Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 1998 г.


Сёньня выйшаў на волю дэпутат Вярхоўнага Савету Валеры Шчукін, які адседзеў 15 сутак у ізалятары на вуліцы Акрэсьціна за ўдзел у шэсьці рабочых 5 лістапада. Вызваленьне аднак ледзь ня скончылася для Шчукіна новым пакараньнем. Да гэтага ўжо быў гатовы судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Анатоль Барысёнак.

Дэпутат Валеры Шчукін, які выйшаў сёньня зь ізалятару пасьля 15-дзённай адсідкі, ледзь не патрапіў за краты зноў. Дапамагла дэпутату, як ён лічыць, самаўпэўненасьць судзьдзі Анатоля Барысёнка з Цэнтральнага суду Менску.

Паводле словаў Валерыя Шчукіна, міліцыянты выцягнулі яго з камэры ў 11 гадзінаў раніцы – за тры гадзіны да таго, як скончўся прызначаны Шчукіну тэрмін пакараньня. Дэпутат ісьці адмовіўся, і тады яго пацягнулі сілай, кінулі ў машыну й адвезьлі да судзьдзі Анатоля Барысёнка ў Цэнтральны раённы суд Менску.

Суддзя абвясьціў, што зараз пачнецца разгляд адміністрацыйнай справы за ўдзел Шчукіна ў несанкцыянаваным мітынгу на Кастрычніцкай плошчы 6 сьнежня. Аднак, Шчукін недарэмна лічыцца экспэртам у юрыдычных справах. Дэпутат адразу выказаў пратэст супраць прымусовай дастаўкі ў суд, спаслаўшыся на закон, паводле якога прывезьці чалавека сілай у суд магчыма толькі калі ён не прыходзіць туды добраахвотна. Між тым, Шчукін не атрымаў ад судзьдзі Барысёнка позву і, па -другое, ня меў магчымасьці прыйсьці ў суд, бо яшчэ ня скончыўся тэрмін ягонага пакараньня. У выніку суддзя быў вымушаны перадаць Шчукіна зноў міліцыянтам, якія пратрымалі дэпутата ў Цэнтральным РАУС, адкуль дакладна а 2 гадзіне выпусьцілі яго на волю.

Выпусьцілі Шчукіна на вольнае марознае паветра ў адным пінжаку, нават без паліто й шапкі, якія так і засталіся ў ізалятары на Акрэсьціна. Праз 20 хвілінаў дэпутат зноў зьявіўся ў ізалятары, але не пад канвоем, як там чакалі, а каб забраць свае рэчы.

Турэмшчыкі разьвітваліся са Шчукіным з задавальненьнем. Кажучы іхнай мовай, ён іх за 15 сутак «дастаў». Чым? Пачнем з таго, што ўжо праз некалькі дзён пасьля арышту неўтаймавальны Шчукін перадаў на ймя начальніка ізалятару вельмі дзіўную заяву. Вось як ён сам згадвае зьмест гэтай пэтыцыі:

(Шчукін:) «Заява на правядзеньне пікету пратесту ў двары прыёмніка Акрэсьціна: У сувязі з тым, што – вы парушэньні ўсе ведаеце – там у камэры мышы, ладзім пікет пратесту ад 14 да 22-га. Парадак гарантую. Удзельнікі пікету – пераменны склад камэры».

Паводле словаў Валерыя Шчукіна, ужо праз тры гадзіны пасьля адпраўкі гэтай пэтыцыі ў турме працавалі супрацоўнікі санэпідэмстанцыі й мышэй больш бачна не было.

Перамог Шчукін і ў барацьбе за выдачу яму нармальнае лыжкі. Усім астатнім вязьням ізалятару на Акрэсьціна замест лыжак выдаюць нейкія напарсткі. Таксама дэпутат дамогся, каб яго рэгулярна, праз кожныя сем дзён вазілі мыцца ў лазьню.

Карацей кажучы, Шчукін упэўнены, што сэнс змагацца за свае правы ёсьць нават у турме, хоць там усе вязьні сьмяротьна запалоханыя адміністрацыяй. Але тое, што сваімі адсідкамі на Акрэсьціна Шчукін разбурае парадкі, якія ўсталяваліся ў гэтым ізалятары, судзьдзя Барысёнак, відаць, ніяк ня ўцяміць. Ва ўсялкім выпадку, Шчукін упэўнены, што Барысёнак хоча зноў пакараць яго арыштам. Летась, прыгадвае Шчукін, Барысёнак уляпіў яму 10 сутак. Што будзе зараз?

(Шчукін:) «Цяпер 28-га мне будзе 15. Меньш мне ўжо не даюць. Мне меньш нельга, паколькі я мала таго што злосны рэцыдывіст, я акрамя таго яшчэ й не зьбіраюся выпраўляцца. Я ж ім паўсюль казаў – хлопцы, хадзіў і хадзіць буду, і ніхто мне ня ўказ».

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG