Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сьнежня 1998 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня зранку пасьля 10 сутак адміністрацыйнага арышту зь СІЗА на Акрэсьціна вызваліліся намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка і сакратар Управы БНФ, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна-96» Алесь Бяляцкі. Хадыка й Бяляцкі адбывалі адміністрацыйнае пакараньне за тое, што 6 сьнежня зладзілі несанкцыянаваны праваабарончы мітынг, прысьвечаны 50-годзьдзю прыняцьця Ўсеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека. У вязьніцы застаецца дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня Валеры Шчукін.

Пасьля 10 сутак чарговай адсідкі Юры Хадыка і Алесь Бяляцкі выйшлі з адгадаванымі бародамі, але задаволеныя тым, што стаўленьне да палітвязьняў у вязьніцы нарэшце пачало мяняцца. Юры Хадыка паведаміў:

(Хадыка:) «Вядома, я паўтара года назад быў у гэтым самым разьмеркавальніку, дык наогул сытуацыя крыху памянялася. Наша камэра называлася палітычнай, што раней строга забаранялася. Пачалося з таго, што там былі ўсе шэсьць нашых сяброў, потым частка сышла і сталі падсаджваць новых. Сама міліцыя называла нас палітычнымі зьняволенымі, і стаўленьне стала крышачку мякчэйшае, чым гэта было год ці паўтара назад. Гэта сьведчыць, па-мойму, пра тое, што нават сілавыя структуры незадаволеныя цяперашнім рэжымам».

Аднак зьмена стаўленьня да палітвязьняў не перашкодзіла кіраўніцтву вязьніцы выпусьціць сёньня і Бяляцкага і Хадыку на гадзіну раней, і тыя, хто прыйшоў а 10-ай раніцы сустракаць палітвязьняў на Акрэсьціна, вымушаныя былі шукаць іх па горадзе.

Паводле словаў Алеся Бяляцкага, ня толькі ахова, але й самі арыштанты, сярод якіх пераважная большасьць – простыя людзі, незадаволеныя цяперашняй сытуацыяй.

(Бяляцкі:) «Наша камэра была на 6 чалавек, у ёй знаходзілася ад 7 да 4 чалавек. Людзі, якія сядзелі, у асноўным ставяцца вельмі крытычна да ўлады Лукашэнкі».

Алесь Бяляцкі падзякаваў праваабарончаму цэнтру «Вясна-96», актывістам Фронту й «Хартыі-97» за харчовыя перадачы й газэты. Ён паведаміў, што змагацца за свае правы палітвязьні працягвалі і ў камэры. Прыклад у адстойваньні сваіх правоў паказваў Валеры Шчукін:

(Бяляцкі:) «Недзе побач, праз камэру сядзеў сп. Шчукін. Спробы наладзіць больш-менш нармальнае йснаваньне мы там рабілі, і першы распачаў гэтую працу Шчукін, які напісаў заяву на правядзеньне пікету – гэта была такая гратэскная й гумарыстычная заява на ймя начальніка спэцразьмеркавальніка – пікету ў двары разьмеркавальніка супраць мышэй, якія атакавалі нашыя камэры. Самае цікавае, што ўлады гэтага разьмеркавальніка вельмі сур'ёзна паставіліся да гэтай заявы: на наступны дзень была выкліканая санэпідэмстанцыя, жанчынкі прыйшлі й рассыпалі атручаныя крупы – і мышы падохлі і ўцяклі... Пасьля Шчукін пачаў патрабаваць душ. Вынікам гэтых патрабаваньняў было тое, што нам усё-ж такі далі душ! Мы там, у гэтым душы, з Шчукіным і спаткаліся. Натхнёныя ягоным прыкладам, мы напісалі ў сваю чаргу заяву на прадастаўленьне нам прагулак – дык на наступны дзень нас вывелі на прагулку!»

Пакуль апазыцыянэры адстойвалі свае правы ў вязьніцы, прэзыдэнцкія «палаты» прынялі закон, згодна зь якім і Бяляцкі, і Хадыка як адміністрацыйна-асуджаныя ня могуць балятавацца ў дэпутаты. Юры Хадыка з гэтай нагоды заявіў:

(Хадыка:) «Я ня думаю, што ёсьць нейкія падставы ў апазыцыі крыўдзіцца на тое, што гэтым законам нам забаронена прымаць удзел у выбарах. Гэта настолькі відавочнае адступленьне ад цывілізаваных нормаў, і вельмі істотна шукаць магчымасьці данесьці абсурднасьць гэтай сытуацыі ў першую чаргу да грамадзтва эўрапейскіх краінаў».

Сёньня ж на наладжанай Хадыкам і Бяляцкім прэсавай канфэрэнцыі было заяўлена, што ва ўмовах, калі людзі патрапляюць за краты за сьвяткаваньне ўгодкаў Дэклярацыі правоў чалавека, эўрапейскія структуры робяць спробы палепшыць стасункі з афіцыйным Менскам. «Калі б яны ведалі Лукашэнку гэтаксама добра, як на ўласным досьведзе даведаліся мы, – заявіў Юры Хадыка, – то ілюзіяў не было б».

XS
SM
MD
LG