Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 23 сьнежня 1998 г.


Алег Грузьдзіловіч

На працэсе ў Кіраўску наступіла паўза да 8 студзеня 1999 году. Учора суд адхіліў чарговае хадайніцтва адвакатаў аб зьмене меры ўтрыманьня для Васіля Старавойтава на падпіску аб нявыезьдзе. Замест лячэньня на волі яму запрапанаванае мэдычнае абсьледаваньне ў турме.

Кіраўскі суд адхіліў хадайніцтва абароны Васіля Старавойтава аб зьмене меры ўтрыманьня для яго на падпіску аб нявыезьдзе. Гэтае рашэньне судзьдзя Чмара абвесьціла ўчора на вечаровым паседжаньні. Такое адбываецца ўжо другі раз на працягу працэсу, які цягнецца месяц. За гэты час былы старшыня акцыйнага таварыства «Расьсьвет», 74-гадовы Васіль Старавойтаў пачаў моцна кашляць, двойчы амаль не губляў прытомнасьць літаральна ў клетцы. Аднак судзьдзі перакананыя, што ён і далей здольны пераносіць турэмны рэжым ды штодзённыя пераезды ў турэмнай машыне з бабруйскага ізалятара ў Кіраўскі суд.

Суд, праўда, улічыў, што падсудны Старавойтаў мае шэраг хранічных захворваньняў, і прызначыў яму комплекснае мэдычнае абсьледаваньне. Гэтае абсьледаваньне аднак будзе праводзіцца не ў стацыянары, а ў тым самым бабруйскім сьледчым ізалятары, дзе цяпер сядзіць у 4-меснай камэры Васіль Старавойтаў.

«Мне там усё роўна дрэнна. Я бачу, што вы ўсё накіроўваеце, каб прызнаць мяне злачынцам», – выкрыкваў Старавойтаў з клеткі. Аднак суд свайго рашэньня не зьмяніў.

Адвакаты старшыні «Расьсьвету» мяркуюць, што дарэмнымі аказаліся і подпісы больш за 500 аднавяскоўцаў Старавойтава, і просьбы міжнародных праваабарончых арганізацыяў, і ручальніцтвы вядомых у Беларусі грамадзянаў.

Адвакат Вера Страмкоўская паведамляе і яшчэ адну вартую ўвагі навіну. Учора напярэдадні вечаровага паседжаньня літаральна тут жа ў залі Кіраўскага суду мясцовы пракурор Анатоль Кабернік асабіста спрабаваў уручыць Страмкоўскай позву зьявіцца назаўтра ў пракуратуру. Адвакат адмовілася падпісвацца пад паперай, спаслаўшыся на тое, што гэткія дакумэнты павінны дасылацца на адрас месца жыхарства або працы. На думку Страмкоўскай, выклікам у пракуратуру яе спрабуюць выключыць з працэсу, бо адвакат, які даў паказаньне як сьведка ці прыцягваецца да адказнасьці, ня можа далей выконваць свае абавязкі па абароне.

Вось як пракамэнтавала падзею ўчорашняга дня Вера Страмкоўская:

(Страмкоўская:) «Улады ацанілі гэта па-свойму, у сувязі з тым, што паказаньні Старавойтава яшчэ ня могуць атрымаць. Такім чынам, каб не тармазіць хаду працэсу, не зацягваць яго, улады прадпрынялі гэткі ціск на мяне».

(Грузьдзіловіч:) Дык Вы згодная з тым, што вы «штучна тармазілі працэс»? Ці ўсё ж Вашыя хадайніцтвы былі абгрунтаваныя пэўнымі аб'ектыўнымі прычынамі?

(Страмкоўская:) «Безумоўна аб'ектыўнымі прычынамі, бо стан здароўя Старавойтава пагаршаецца і пагаршаецца з кожным днём і гэта выклікае непакой. У сувязі з гэтым мы хадайнічаем за зьмену яму меры ўтрыманьня, бо ўласна працэс яшчэ не пачаўся, допыты яшчэ не пачаліся. Я непакоюся, што калі пачнуцца непасрэдна допыты, пачнецца псыхафізычнае ўзьдзеяньне на Старавойтава, яму зробіцца не па сабе, яму зробіцца блага».

(Грузьдзіловіч:) Аднак гэта адхіляецца, і Старавойтаў застаецца ў той самай якасьці – чалавека пад вартай. Так?

(Страмкоўская:) «Безумоўна, бясконца гэтыя хадайніцтвы адхіляюцца, прычым матывацыя адхіленьня нагэтулькі неістотная – нічога не было ў гэтай пастанове суду прапісана, не была дадзеная ацэнка, адной фразай было сказана, што ў сувязі зь цяжкасьцю ўчыненага злачынства абраная гэткая мера ўтрыманьня – і ўсё. Напэўна, усё гэта адбываецца не бязь ціску ўладаў».

XS
SM
MD
LG