Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 21 сьнежня 1998 г.


Уладзімер Глод, Менск

20 сьнежня ў Менску прайшоў VI зьезд Беларускай Сялянскай Партыі.

Спачатку некалькі словаў пра гісторыю БСП, якая ўжо вельмі даўно не заяўляла пра сябе. Устаноўчы зьезд Беларускай Сялянскай Партыі адбыўся 23 лютага 1991 году. Старшынём партыі тады абралі Яўгена Лугіна, які выконвае гэтыя абавязкі да сёньняшняга дня. Галоўны лёзунг партыі фармулюецца так: «За вольную працу на ўласнай зямлі».

Яўген Лугін у сваёй справаздачы на сёлетнім зьезьдзе адзначыў, што «ў Беларусі ўсталёўваецца таталітарны рэжым сталінскага тыпу, у эканамічнай аснове якога ляжыць дзяржаўная ўласнасьць». На думку сп. Лугіна, на вёсцы практычна бязь зьменаў пануе калгасна-саўгасная сыстэма, і дзяржава ўсімі сіламі яе захоўвае.

Яўген Лугін – старшыня Сялянскай Партыі. Яшчэ адзін яе кіраўнік – старшыня Цэнтральнай Рады партыі Міхась Антоненка. Ён і прадставіў на апошнім зьезьдзе канцэпцыю зьмены ўзаемадачыненьняў паміж вёскай і дзяржавай. Як і раней, у яе ўваходзіць прыватызацыя калгасна-саўгаснай уласнасьці, рэструктурызацыя гэтай уласнасьці. Але цяпер, на думку сп. Антоненкі, трэба глядзець далей, а менавіта: лібэралізаваць аграрны рынак, ліквідаваць дзяржаўную манаполію на прадукцыю свабодных таваравытворцаў, увесьці адзіны натуральны падатак, памер якога вызначаецца ў першую чаргу якасьцю й колькасьцю апрацоўванай зямлі.

Дэлегаты падтрымалі гэтыя ідэі і прынялі канцэпцыю аграрнай рэформы. Старшынём партыі зноў абралі Яўгена Лугіна, старшынём Цэнтральнай Рады – Міхася Антоненку.

Вялікую цікавасьць выклікаў выступ на зьезьдзе госьця – былога прэм'ера Міхаіла Чыгіра. Ён пагадзіўся з тым, што беларуская вёска павінна рэфармавацца, і паведаміў, што гэтая праблема ўвойдзе часткай у ягоную праграму перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

Сп. Чыгір паведаміў, што ён пагадзіўся ўключыцца ў прэзыдэнцкую гонку пад уплывам ягоных беларускіх сяброў, якія паабяцалі яму ўсялякую дапамогу. Былы прэм'ер выступае за еднасьць усіх дэмакратычных сілаў Беларусі. Міхал Чыгір вельмі смуткуе з таго, што беларускае сялянства, беларускі народ не разгарнулі шырокае кампаніі ў падтрымку Васіля Старавойтава. У гэтай сувязі Чыгір нагадаў, што калі ён у лістападзе 1996 году перад «рэфэрэндумам» падаў заяву аб складаньні зь сябе паўнамоцтваў прэм'ера, яму абяцалі падтрымку губэрнатары шэрагу беларускіх вобласьцяў. Але яны ў апошні момант спалохаліся і кінулі яго аднаго.

Што тычыцца саюзу Беларусі й Расеі, дык Міхаіл Чыгір параўнаў гэтыя краіны з двума заразнымі хворымі, якіх разьмясьцілі ў адной палаце. Мала таго, што кожны зь іх хворы сам па сабе, дык яны яшчэ й перададуць адзін аднаму свае хваробы.

XS
SM
MD
LG