Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 1998 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня ў межах адмысловага круглага стала, прысьвечанага ААН, прадстаўнікі недзяржаўных арганізацыяў Беларусі заявілі, што Беларусь ня толькі не выконвае ўзятыя на сябе абавязкі ў галіне захаваньня правоў чалавека, але афіцыйны Менск робіць крокі ў пабудове таталітарнай дзяржавы.

Невыкананьню афіцыйным Менскам узятых на сябе абавязаньняў у межах ААН быў прысьвечаны сёньняшні круглы стол з удзелам прадстаўнікоў судовай улады й 8 міністэрстваў беларускага ўраду, а таксама трэцяга сэктару.

Яшчэ 6 лістапада 1997 году ў Жэнэве ўраду Беларусі былі перададзеныя рэкамэндацыі, якія выпрацаваў Камітэт ААН у справах правоў чалавека, у пытаньні выкананьня Беларусьсю Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох. Плянавалася, што сёньня Міністэрства Замежных Справаў Беларусі прадставіць адказы на заўвагі ААН. Але начальніца ўпраўленьня гуманітарнага супрацоўніцтва МЗС Натальля Жылевіч – а менавіта на гэтым узроўні быў прадстаўлены МЗС – заявіла, што дакумэнту ня будзе. На пытаньне нашага радыё: "Чаму?" спадарыня Жылевіч адказала: "No comments".

Старшыня Беларускага Гэльсынскага Камітэту Тацяна Процька заявіла, што адказ у тым, што за год сытуацыя ў Беларусі ня толькі не зьмянілася, але пагоршылася:

(Процька:) «У Беларусі склаўся й дзейнічае аўтарытарны палітычны рэжым з элемэнтамі таталітарызму. Усе галіны ўлады – заканадаўчая, выканаўчая й судовая – знаходзяцца ў залежнасьці й пад кантролем прэзыдэнта. Кантроль за дзейнасьцю КДБ з боку пракуратуры носіць сёньня фармальны характар, а з боку судовых органаў, «парлямэнту», грамадзкасьці адсутнічае наогул. У грамадзтве склалася цьвёрдая ўпэўненасьць у тым, што тэлефоны апазыцыйных палітычных і грамадзкіх дзеячоў праслухоўваюцца, іх дзейнасьць кантралюецца спэцслужбамі. І гэта пацьвярджаецца фактамі. Паводле распараджэньня прэзыдэнта дзейнічае пазаканстытуцыйны орган выканаўчае вышэйшае ўлады – «штаб па стабілізацыі эканамічнай сытуацыі». Зь лістапада 1998 году штаб аддае загады, абавязковыя для выкананьня ўсімі службовымі асобамі краіны, улучна зь сябрамі ўраду. У краіне створаны ворган ідэалягічнай апрацоўкі насельніцтва. Заканадаўчую ўладу ў краіне ажыцьцяўляе «парлямэнт», які ня быў выбраны народам, а толькі прызначаны прэзыдэнтам. Працягваюцца парушэньні правоў карэннай нацыі – беларусаў, разбурэньне самасьвядомасьці беларускага народу стала дзяржаўнай палітыкай. І я хачу заўважыць, што вельмі добра асуджаць Клінтана за парушэньні, якія ён дапусьціў, не параіўшыся з Радай Бясьпекі аб бамбардаваньні, а лепей было б паглядзець, што самі робяць дзеля выкананьня тых рашэньняў, якія прынятыя ААН».

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна-96» Алесь Бяляцкі, які таксама выступіў з дакладам, асноўны акцэнт зрабіў на беларускім заканадаўстве, якое значна абмяжоўвае гарантаванае Пактам права на вольнае выказваньне сваіх палітычных поглядаў. Адказваючы на пытаньне, ці спадзяецца спадар Бяляцкі на рэакцыю з боку афіцыйных структураў -– удзельніц круглага стала, ён заявіў:

(Бяляцкі:) «Упершыню на гэты круглы стол запрошаныя і прадстаўнікі грамадзкіх праваабарончых арганізацыяў, якія дадуць праўдзівую інфармацыю і здолеюць нейкім чынам зьняць гэты ружовы вэлюм, які павесілі сабе на вочы афіцыйныя структуры, што датычыць правоў чалавека ў Беларусі».

Прэзыдэнт Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Жана Літвіна выказалася больш скептычна. Яна назвала усіх прысутных «мілымі людзьмі, якія нічога не вырашаюць». Фармулёўкі наконт стану беларускіх СМІ, якія давалі праваабаронцы, яна назвала мяккімі. А дырэктар Цэнтру прававой абароны сродкаў масавай інфармацыі Міхаіл Пастухоў запрапанаваў ушанаваць Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правох ААН хвілінай маўчаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG