Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сьнежня 1998 г.


Уладзімер Глод, Менск

Літаральна празь некалькі дзён, а менавіта 21 сьнежня споўніцца роўна 8 месяцаў ад таго часу, як пачалася так званая «драздоўская» гісторыя з амбасадарамі.

17 сьнежня некалькі дыпляматаў з амбасады Францыі ў Беларусі ўпершыню пасьля іхнага высяленьня з Драздоў наведалі гэты комплекс. Так пачалася рэалізацыя супольнай заявы міністра замежных справаў Рэспублікі Беларусь і кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу. У 4-тым параграфе гэтай заявы сьцьвярджаецца, што пэўны час кіраўнікі дыпляматычных прадстаўніцтваў будуць мець шырокі доступ да сваіх рэзыдэнцыяў, якія разьмешчаныя ў Драздах. Таму прадстаўнікі амбасады Францускай Рэспублікі і паехалі на тэрыторыю комплексу, каб паглядзець – у якім стане знаходзіцца жытло амбасадара Бэрнара Фасье.

У амбасадзе Францыі сам факт паездкі пацьвердзілі, але камэнтаваць яго катэгарычна адмовіліся. Адмову патлумачылі наступным чынам: маўляў, пакуль усе працэдуры, якія прадугледжаныя супольнай заявай міністра замежных справаў Рэспублікі Беларусь і кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу, не завершацца, ёсьць дамоўленасьць пазьбягаць камэнтароў.

Чаму першымі доступ у Дразды атрымалі менавіта францускія дыпляматы? Адказ на гэтае пытаньне фактычна даў міністар замежных справаў Беларусі Ўрал Латыпаў, які на сваёй апошняй прэсавай канфэрэнцыі асабліва вылучыў амбасадараў Францыі й Нямеччыны – адпаведна спадароў Фасье й Вінкельмана – за іхны актыўны ўдзел у разьвязаньні праблемы Драздоў. Дарэчы, камэнтуючы гэты факт, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня Ўладзімер Нісьцюк гэтак патлумачыў сытуацыю: Нямеччына, як ніякая іншая краіна Захаду, мае свае буйныя бізнэсовыя інтарэсы ў Беларусі, і таму яна была ініцыятарам пошуку выйсьця з сытуацыі вакол Драздоў. Што ж тычыцца Францыі, дык, як лічыць сп. Нісьцюк, гэтая краіна яшчэ ад часоў прэзыдэнта дэ Голя атрымвае задавальненьне, калі можа нейкім чынам зрабіць штосьці насуперак дзеяньням Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Між тым, як мне паведаміў у прыватнай размове адзін з супрацоўнікаў амбасады Нямеччыны ў Беларусі, вяртаньне амбасадара Вінкельмана ў Менск заплянаванае на 15 студзеня будучага году. Больш таго, паводле словаў гэтага дыплямата, ужо амаль вырашана, што амбасадары краінаў Эўрапейскага Зьвязу, якія былі акрэдытаваныя ў Менску – а гэта кіраўнікі дыпляматычных місіяў Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччыны, Грэцыі ды Італіі – вернуцца ў Менск разам, і выглядае, што гэта адбудзецца 15 студзеня.

А 16 сьнежня ў Менск з Варшавы прыехаў Марэк Зюлкоўскі. Ён працяглы час працаваў у якасьці першага сакратара амбасады Польшчы ў Беларусі, а ў пачатку 1998 году вярнуўся на Бацькаўшчыну і цяпер працуе ў Міністэрстве Замежных Справаў. У гутарцы са мною сп. Зюлкоўскі паведаміў, што ён прыехаў у Менск літаральна на 2-3 дні, каб вырашыць пытаньне аб Драздах. Трэба нагадаць, што амбасадар Польшчы яшчэ напрыканцы чэрвеня зьехаў у Варшаву для кансультацыяў. Цяпер, паводле словаў Зюлкоўскага, кіраўнік дыпляматычнай місіі Польшчы ў Беларусі хутка вернецца ў Менск.

Дарэчы, акрамя прадстаўніка Польшчы для кансультацыяў зь Менску тады зьехалі кіраўнікі дыпляматычных місіяў Турцыі, ЗША, Балгарыі, Японіі й Літвы. Прадстаўнікі Турцыі й Японіі ўжо знаходзяцца ў Менску.

XS
SM
MD
LG