Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сьнежня 1998 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Сёньня страйкаваў найбуйнейшы ў сталіцы рэчавы рынак, што на стадыёне «Дынама». Гандляры пратэставалі супраць увядзеньня адміністрацыяй падвышаных ставак арэнднай платы.

На звычайна людным рэчавым рынку на сталічным стадыёне «Дынама» сёньня было пуста. Гандлёвыя палаткі аддзялялі адну ад адной дзясяткі мэтраў. І калі я ўжо знайшоў гандляроў, якія згадзіліся адказаць на некаторыя мае пытаньні, адмовіўся працаваць дыктафон. На двары было больш за 10 градусаў марозу.

Аднак не мароз быў прычынаю таго, што сёньня гандляры ня выйшлі на працу. Прычына прастою была не кліматычная, а эканамічная – тым самым прадпрымальнікі выказвалі пратэст супраць дзеяньняў адміністрацыі, якая адразу болей чым у два разы падняла арэндную плату на гэтым кірмашы.

Сама адміністрацыя сваю віну адмаўляе і сьцьвярджае, што ні на грам не парушыла закон і кантракт, падпісаны з кожным прыватным гандляром. З гледзішча фармальнай лёгікі яно выглядае сапраўды так. Як і раней, адміністрацыя патрабуе аплаты гандлёвага месца у памеры 4 і 7 даляраў паводле курсу Нацбанку. Але калі раней гэты курс быў у 2-3 разы меншы за курс чорнага рынку, дык цяпер пастановаю галоўнай фінанасавай установы краіны ўведзены яшчэ адзін – таксама афіцыйны – курс даляра, арыентаваны на попыт і прапанову. І адміністрацыя кіруецца менавіта гэтым курсам, патрабуючы аплачваць фіксаваны падатак. Права гандляваць адзін дзень цяпер каштуе 880 000 і 1 540 000 беларускіх рублёў.

Пратэстуючы супраць гэтага, сёньня прадпрымальнікі ў асноўнай сваёй масе ня выйшлі на працу. На кірмашы адчыненая брама, няма кантралёраў, зачыненыя касы. Працавала некалькі дзясяткаў чалавек. Пакупнікоў таксама амаль не было.

Я паразмаўляў з тымі людзьмі, якія сёньня ўсё ж працавалі, і высьветлілася цікавая акалічнасьць: сёньня працавалі пераважна тыя, чый асартымэнт складаюць тавары адзеньня й раскошы, устойлівы попыт на якія ёсьць якраз перад сьвятамі. Таму яны й вырашылі скарыстаць момант, паступаючы супраць прынятага ўчора рашэньня. Як паведаміў адзін з гандляроў, для яго нават 100 даляраў у месяц – сума прымальная ў якасьці фіксаванага падатку, і ён не зьбіраецца адмаўляцца ад гандлёвага месца і пакідаць кірмаш.

Але ня ўсе так лічаць. Жанчына, якая гандлявала парфумэрна-касмэтычнымі таварамі, паведаміла, што для яе падобная сума непад'ёмная. Да 100-даляравага кошту працоўнага месца трэба дадаць яшчэ 50 даляраў за арэнду камэры захоўваньня, і калі празь нейкі час сытуацыя з аплатай ня зьменіцца – гэта прымусіць яе шукаць выйсьця. Яно магчымае ў выглядзе некалькіх варыянтаў. Першы – напісаньне заявы аб пераходзе на працу толькі ў выхадныя дні. Плаціць у такім разе давядзецца толькі 2 разы на тыдзень, прычым за тыя дні, калі пакупнікоў на кірмаш прыходзіць болей. Другое выйсьце – пераход на працу на іншыя кірмашы сталіцы, на якіх дарэчы спагнаньне фіксаванага падатку да гэтага часу адбываецца паводле ніжняга афіцыйнага курсу Нацбанку. Як кажа гандлярка, большасьць прадпрымальнікаў, якія працуюць на «Дынама», скарыстаюцца першым спосабам. Яны не захочуць губляць гандлёвае месца ў цэнтры гораду.

Камэнтуючы для нашага радыё пазыцыю прадпрымальнікаў, старшыня аб'яднанага прафсаюзнага камітэту прадпрымальнікаў Менску й Менскай вобласьці Арнольд Пячэрскі адзначыў:

(Пячэрскі:) «Шмат каму арэндная плата цяпер не пад сілу. Я б тут паставіў пытаньне з гледзішча сацыяльнага – тут некалькі тысячаў прадпрымальнікаў застануцца бяз сродкаў існаваньня. Яны маюць інфраструктуру, пастаўнікоў, рэалізатараў, наймаюць побач камэры захоўваньня, жывуць таксама побач. Пераходзіць на іншыя кірмашы – катастрофа. Для 90% гандаль – гэта адзіны сродак існаваньня, і іх зноў яго пазбаўляюць».

Праблема прадпрымальнікаў стадыёну закраналася і на сустрэчы міністра прадпрымальніцтва і інвэстыцыяў Сазонава з прэзыдэнтам краіны. Вядома, што на лісьце прадпрымальнікаў у гарвыканкам мэр Менску паставіў рэзалюцыю: «Разабрацца, адкуль узятая сума аплаты арэнды».

Заўтра – апошні дзень аплаты арэнды працоўных месцаў. Тыя, хто не разьлічыцца, у студзені могуць лічыць сябе беспрацоўнымі. Паводле словаў Арнольда Пячэрскага, заўтра страйк працягнецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG