Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сьнежня 1998 г.


Юры Дракахруст, Менск

Рэакцыя розных палітычных сілаў Беларусі на вайсковую акцыю Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі супраць Іраку.

Раніцай 17 сьнежня прэсавы сакратар прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Скварцоў заявіў, што кіраўнік Беларускай дзяржавы салідарны з пазыцыяй Расеі й іншых краінаў сьвету, якія ўжо выступілі з асуджэньнем ваеннай агрэсіі супраць Іраку. Неўзабаве пасьля гэтага была распаўсюджаная асабістая заява прэзыдэнта Лукашэнкі, у якой бомбавы ўдар па Багдадзе расцэнены як парушэньне Статуту ААН і акцыя, якая выходзіць далёка за межы рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН у ірацкім пытаньні. «Беларусь лічыць недапушчальнымі дзеяньні дзяржаваў ці іх коаліцыяў у абыход Рады Бясьпекі», – сказана ў заяве. У ёй зьмешчаны заклік да Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі тэрмінова спыніць бомбавыя ўдары. Адначасна выказваецца надзея, што Ірак неадкладна выканае ўсе адпаведныя рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН. «Бомбавыя ўдары, – гаворыцца ў заяве беларускага прэзыдэнта, – не азначаюць рашэньня праблемы. Яны цягнуць за сабой ахвяры сярод мірнага насельніцтва, дэстабілізуюць сытуацыю ў рэгіёне».

Асудзіла вайсковую акцыю супраць Іраку і кіраўніцтва Лібэральна-Дэмакратычнай Партыі Беларусі. У інфармацыйным паведамленьні, распаўсюджаным прэс-службай партыі, гаворыцца, што «ЛДП падтрымвае пазыцыю Расеі, Кітаю й Францыі што да неадкладнага спыненьня баявых дзеяньняў і працягу мірнага ўрэгуляваньня канфлікту. Лідэр ЛДП сп. Гайдукевіч меў размову з амбасадарам Іраку ў Беларусі, падчас якой асудзіў дзеяньні агрэсара», – сказана ў паведамленьні прэс-службы ЛДП. Лібэрал-дэмакраты паведамляюць таксама, што да іх зьвяртаюцца грамадзяне Беларусі па кансультацыю – як патрапіць у Ірак для аказаньня дапамогі гэтай дзяржаве.

Астатнія партыі Беларусі афіцыйна не выказвалі свайго стаўленьня да вайсковай акцыі супраць Багдаду. Але намесьнік старшыні выканкаму Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі Міхась Пліска заявіў у інтэрвію для Радыё Свабода, што, на ягоную думку, не былі выкарыстаныя ўсе магчымасьці мірнага ўрэгуляваньня канфлікту. Хоць у рэшце рэшт, дадаў сп. Пліска, дыктатары павінны ведаць, што яны мусяць паводзіць сябе на міжнароднай арэне больш прыстойна і ня бразгаць зброяй.

Больш жорсткую пазыцыю займаюць прадстаўнікі кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту. Адзін зь іх, Вінцук Вячорка, заўважыў, што амэрыкана-брытанская акцыя – непазьбежны вынік таго, што сьвет стаўся іншым. Кожны дыктатар, які кідае выклік міжнароднай супольнасьці, цяпер ведае, што ягоны выклік будзе прыняты, – лічыць сп. Вячорка.

XS
SM
MD
LG