Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 сьнежня 1998 г.


Сяргей Шупа, Прага

На запрашэньне праваабарончай фундацыі «Чалавек у нядолі» Чэскую Рэспубліку наведаў з двухдзённым візытам прадстаўнік касоўскіх альбанцаў Ібрагім Ругова. Сёньня раніцай сп. Ругова быў госьцем нашага Радыё, дзе адбылася прэсавая канфэрэнцыя. На ёй пабываў наш супрацоўнік Сяргей Шупа.

Пачну з апошняга пытаньня, што прагучала на прэсавай канфэрэнцыі Ібрагіма Руговы. Яно мела прыватны характар – што азначае хустка ў гарохі, якую заўсёды носіць абвязанаю вакол шыі лідэр касоўскіх альбанцаў? Гэтая хустка, сказаў Ругова – элемэнт народнай вопраткі зь ягоных родных мясьцінаў. Аднак ён так прызвычаіўся ўсюды й заўсёды яе насіць, што яна сталася неад'емнай часткай ягонага вобразу. Безь яе мяне проста ніхто не пазнае, пажартаваў ён. Да хусткі мы яшчэ вернемся, а зараз падамо кароткую біяграфічную даведку сёньняшняга госьця чэскай сталіцы:

Ібрагім Ругова – палітычны лідэр касоўскіх альбанцаў і кіраўнік галоўнай іх партыі – Дэмакратычнай Лігі Касовы. Яму 54 гады, паводле адукацыі ён альбанскі мовавед, працаваў настаўнікам, навуковым супрацоўнікам, ад 1976 году – у Парыжы, дзе займаўся літаратурай і сацыялёгіяй, абараніў дактарат. У 1989 годзе узначаліў Дэмакратычную Лігу Касовы, і фактычна стаўся нацыянальным лідэрам касоўскіх альбанцаў. 24 траўня 1992 году ў выніку падпольных выбараў, прызнаных сэрбскімі ўладамі нелегальнымі, быў абраны прэзыдэнтам Рэспублікі Касова. 23 сакавіка сёлета быў перабраны на другі тэрмін у гэтай пасадзе. Усе гады постюгаслаўскіх трансфармацыяў Ругова заставаўся прыхільнікам негвалтоўнага вырашэньня праблемы Касовы, якая ў 1989 годзе была пазбаўленая статусу аўтаномнага краю ў складзе Сэрбіі.

Цяперашні візыт Руговы адбываецца на фоне новай эскаляцыі касоўскага канфлікту, якая паставіла пад пагрозу пагадненьне аб замірэньні, падпісанае ў сярэдзіне кастрычніка. Таму прэсавая канфэрэнцыя на Радыё Свабода/Свабодная Эўропа выклікала вялікае зацікаўленьне праскіх журналістаў.

Паспрабую падсумаваць пачутае на прэсавай канфэрэнцыі ў кароткім нарысе касоўскай праблемы – паводле адказаў Ібрагіма Руговы на пытаньні журналістаў.

Лейтматывам сёньяшняй сустрэчы гучала тэза Руговы аб тым, што аптымальным разьвязаньнем касоўскай праблемы можа быць толькі поўная незалежнасьць Касовы. Інакш кажучы, непасрэднай мэтай мусіць быць канчатковая ліквідацыя Югаславіі, распад якой дагэтуль яшчэ не закончыўся.

Найчасьцей журналістаў, бадай што, цікавіла пытанье, ці незалежнасьць Касовы – канчатковая мэта? Ці не стаіць за ёй наступная – пабудова Вялікай Альбаніі вакол Альбаніі сёньняшняй з далучэньнем да яе заселеных этнічнымі альбанцамі тэрыторыяў суседніх краінаў – Македоніі, Чарнагорыі й Грэцыі?

Ніякай Вялікай Альбаніі няма, сказаў Ібрагім Ругова. Ёсьць нармальная Альбанія, падзеленая несправядлівымі дамовамі апошняга стагодзьдзя паміж некалькімі краінамі. Што да плянаў далейшага ўзьяднаньня, дык Ругова адмовіўся іх камэнтаваць, сказаўшы, што гэта выходзіць за рамкі пільных надзёных задачаў касоўскіх незалежнікаў.

Журналістаў аднак усё адно непакоіла гэтыя геапалітычныя дзівосы – як могуць існаваць побач дзьве незалежныя краіны з альбанскай большасьцю. Касоўскі лідэр зноў жа ўхіліўся ад пытаньня пра ўзьяднаньне, заверыўшы прысутных, што незалежная Касова бачыцца яму поліэтнічнай дэмакратычнай дзяржавай, дзе будуць паважацца правы этнічных і рэлігійных меншасьцяў.

Што да рэлігійнага фактару ў цяперашнім супрацьстаяньні, дык ягоная роля, паводле Руговы, вельмі нязначная. У альбанцаў, сказаў ён, даўнія традыцыі рэлігійнай талерантнасьці – бо сярод самых альбанцаў апрача мусульманскай бальшыні ёсьць нямала каталікоў і праваслаўных. Таму сэрбска-альбанскі канфлікт мае выключна этнічны характар і не афарбаваны ў рэлігійныя колеры.

Як ведама, касоўскія альбанцы маюць маральную дый ня толькі маральную падтрымку з Тыраны. Як ставяцца касоўскія незалежнікі да альбанскіх экс-камуністаў, якія здолелі адхіліць ад улады дэмакратаў пад кіраўніцтвам Салі Бэрышы? Ібрагім Ругова зазначыў, што цесныя кантакты з мэтраполіяй пачыналіся яшчэ калі пры ўладзе ў Тыране быў наступнік Энвэра Ходжы Раміз Алія, працягваліся яны падчас кіраваньня Салі Бэрышы, захоўваюцца яны й цяпер. Унутрыпалітычная сытуацыя ў Альбаніі і гэтак надзвычай складаная, і таму касоўскім альбанцам няма ніякага сэнсу дадаваць гэтай праблеме адмысловае касоўскае вымярэньне.

Што да палітычнай характарыстыкі ўзначальванай Руговам Дэмакратычнай Лігі Касовы, дык ён асьцярожна вызначыў яе як памяркоўную цэнтрысцкую. Ці магчымае супрацоўніцтва памяркоўных цэнтрыстаў з Дэмакратычнай Лігі з аддзеламі радыкальнай Арміі Вызваленьня Касовы, улічваючы, што пры адрозных мэтадах абедзьве арганізацыі маюць аднолькавую мэту – незалежнасьць?

Лідэр памяркоўных касоўцаў зазначыў, што Армія Вызваленьня Касовы (альбанскі скарот – УЧК) уяўляе сабою ізаляваныя, не аб'яднаныя адзіным камандаваньнем групы, якія ня маюць нейкай агульнай цэльнай і пасьлядоўнай палітычнай плятформы. Шмат хто з ваяўнікоў УЧК лічыць мэтады Руговы й ягоных прыхільнікаў неэфэктыўнымі й шкоднымі і таму самі адмаўляюцца ад усялякіх кантактаў.

Пасьля заканчэньня канфэрэнцыі па дарозе да ліфту Ібрагім Ругова працягваў адказваць на пытаньні. І тут зноў была згаданая ягоная хустка. Ругова не абвергнуў вэрсію, выказаную адным журналістам, паводле якой ён даў зарок не здымаць гэтую хустку, пакуль ягоны край ня станецца вольнай і незалежнай дзяржавай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG