Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 сьнежня 1998 г.


Юры Дракахруст, Менск

Учора «палата прадстаўнікоў» прыняла новы Закон аб выбарах у мясцовыя саветы. На прапанову прэзыдэнта ў закон было ўнесенае абмежаваньне, у адпаведнасьці зь якім асобы, якія атрымалі адміністрацыйнае пакараньне праз суд, ня маюць права вылучацца ў дэпутаты. Выбары ў мясцовыя саветы павінны адбыцца ўвесну будучага году.

Раней – да прыняцьця закону – розныя партыі Беларусі выказвалі розныя меркаваньні наконт таго, ці варта браць удзел у гэтых выбарах. Ці зьмяніліся пазыцыі партыяў цяпер, пасьля прыняцьця закону? На гэтае пытаньне нашага карэспандэнта адказваюць прадстаўнікі кіраўніцтваў Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі, Сацыял-Дэмакратычнай Партыі «Народная Грамада» і Народнага Фронту.

Паводле словаў намесьніка старшыні АГП Аляксандра Дабравольскага, сам па сабе новы Закон аб выбарах прынцыпова не паўплывае на пазыцыю партыі ў пытаньні ўдзелу ў выбарах:

(Дабравольскі:) «Справа ў тым, што прыняцьце ці непрыняцьце новага Закону аб выбарах у мясцовыя саветы – гэта не галоўная праблема. Галоўная праблема – гэта тая, што цяпер няма легітымнай заканадаўчай улады, і які б – нават самы лепшы – закон ні прымаўся, ён будзе нелегітымны і будуць праблемы з далейшай легітымнасьцю тых органаў улады, якія будуць абраныя. Улада зрабіла ўсё, каб паказаць свой страх перад выбарамі, перад тым, што могуць прайсьці дэмакратычныя кандыдаты.

Цяпер вельмі цяжка чакаць, што будуць легітымныя й нармальныя выбарчыя камісіі, справядлівае галасаваньне, таму што ўлада зрабіла ўсё, каб былі пазбаўленыя магчымасьці кантролю тыя арганізацыі, якія ў гэтым зацікаўленыя. Ну і тое, што зроблена апошнім, характарызуе ўсё, што ўлада думае пра выбары – тое, што яна баіцца.

Было прынята рашэньне, што тыя людзі, якія былі прыцягнутыя ня толькі да крымінальнай, але й да адміністрацыйнай адказнасьці, ня маюць права вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты. А гэта азначае, што фактычна ўся апазыцыя, якая пратэставала супраць дыктатуры, супраць парушэньня законаў і якая за гэта была пакараная ці штрафамі, ці суткамі – якімсьці чынам, такім чынам была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасьці, будзе пазбаўленая магчымасьці ўдзелу ў выбарах. Застанецца ўлада ці тыя людзі, якія ніяк сябе не праяўлялі. І ў гэтым сэнсе выбары ўжо цяпер, калі яны будуць адбывацца паводле гэтага закону, нельга будзе прызнаць дэмакратычнымі й справядлівымі.

Я думаю, што нядаўна прынятая супольная заява дэмакратычных партыяў, якія ўваходзяць у Кансультацыйную Раду, характарызуе іх пазыцыю. Я нагадаю, што гэтая заява сьведчыць аб пазыцыі партыяў, што яны за выбары, за справядлівыя й дэмакратычныя, але партыі вельмі так рэзка паставілі пытаньне, што павінны быць легітымныя выбарчыя законы, легітымныя ворганы дзяржаўнага кіраваньня, якія праводзяць выбары – гэта значыць Цэнтральная Выбарчая Камісія і рэгіянальныя выбарчыя камісіі, павінны быць створаныя ўмовы доступу да сродкаў масавай інфармацыі, сустрэчаў з грамадзянамі і г.д.

Тое, што зараз адбылося – гэта ня толькі ня крок насустрач, а наадварот – зроблена ўсё, каб гэтыя выбары былі недэмакратычныя. І ў гэтым сэнсе намаганьні місіі АБСЭ сьведчаць: нічога ня зроблена, што прапаноўвала АБСЭ. Жаданьне супрацоўнічаць з уладай дзеля таго, каб быў дэмакратычны выбарчы закон, прывяло да таго, што быў прыняты новы закон, але значна менш дэмакратычны, чым той, што быў. Гэта павінна зараз унесьці пэўныя карэктывы ў пазыцыю АБСЭ у адносінах да выбараў і да сёньняшняй беларускай дзяржаўнай улады».

А вось меркаваньне сябра Выканаўчага Бюро Сацыял-Дэмакратычнай Партыі «Народная Грамада» Анатоля Сідарэвіча:

(Сідарэвіч:) «Справа ў тым, што ўдзел у выбарчай кампаніі і ўдзел у выбарах – гэта два розныя працэсы, ці, як кажуць, дзьве часткі аднаго працэсу. У адной частцы можна ўдзельнічаць, а ў другой можна й ня ўдзельнічаць. Мы ўчора гэтую вестку ўжо мелі. Ну, натуральна, што каля двух дзясяткаў сяброў нашай партыі «адразаюцца» ад удзелу ў выбарах. У тым ліку дзейныя дэпутаты, скажам, Мечаслаў Іванавіч Грыб, дэпутат Пінскага гарадзкога савету Віктар Ярашук – лідэр тамтэйшай апазыцыі. Гэтыя ўсе людзі падвяргаліся адміністрацыйнаму пакараньню. Я не выключаю, што нейкая мера рэагаваньня будзе».

(Дракахруст:) Анатоль, скажыце калі ласка, ну вось той факт, што частка вашых сяброў ня зможа ўдзельнічаць у выбарах, больш таго – да таго часу, як яны пачнуцца ўвесну будучага году, яшчэ шэраг сяброў можа атрымаць адміністрацыйнае пакараньне – вось гэты факт, ці паўплывае гэта на рашэньне вашай партыі вылучаць кандыдатаў наогул?

(Сідарэвіч:) «Літаральна ўчора ў нашага сябра партыі Алеся Станкевіча – ужо звоняць у дзьверы й патрабуюць прыехаць у міліцыю за тое, што ён прысутнічаў на праваабарончым мітынгу, што ладзіўся на Кастрычніцкай плошчы. Такім чынам, можна прыдзірацца, і, канешне, я не магу казаць за партыю – якую пастанову прыме цэнтральны камітэт нашай партыі – але я думаю, што складваць, як кажуць, ручкі ня трэба. Усе магчымасьці трэба выкарыстоўваць».

(Дракахруст:) Анатоль, ці правільна я зразумеў Ваш адказ так, што нават вось гэтыя абставіны, што частка, магчыма, вашых сяброў ня зможа ўдзельнічаць, усё-ж такі, магчыма, не паўплывае на агульнае рашэньне партыі браць удзел у гэтых выбарах?

(Сідарэвіч:) «Я ня думаю, што паўплывае, але я паўтараю, што ў партыі да гэтага часу няма яснае пазыцыі, ці будзем браць удзел толькі ў выбарчай кампаніі – гэта прапаганда й агітацыя – і ў апошні момант здымаем кандыдатуры ў знак пратэсту супраць іх дзейнага выбарчага заканадаўства, ці будзем удзельнічаць у выбарчай кампаніі да канца», – сказаў адзін з кіраўнікоў БСДП«НГ» Анатоль Сідарэвіч.

Беларускі Народны Фронт разглядае новы Закон аб выбарах як дадатковы аргумэнт на карысьць сваёй ранейшай пазыцыі. Гэта заявіў у інтэрвію Радыё Свабода адзін з кіраўнікоў Фронту Барыс Гюнтэр:

(Гюнтэр:) «Учора «палатка прадстаўнікоў» прыняла Закон аб выбарах у мясцовыя саветы Рэспублікі Беларусь, дзе 33-ці артыкул гучыць прыкладна так: ня маюць права прымаць удзел у выбарах грамадзяне, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці. Значыць, практычна ўсе вядомыя палітыкі беларускай дзяржавы ня маюць права прымаць удзел у наступных выбарах у мясцовыя саветы. Гэта мы прадбачылі вельмі даўно. Мы дакладна ведалі, што Лукашэнка ніколі не дапусьціць да ўдзелу ў выбарах прадстаўнікоў апазыцыі. Гэта было ўчора абвешчана, прама кажучы. У сувязі з тым мы даўно заявілі, што ні ў якіх выбарах Беларускі Народны Фронт ня будзе ўдзельнічаць, бо ўлады, прыняўшы «канстытуцыю 1996 году», парушылі ўсё заканадаўства дзяржавы. Тым больш мы ня можам удзельнічаць у сувязі з тым, што закон гэты прыняты нелегітымнай «палатай прадстаўнікоў».

(Дракахруст:) Ваша пазыцыя не мяняецца?

(Гюнтэр:) «Наша пазыцыя тым больш узмацняецца. Сёньня й замежныя нашы сябры – як з усходу, так і з захаду – бачаць, што ні пра якія непасрэдныя нармальныя дэмакратычныя выбары ня можа быць ніякай гаворкі ў нашай дзяржаве».

(Дракахруст:) Барыс, скажыце калі ласка, вы будзеце ўдзельнічаць у нейкіх мерапрыемствах, зьвязаных з выбарамі – у назіраньні, у выкарыстаньні выбараў як сродку агітацыі?

(Гюнтэр:) «Не. У нас такога пытаньня не стаіць, бо мы дакладна ведаем: што захоча, тое й зробіць любая выбарчая камісія, якая будзе створаная адміністрацыяй прэзыдэнта. Таму гэта проста ня мае сэнсу. Складзецца пратакол, у якім будуць тыя вынікі, якія патрэбныя дзяржаве, і ня больш таго. Таму ўдзельнічаць у якасьці назіральнікаў проста ня мае сэнсу. Тым больш, што мы самі ня будзем удзельнічаць у гэтых выбарах»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG