Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 сьнежня 1998 г.


Юры Дракахруст, Менск

Які інтэграцыйны навагодні падарунак падрыхтаваў беларусам Аляксандар Лукашэнка?

Інтрыгаваць публіку прэзыдэнт Лукашэнка пачаў яшчэ напярэдадні свайго візыту ў Расею. Перад адлётам у Маскву ён заявіў, што будзе абмяркоўваць з сваімі расейскімі суразмоўцамі выключна палітычныя пытаньні, якія вызначаюць лёс двух народаў. «Час скончыць балбатню пра аморфны саюз і зрабіць крокі ў накірунку яднаньня двух народаў», – сказаў Лукашэнка. Далей – болей. У сераду ў інтэрвію для «Радыё Маяк» ён зноў казаў пра нейкія кардынальныя крокі, паабяцаў, што яшчэ да новага году лідэры дзьвюх краінаў парадуюць свае народы чымсьці добрым.

Але ўжо самая сустрэча зь Ельцынам выглядала ў расповедзе беларускага прэзыдэнта як сапраўдная змова. Паводле ягоных словаў, кіраўнікі спачатку абмеркавалі шэраг эканамічных пытаньняў, а пасьля, выдаліўшы нават дараднікаў, сам-насам вялі размову пра нейкае дзяржаўна-палітычнае пытаньне, пра нейкі сакрэтны плян ашчасьліўленьня беларусаў і расейцаў.

Лукашэнка паабяцаў, што праз тыдзень плян стане вядомы ўсім. Мяркуецца правесьці нават яшчэ адну асабістую сустрэчу абодвух прэзыдэнтаў. А пакуль раскрываць сакрэт нельга. Паводле словаў беларускага лідэра, у інтэграцыі як і заўжды шмат ворагаў, прычым ёсьць сярод іх і вельмі нечаканыя асобы. Зноў вяртаецца атмасфэра інтэграцыйнай гульні 1996-1997 гадоў зь яе сакрэтамі й камэдыяй непаразуменьняў.

Што ж можа мець у сабе навагодні пакунак прэзыдэнта Лукашэнкі?

Нагадаем, што яшчэ ў 1997 годзе, падчас дэбатаў вакол утварэньня «саюзу», расейскі бок вуснамі прэзыдэнта Ельцына прапаноўваў стварыць фэдэрацыю, іншымі словамі – прапаноўваў Беларусі ўвайсьці ў склад Расеі. Гэты варыянт можа ўзьнікнуць і зараз, але падаецца, што ён наўрад ці задаволіць прэзыдэнта Беларусі. За амаль 5 гадоў ягонага праўленьня магчымасьцяў далучыць Беларусь да Расеі было больш чым дастаткова, але ж чамусьці гэта не адбылося. Шапка Манамаха – прывабны прыз для амбітнага беларускага лідэра, але гэта – журавель у небе. Канкурэнтаў на гэтую шапку больш чым дастаткова.

Можа, гаворка йдзе пра ўвядзеньне агульнага грамадзянства? У гэтым выпадку зразумела што атрымвае Лукашэнка. Але незразумела – у чым палітычны выйгрыш Масквы і асабіста Ельцына. Для людзей улады неістотна, колькі пашпартоў у кішэнях у шараговых грамадзянаў. Істотна – хто прымае рашэньні, колькі месцаў наверсе. Калі адно – дык гэта адна дзяржава, калі больш – сытуацыя нязначна адрозьніваецца ад сучаснай.

Магчыма, плян самога прэзыдэнта Беларусі прадугледжвае стварэньне канфэдэрацыі. Істотным для вярхоўных суразмоўцаў у гэтым пляне можа быць толькі адно – зьяўленьне трэцяй кіруючай пасады: прэзыдэнт Беларусі, прэзыдэнт Расеі і прэзыдэнт гэтай самай канфэдэрацыі. Апошняя пасада магла б стаць ганаровай сынэкурай для Ельцына пасьля заканчэньня ягоных паўнамоцтваў прэзыдэнта Расеі. А Лукашэнка ў межах гэтай канструкцыі мог бы пазмагацца за Крэмль, пакідаючы за сабой Беларусь.

Але ж нездарма беларускі прэзыдэнт у праграме НТВ «Герой дня» гаварыў пра нечаканых нядобразычліўцаў інтэграцыі. Цяпер галоўныя супраціўнікі розных наддзяржаўных надбудоваў – не Гайдар з Чубайсам, а запісныя інтэгратары – Лужкоў, Лебедзь, Зюганаў ды іншыя. Кожны зь іх лічыць сябе прамым палітычным нашчадкам Ельцына, і далёкае сваяцтва ў асобе беларускага малодшага брата нікому зь іх не патрэбнае.

Варта адзначыць таксама, што пра сакрэтны плян інтэграцыі распавядаў у Маскве толькі адзін Лукашэнка. З боку другога суразмоўцы – Ельцына – ніякага пацьверджаньня гэтаму, ані гуку. Ці не атрымалася, як яно ня раз было, што два кіраўнікі размаўлялі гадзіну і кожны пра сваё? Як сказаў Ельцын у 1996 годзе, напярэдадні заключэньня дамовы аб стварэньні «супольнасьці» – хтосьці штосьці пераблытаў?

Цалкам магчыма, што праз тыдзень Масква зноў запрапануе Лукашэнку няхітрае далучэньне Беларусі да Расеі і будзе вельмі зьдзіўляцца, калі высьветліцца, што беларускі лідэр меў на ўвазе нешта іншае. Ну а Лукашэнка, у сваю чаргу, як звычайна, будзе заўзята ганьбіць Расею, якая, маўляў, не гатовая да аб'яднаньня. І навагоднім падарункам стане ўжо крышачку ўстылая інтэграцыйная камэдыя пад сакрамэнтальным назовам «Іронія лёсу».

XS
SM
MD
LG