Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 сьнежня 1998 г.


Юры Дракахруст, Менск

Палітычныя наступствы абвяшчэньня Лукашэнкам і Ельцынам намеру стварыць адзіную саюзную дзяржаву. Камэнтар Юрыя Дракахруста.

Усе інтэграцыйныя кампаніі вельмі падобныя адна да адной. Заўсёды дакумэнты рыхтуюцца па-змоўніцку, ва ўмовах строгай сакрэтнасьці. Заўсёды падпісаньне суправаджаецца рыторыкай наконт «ажыцьцяўленьня векавой мары двух народаў». І кожны раз толькі пасьля падпісаньня бакі пачынаюць высьвятляць – аб чым жа яны дамовіліся?

Гэтак сама й цяпер. Абвясьцілі аб намеры стварыць адзіную дзяржаву, надаць грамадзянам Беларусі й Расеі права абіраць кіруючыя ворганы гэтага ўтварэньня. А якія ворганы, зь якімі паўнамоцтвамі – пра гэта ні ў водным дакумэнце ані гуку. Але ж гэтае пытаньне галоўнае. Нейкія ворганы, прыкладам, той самы парлямэнцкі сход, існуюць і цяпер.

Такім чынам, бакі фактычна дамовіліся аб чымсьці дамовіцца ў будучым. Афіцыйныя камэнтары заблытваюць справу яшчэ больш. Паведамляецца, напрыклад, што нават у адзінай дзяржаве абедзьве краіны захаваюць статус суб'ектаў міжнароднага права. Як гэта можа быць? Дзе ў сьвеце яшчэ ёсьць такі цуд? Прэсавы сакратар Ельцына паведамляе, што «пакуль няма размовы ані аб адзінай валюце, ані аб адзіным войску, ані аб адзіным бюджэце». «Пакуль» – гэта калі?

Вельмі паказальная й міні-спрэчка паміж Лукашэнкам і Ельцынам. Лукашэнка кажа, што падпісаныя дакумэнты канстытуцыю не парушаюць і таму праводзіць рэфэрэндум ня трэба. Ельцын кажа, што параіцца з народам праз рэфэрэндум усё-ж такі варта. Дык прадугледжваюць падпісаныя паперы выхад за межы канстытуцыяў, ці не? Лукашэнка кажа «не», Ельцын фактычна кажа «так».

Але за гэтай бесталковай і нават крыху камічнай формай хаваецца вельмі небясьпечны зьмест. Шмат фактараў штурхаюць Лукашэнку на ўсход. Гэта й крах міту аб «беларускім эканамічным цудзе» – ад цуду засталіся дэфіцыт і чэргі. Як доўга будзе народ цярпець гэты стан – невядома. Гэта й набліжэньне да канца легітымнага тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Калі ўлетку 1999 году ў Беларусі не адбудуцца прэзыдэнцкія выбары, увесь сьвет акрамя Расеі будзе лічыць Лукашэнку ўзурпатарам. Тады дарэчы і з Расеяй яму будзе шмат цяжэй размаўляць. Ён бы мог нарэшце й пайсьці на прэзыдэнцкія выбары, але гэта фактычна адмова ад «канстытуцыі» 1996 году. Да таго ж, з такім станам эканомікі, як цяпер, выбары можна й прайграць. Ну і ў рэшце рэшт, у Расеі ўжо й цяпер ідзе перадвыбарчая кампанія. Калі сытуацыя ня зьменіцца кардынальным чынам, не пазьней за лета 2000 году ў Расеі будзе новы прэзыдэнт. Ня Ельцын і не Лукашэнка.

Усе гэтыя абставіны прымушаюць Лукашэнку сьпяшацца. Прымушаюць паспрабаваць кардынальна зьмяніць фармат сытуацыі. І ён пачынае чарговы раўнд рызыкоўнай гульні. Ступень рызыкі адлюстроўваецца згаданай ягонай спрэчкай зь Ельцынам наконт рэфэрэндуму.

Чаму дарэчы такі аматар народнага волевыяўленьня, як Лукашэнка, раптам стаў супраць рэфэрэндуму? Ды таму, што расейцы могуць прапанаваць на яго празаічнае ўключэньне Беларусі ў склад Расеі. Дарэчы, у Расеі ніякія іншыя варыянты ніхто ўсур'ёз і не разглядае. Але наўрад ці такі сцэнар задаволіць беларускага інтэгратара. Для яго найлепшае – хаос, спалучэньне поўнай інтэграцыі з поўным сувэрэнітэтам. Ён хацеў бы пакінуць за сабой Беларусь у якасьці апэратыўнай базы для штурму Крамля і запаснога аэрадрому на выпадак няўдачы гэтага штурму. Ідзе цынічная гульня, у якой Беларусь – разьменная манета. Абдурыць Лукашэнка сваіх расейскіх партнэраў – ёсьць рызыка, што ён патрапіць у Крэмль і тады далучыць Беларусь да Расеі. Абдураць Лукашэнку – Беларусь стане часткай Расеі яшчэ да выбараў.

Варта адзначыць, што адбываюцца гэтыя гульні не ў пустэчы. Нават выканаўчы сакратар СНГ Барыс Беразоўскі адзначыў, што форма падпісаньня інтэграцыйных папераў можа зрабіць вельмі дрэннае ўражаньне на іншыя краіны СНГ. Ад сябе дадамо, што сэнс гэтых папераў зробіць уражаньне ня менш дрэннае. У Кіеве ці Ташкенце падрабязнасьцямі гульняў Лукашэнкі з Масквой цікавіцца ня будуць. Для сталіцаў СНГ тое, што адбылося ў Маскве 25 сьнежня мае адзіны сэнс: Расея аднаўляе імпэрыю, Беларусь пазбаўляецца незалежнасьці. І яны будуць успрымаць гэта як непасрэдную пагрозу іхнай незалежнасьці з усімі зразумелымі наступствамі.

Як ні дзіўна, складаней прадказаць рэакцыю Захаду. Зразумела, што для яго прывід аднаўленьня СССР – ня самы лепшы вобраз, і Захад можа паставіць памеры свайго эканамічнага спрыяньня Расеі ў непасрэдную залежнасьць ад хады аб'яднаньня Расеі зь ізгоем міжнароднай супольнасьці. А можа й не паставіць. Як гэта ні сумна, але цалкам магчыма, што Захад палічыць інтэграцыю зь Беларусьсю прымальнай кампэнсацыяй комплексу страты Расеяй статусу вялікай дзяржавы.

Шмат хто зьвярнуў увагу на тое, што адначасна з абвяшчэньнем пачатку аб'яднаньня зь Беларусьсю Дзярждума Расеі ратыфікавала дамову з Украінай, у якой Расея канчаткова адмовілася ад тэрытарыяльных прэтэнзіяў да паўдзённа-заходняй суседкі. А на Захадзе менавіта Ўкраіну, а не Беларусь, лічаць нарожным камнем у сыстэме міжнароднай бясьпекі ў нашым рэгіёне.

Адсюль вынікае старая ісьціна, што справа беларускай незалежнасьці – у руках беларусаў. У 1991 годзе незалежнасьць дасталася Беларусі надта лёгка, і таму нацыя так цяжка вымушаная змагацца за сваю незалежнасьць цяпер.

Ужо гаварылася пра тое, што ўсе раўнды інтэграцыйных гульняў вельмі падобныя адзін да аднаго. Падобныя яны й сваімі фіналамі – з аб'яднаньня нічога не атрымваецца, а змаганьне зь ім робіцца новым крокам да сапраўднай незалежнасьці. Ня стане выключэньнем з гэтага правіла й цяперашні раўнд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG