Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 1998 г.


Юры Дракахруст, Менск

Пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі на мінулым тыдні прэзыдэнт Лукашэнка абвясьціў, што бліжэйшым часам адбудуцца кардынальныя крокі ў далейшай інтэграцыі саюзных краінаў. Які сэнс мае гэтая заява? У чым можа быць сутнасьць гэтых крокаў? На гэтае пытаньне адказаў нашаму карэспандэнту Юрыю Дракахрусту адзін зь вядомых расейскіх ідэолягаў інтэграцыі, дырэктар Інстытуту Краінаў СНГ, дараднік мэра Масквы Канстанцін Затулін.

На думку сп. Затуліна, галоўная перашкода на шляху інтэграцыі – несупадзеньне палітычных рэжымаў Беларусі й Расеі. Ён адзначыў, што разьвіцьцё супольнасьці, а потым саюзу стрымвалася з двух бакоў. З аднаго – атачэньнем Ельцына, якое адчувала рэальную пагрозу ў прыходзе Лукашэнкі на расейскае палітычнае поле і даволі высока ацэньвала ягоныя шанцы. «У Расеі ёсьць гістарычная традыцыя запрашаць на царства пачынаючы з Рурыка», – сказаў сп. Затулін. «З другога боку, – падкрэсьліў ён, – гэтаму супрацьдзейнічаюць пэўныя сілы ў Беларусі, у першую чаргу – апазыцыя, якая выціснутая з парлямэнту і наогул з палітычнага жыцьця». Але з гэтым, лічыць сп. Затулін, Лукашэнка мог бы й не лічыцца. Больш сур'ёзная апазыцыя поўнаму аб'яднаньню хаваецца ў атачэньні самога прэзыдэнта. Гэта вышэйшае чынавенства, якое, выступаючы на словах за інтэграцыю, на самой справе ня хоча ніякага вышэйшага маскоўскага кіраўніцтва, сказаў мой суразмоўца. Ён спадзяецца, што наступнік Ельцына зможа ўлічыць гэтыя страхі беларускай намэнклятуры.

Але, на думку дырэктара Інстытуту Краінаў СНГ, да сканчэньня эры Ельцына наўрад ці магчымы нейкі прарыў у гэтым накірунку. «Усё спынілася перад пытаньнем аб поўным аб'яднаньні, – сказаў ён. – Усё астатняе – супольнасьці, саюзы, супэрсаюзы – усё гэта сябе вычарпала». Пры гэтым сп. Затулін падкрэсьліў, што й сам Лукашэнка хоча гарантыі для сябе і для Беларусі ад распушчэньня ў Расеі. На думку майго суразмоўцы, гэтае жаданьне гарантыяў цалкам натуральнае – бо Лукашэнку давялося цярпець вельмі шмат непрыемнасьцяў з боку і расейскага істэблішмэнту, і расейскіх сродкаў масавай інфармацыі. Але прапаноўваючы аб'яднаньне паводле формулы «адна краіна – адзін голас», Лукашэнка проста завышае планку, лічыць сп. Затулін. На ягоную думку, гэты прынцып нерэалістычны і немагчымы з прычыны рознавялікасьці Расеі й Беларусі. Нельга патрабаваць, каб правы 1 беларуса былі роўныя правам 15 расейцаў.

На думку сп. Затуліна, адным з варыянтаў вырашэньня праблемы магло б стаць увядзеньне ў Расеі пасады віцэ-прэзыдэнта. У Беларусі як частцы агульнай дзяржавы па-ранейшаму абіралі б свайго прэзыдэнта, і ён паводле пасады быў бы віцэ-прэзыдэнтам агульнай дзяржавы.

Я спытаўся ў сп. Затуліна, які адначасова зьяўляецца дараднікам маскоўскага мэра, як цяпер ставіцца Юры Лужкоў да беларускага прэзыдэнта? Ці не баіцца ён канкурэнцыі з боку апошняга? «Я мяркую, што гэтай канкурэнцыі не адбудзецца. Лукашэнка ўжо проста не пасьпявае да 2000 году», – сказаў дырэктар Інстытуту Краінаў СНГ. «Калі б былі прынятыя рашэньні што да віцэ-прэзыдэнцтва, працягваў ён, прэзыдэнт Лужкоў і віцэ-прэзыдэнт Лукашэнка няблага б ужыліся. Зь Лебедзем Лукашэнка не ўжывецца. Пад Зюганава ён таксама ня пойдзе. Прымакоў наўрад ці будзе балятавацца. А іншых рэальных кандыдатаў у Расеі няма», – заявіў Затулін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG