Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 сьнежня 1998 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Беларускі Гельсынскі Камітэт распаўсюдзіў сёньня заяву, у якой выказвае пратэст супраць зьдзеку над людзьмі, што знаходзяцца пад вартай да суду. Гутарка, у прыватнасьці, ідзе пра стан здароўя і тыя ўмовы, у якіх утрымваецца Васіль Старавойтаў.

«У бабруйскім сьледчым ізалятары, дзе цяпер трымаюць былога старшыню калгасу «Расьсьвет, няма ўмоваў для рэгулярнага мэдычнага нагляду за Старавойтавым і аказаньня яму дапамогі ў выпадку пагаршэньня здароўя», – адзначаецца ў заяве. Васіля Старавойтава трымаюць у сырой камэры і штодня перавозяць у жалезным халодным фургоне з Бабруйску ў Кіраўск і назад на адлегласьць 80 кілямэтраў. Згодна з мэдычным заключэньнем, у Старавойтава выяўлены шэраг паважных захворваньняў, а ўжо ў турме ён перанес два інсульты.

Як сьцьвярджаюць актывісты Беларускага Гельсынскага Камітэту, абвастрэньне ўсіх гэтых хваробаў можа прывесьці да сьмерці Васіля Старавойтава. Тое, што Старавойтаву пагражае сьмерць, пацьвердзіў у сваім заключэньні і намесьнік дырэктара Навукова-Дасьледнага Інстытуту Нэўралёгіі прафэсар Шалькевіч.

Старшыня Гельсынскага Камітэту Тацяна Процька лічыць, што трымаючы Старавойтава ў невыносных умовах улады проста хочуць даканаць гэтага чалавека яшчэ да заканчэньня судовага працэсу. Гаворыць Тацяна Процька:

(Процька:) «Судзяць ня проста старшыню, чалавека, хоць і старога чалавека і хворага. Фактычна справа Старавойтава – гэта суд над чалавекам, які ўзяўся за цяжкую справу рэфармаваньня калгаснай сыстэмы. Таму, калі мы гаворым пра справу Старавойтава, мы гаворым ня толькі пра бесчалавечнае стаўленьне да старога 75-гадовага чалавека. Мы гаворым пра тое, што так жорстка судзяць спробы рэфармаваньня нашай калгаснай сыстэмы. Таму Гельсынскі Камітэт бачыць у гэтым ня толькі парушэньне правоў асобнага чалавека, але і ў пэрспэктыве працяглае парушэньне правоў значнай часткі насельніцтва Беларусі».

Беларускі Гельсынскі Камітэт патрабуе ад уладаў стварыць нармальныя ўмовы для судовага разбору, не рабіць ніякага ціску на ўдзельнікаў працэсу і гарантаваць поўнае й аб'ектыўнае расьсьледаваньне справы. Паводле некаторых зьвестак, падобныя заявы зьбіраюцца прыняць і іншыя праваабарончыя арганізацыі краіны. Яны будуць агучаныя на бліжэйшым судовым паседжаньні ў Кіраўску ў прысутнасьці прадстаўнікоў міжнароднага праваабарончага руху. Паводле словаў Тацяны Процькі, Гельсынскі Камітэт будзе пастаянна інфармаваць беларускую й замежную грамадзкасьць пра ход судовага працэсу над Старавойтавым.

XS
SM
MD
LG