Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 22 сьнежня 1998 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Вышэйшы Гаспадарчы Суд Беларусі задаволіў сёньня зыск рэдакцыі газэты «Наша Ніва» супраць Дзяржаўнага Камітэту ў справах друку. Судзьдзя Ірына Петухова прызнала несапраўдным папярэджаньне, вынесенае газэце ведамствам Міхаіла Падгайнага, і пастанавіла спагнаць зь Дзяржкамдруку 2,5 мільёны рублёў у якасьці судовага збору.

Нагадаем, што рэдакцыя «Нашай Нівы» зьвярнулася ў суд больш за 4 месяцы таму, пасьля таго, як Дзяржкамдрук вынес газэце папярэджаньне за карыстаньне «ненарматыўным» правапісам – тарашкевіцай. Дзяржкамдрук спасылаўся на 6 артыкул Закону аб сродках масавай інфармацыі, які абавязвае беларускія мас-мэдыя выкарыстоўваць «агульнапрынятыя нормы мовы». Два такія папярэджаньні пагражалі газэце закрыцьцём, таму «Наша Ніва» й вырашыла праз суд адстойваць сваё права карыстацца тым варыянтам беларускай мовы, на якім хочуць чытаць газэту яе чытачы.

Абвінавачаньне Дзяржкамдруку грунтавалася на заключэньні экспэрта Інстытуту Мовазнаўства Акадэміі Навук члена-карэспандэнта Аркадзя Жураўскага, вядомага сваім прадузятым стаўленьнем да «нацыяналістычнага» правапісу Тарашкевіча.

Супрацоўнікі «Нашай Нівы» запатрабавалі правесьці яшчэ адну мовазнаўчую экспэртызу, якая б вызначыла – можна лічыць дарэформавы правапіс парушэньнем тых самых «агульнапрынятых нормаў», ці не. Такая экспэртыза адбылася, і акадэмічныя мовазнаўцы прыйшлі да высновы, што паняцьця «агульнапрынятыя нормы мовы» не йснуе ў прыродзе.

Прадстаўнік Дзяржкамдруку ў судзе сп. Баранаў настойваў, каб тлумачэньне спрэчнага артыкулу 6 Закону аб СМІ дала прэзыдэнтава «палата прадстаўнікоў». Аднак «палатачныя» дэпутаты далі адказ суду, што яны нічога ня могуць сказаць на гэты конт, паколькі тлумачэньні да закону толькі рыхтуюцца да зацьвярджэньня. Больш ніякіх пераканаўчых доказаў парушэньня «Нашай Нівай» закону Дзяржамдрук прывесьці ня здолеў. Сп. Баранаў, праўда, прасіў судзьдзю Петухову адкласьці вынясеньне рашэньня ў гэтай справе, пакуль прэзыдэнтава «палата» ня дасьць тлумачэньня закону. Але судзьдзя вырашыла інакш.

Пасьля вынясеньня судовай пастановы галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Сяргей Дубавец і грамадзкі абаронца ад Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Міхаіл Пастухоў не хавалі сваёй радасьці:

(Дубавец:) «Суд вельмі дэтальна разглядаў гэтую праблему і ўрэшце разгледзеў. Як паказаў гэты працэс, усё ж ня толькі тэлефонным правам усё вырашаецца ў беларускіх судах, але можна прыслухацца й да законаў».

(Невяроўскі:) На вашу думку, якія будуць наступствы гэтага судовага рашэньня для іншых выданьняў, якія карыстаюцца тарашкевіцай?

(Дубавец:) «Вельмі станоўчыя. Яны адчуюць проста сваю рацыю. Скажу, што гэты суд наогул даў вельмі пазытыўны вынік для беларускай мовы як такой – для яе йснаваньня й для ўпэўненасьці тых, хто ёю карыстаецца, каго спрадвеку тут дыскрымінуюць у зьвязку з гэтай мовай».

XS
SM
MD
LG