Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 сьнежня 1998 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня Вышэйшы Гаспадарчы Суд Беларусі чарговы раз адклаў прыняцьце пастановы ў справе «Наша Ніва супраць Дзяржкамдруку». У судзе дагэтуль так і не ўдалося высьветліць, што такое «агульнапрынятыя нормы выкарыстоўваемай мовы», за парушэньне якіх дзяржаўная ўстанова і вынесла папярэджаньне рэдакцыі.

Нагадаю, што экспэртная мовазнаўчая камісія, створаная ў сувязі з просьбай суду амаль паўгода таму, прыйшла да высновы, што ў навуковай літаратуры паняцьце «агульнапрынятыя нормы мовы» не выкарыстоўваецца. Няма такога паняцьця і ў сучаснай юрыдычнай літаратуры. З другога боку, «нацыянальны сход» Беларусі, які прыняў папраўкі да Закону аб друку, нягледзячы на просьбу суду фактычна пакуль што ўхіліўся ад тлумачэньня артыкулу 6 закону, дзе гаворыцца аб недапушчальнасьці скажэньня «агульнапрынятых норм выкарыстоўваемай мовы». Менавіта на гэтым артыкуле і грунтуецца папярэджаньне Дзяржкамдруку, якое аспрэчвае газэта «Наша Ніва».

Нягледзячы на тое, што ў панядзелак на гэтым тыдні – амаль праз паўгода пасьля пачатку працэсу – судзьдзя Вышэйшага Гаспадарчага Суду, выслухаўшы бакі, паабяцала вынесьці рашэньне ўжо сёньня, гэтага не адбылося. Па-першае, прадстаўнік Дзяржкамдруку, які яшчэ тры дні таму выказваў нібыта схільнасьць да кампрамісу, заявіў сёньня, што закон не прадугледжвае спыненьня або адкліканьня папярэджаньня, на чым настойвае рэдакцыя «Нашай Нівы». Па-другое, старшыня экспэртнай камісіі намесьнік дырэктара Інстытуту Мовазнаўства Акадэміі Навук Беларусі Аляксандар Лукашанец, які быў выкліканы ў суд, фактычна пацьвердзіў тыя высновы, што ўтрымваюцца ў заключэньні камісіі.

На пытаньне адказьніка, ці лічаць мовазнаўцы выкарыстаньне «тарашкевіцы» парушэньнем агульнапрынятых нормаў сучаснай беларускай мовы, ён адказаў асьцярожна: «Выкарыстаньне правілаў, замацаваных граматыкай Тарашкевіча, якія выкарыстоўваліся да 1933 году, не адпавядае правілам, якія выкарыстоўваюцца цяпер». Ён зазначыў таксама, што граматыка Тарашкевіча займае важнае месца ў культурнай моўнай і пісьмовай спадчыне. Адказьнік заявіў, што культурная спадчына ня ёсьць дзяржаўнай мовай, а значыць, на ягоную думку, папярэджаньне Дзяржкамдруку цалкам адпавядае закону. На яго ня мелі ўзьдзеяньня заўвагі пра тое, што размова ў судзе ўвесь час вялася пра нормы сучаснай літаратурнай мовы, тым часам як паняцьце мовы ў цэлым – значна шырэйшае.

Была пакінутая без увагі і цытата з асобнага меркаваньня экспэрта Сьцяцко пра тое, што нормы 1933 году былі замацаваныя пастановай Саўнаркаму насуперак высновам Акадэмічнай навуковай канфэрэнцыі ў пытаньнях мовазнаўства 1926 году. Такім чынам, умяшаньне дзяржаўнай установы ў дыскусійныя моўныя пытаньні ня толькі стварае прэцэдэнт, але азначае фактычна палітычнае ўмяшаньне ў дзейнасьць сродкаў масавай інфармацыі. Прадстаўнік Дзяржкамдруку назваў гэтае выказваньне некарэктным.

Калі на мінулым паседжаньні здавалася, што ў судзе яшчэ можна знайсьці кампраміснае рашэньне, дык цяпер упэўненасьці ў гэтым няма. Вось што сказаў адразу пасьля сёньняшняга пасяджэньня галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Сяргей Дубавец:

(Дубавец:) «Цяжка ўявіць, што гэтае пытаньне – чыста мовазнаўчае – можа пераварыцца ў нетрах Гаспадарчага Суду і прывесьці да нейкага рашэньня. Я дапускаю, што могуць быць два асноўныя чыньнікі перад канчатковым рашэньнем: альбо добрая воля й покліч да справядлівасьці з боку судзьдзі Петуховай, у чым у мяне няма падставаў сумнявацца, альбо – паводле традыцыяў нашага грамадзкага жыцьця – будзе нейкая кансультацыя з начальствам, і паводле іхнага ўказаньня будзе прынятае жорсткае рашэньне. Хутчэй за ўсё яно ў любым выпадку будзе кампрамісным: альбо кампрамісным на карысьць Дзяржкамдруку – калі адкладуць суд да прыняцьця закону, альбо кампрамісным на карысьць двух бакоў, калі адкладуць і пры гэтым прыпыняць або наогул адменяць хоць бы на гэты час папярэджаньне Дзяржкамдруку»

Якім будзе насамрэч рашэньне суду – будзе вядома не раней, як 22 сьнежня.

XS
SM
MD
LG