылі суду, навошта ўвечары 25 сьнежня яны перакрылі праспэкт Скарыны. Судзьдзя Шайко пакарала жанчын штрафамі на 52 мільёны рублёў.

Магчыма, сьпіс пакараных за ўдзел у акцыі 25 сьнежня яшчэ папоўніць дэпутат Вярхоўнага Савету Валеры Шчукін. Разам зь іншымі ён быў затрыманы ў мінулую пятніцу ды адвезены ў Савецкі РАУС. Але там дэпутат адчуў сябе настолькі дрэнна, што быў шпіталізаваны ў 9-й гарадзкой клініцы. Паводле атрыманых зьвестак, у Шчукіна вельмі баліць галава. Ён лічыць, што гэта наступствы інцыдэнту ў Партызанскім судзе, калі яго зьбілі пры затрыманьні пасьля працэсу за ўдзел у шэсьці рабочых. «10 дзён пасьля гэтага галава гула, як звон», – распавядаў Шчукін журналістам, калі выйшаў на мінулым тыдні зь ізалятару. Не прайшло й тыдня, як дэпутат зноў апынуўся пад пільнай увагай міліцыі – пакуль у шпіталі.

Ёсьць зьвесткі, што пратакол затрыманьня Валерыя Шчукіна ў РАУС Савецкага раёну Менску ўжо падрыхтавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG