Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 23 сьнежня 1998 г.


Сабіна Радзько, Віцебск

Каля трох тыдняў таму справа старшыні Віцебскай Рады «Выбар» Беларускага Народнага Фронту Ўладзімера Плешчанкі, які абвінавачваецца ў дэмантажы бюста Аляксандра Суворава, была перададзеная ў Кастрычніцкі суд гораду Віцебску. Натуральна меркавалася, што пытаньне – прызнаюць сп. Плешчанку вінаватым ці не прызнаюць – вырашыцца ў найбліжэйшы час. Аднак атрымалася іначай.

Судзьдзя Зоя Гелімбатоўская, прыняўшы справу да разгляду, накіравала яе на дасьледаваньне, бо ўзьнікла шмат пытаньняў, на якія сьледзтва не дало адказу. У прыватнасьці, нявысьветленымі засталіся матывы меркаванага злачынства. Адначасна судзьдзя адмовіла старшыні Рады «Выбар» у зьмене меры стрыманьня. Такім чынам, 50-гадовы сп. Плешчанка па-ранейшаму застаецца ў ізалятары.

Колькі часу можа працягнуцца дасьледаваньне і як яно будзе выглядаць – сказаць цяжка. Сьведкаў няма, адзіны падазраваны – сп. Плешчанка – зь сьледствам не супрацоўнічае й супрацоўнічаць не зьбіраецца. Ну а сьляды каля пустога пастамэнту, дзе раней стаяў бюст расейскага генэралісімуса, даўно схаваліся пад сьнегам. Так што для ўвязьненага ёсьць небясьпека сур'ёзна пашкодзіць у камэры сваё здароўе, пакуль сьледчыя будуць вышукваць рэальныя або мітычныя доказы ягонай віны.

Лёс старшыні Рады «Выбар» Беларускага Народнага Фронту Ўладзімера Плешчанкі занепакоіў прадстаўнікоў дэмакратычных партыйных суполак у горадзе Віцебску. Яны выступілі з заявай, дзе сьцьвярджаюць, што гэтая справа мае палітычны характар, бо Сувораў у Беларусі вызначыўся толькі ў якасьці акупанта, і выказваюць рашучы пратэст супраць увязьненьня Ўладзімера Плешчанкі, які, на іх думку, арыштаваны незаконна і без належных доказаў вінаватасьці.

Ад гарадзкой Рады Беларускага Народнага Фронту заяву падпісаў старшыня Васіль Шалугін, ад беларускіх сацыял-дэмакратаў – Аляксей Гаўруцікаў, ад Беларускай Хрысьціянска-Дэмакратычнай Партыі – Вадзім Баршчэўскі.

XS
SM
MD
LG