Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 сьнежня 1998 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Першы дзень візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву быў прысьвечаны вырашэньню эканамічных праблемаў. Праблемы, якія спрабаваў вырашыць Лукашэнка, – добра вядомыя і ўздымаліся падчас беларуска-расейскіх перамоваў ня раз.

Зь Віктарам Гярашчанкам Лукашэнка спрабаваў дамовіцца, каб маскоўская Міжбанкаўская Валютная Біржа ўзнавіла гандаль беларускімі рублямі, а Цэнтральны Банк Расеі ўзнавіў вызначэньне афіцыйнага курсу беларускай валюты адносна расейскага рубля.

Зь Яўгенам Прымаковым Лукашэнка абмяркоўваў «вечную» праблему энэрганосьбітаў. Паводле пэўнай інфармацыі, Аляксандар Лукашэнка мусіў прызнаць, што Беларусь сёньня ня ў стане аплочваць расейскі газ ня толькі валютай, але й прадуктамі харчаваньня, бо, маўляў, пастаўкі прадуктаў у Расею не ў апошнюю чаргу прывялі да таварнага дэфіцыту ў самой Беларусі. Лукашэнка мусіў прасіць Прымакова, каб расейскі ўрад дамовіўся з канцэрнам «Газпрам» і ў чарговы раз адтэрмінаваў выплату запазычанасьці. Разам з тым Лукашэнка прасіў расейскі бок павялічыць пастаўкі газу ў наступным годзе. Тры тыдні таму з гэткай просьбай у Маскву прыяжджаў беларускі прэм'ер-міністар Сяргей Лінг, але тады кіраўнік «Газпраму» Рэм Вяхіраў адмовіўся павялічваць пастаўкі, патлумачыўшы гэта тым, што Беларусь і так вельмі дрэнна разьлічваецца за газ.

Пакуль што не вядома, ці ўдалося Аляксандру Лукашэнку зьмяніць пазыцыю расейскага боку. Маскоўскія назіральнікі ўпэўненыя ў тым, што расейскі ўрад павінен пайсьці насустрач Лукашэнку, бо нават эканамічны крызыс не зьмяніў стаўленьня Масквы да Беларусі. Вось што гаворыць на гэты конт Аляксандар Караганаў, намесьнік дырэктара Інстытуту Эўропы Расейскай Акадэміі Навук:

(Караганаў:) «У прынцыпе крызыс не адбіўся істотна, а мэты засталіся прыблізна тыя самыя, хоць, натуральна, пагаршэньне фінансава-эканамічнай сытуацыі адкладвае некаторыя мэты і зьмяншае магчымасьці Расеі аплочваць некаторыя патрэбы Беларусі. Часам мы гатовыя, натуральна, ісьці на тое, каб не патрабаваць гэтаксама жорстка, напрыклад, выплаты запазычанасьцяў за энэрганосьбіты, як зь іншых краінаў – проста таму, што мы маем асаблівыя палітычныя й эканамічныя дачыненьні. Беларусь – безумоўна адзіны ўпрывілеяваны партнэр для Расеі на тэрыторыі былога СССР».

На думку Аляксандра Караганава, асаблівыя дачыненьні зь Беларусьсю вымушаюць Расею заплюшчваць вочы на пэўныя дзеяньні беларускіх уладаў, якія не ўзгадняюцца з расейскім бокам – напрыклад, на практыку рээкспарту аўтамабіляў, што зьмяншае даходы расейскага бюджэту, ці на тое, што Беларусь праводзіць эканамічную палітыку, якая значна адрозьніваецца ад расейскай. Вось што гаворыць Аляксандар Караганаў:

(Караганаў:) «Натуральна, што мы не зьбіраемся аплочваць эканамічныя памылкі наагул каго б там ні было, у тым ліку й нашых прыяцеляў. Але ствараць для Беларусі да пэўнай ступені больш камфортныя ўмовы Расея гатовая».

Увогуле Аляксандар Караганаў вядомы як прыхільнік інтэграцыі зь Беларусьсю. Ён браў даволі актыўны ўдзел у распрацоўцы дамовы аб стварэньні расейска-беларускага саюзу ў 1997 годзе. Фактычна зьяўляючыся старшынём Рады зьнешняй і абароннай палітыкі пры прэзыдэнце Расеі, Аляксандар Караганаў быў адным з тых, хто фармуляваў афіцыйную пазыцыю Расеі ў дачыненьні да Беларусі. Гэтая пазыцыя блізкая і ўраду Прымакова. Згодна зь ёй, для захаваньня дачыненьняў з стратэгічным партнэрам можна заплюшчыць вочы ня толькі на эканамічную палітыку беларускіх уладаў, але й на ўнутрыпалітычныя праблемы. Вось што гаворыць на гэты конт Аляксандар Караганаў:

(Караганаў:) «Мы зацікаўленыя ў тым, каб правы чалавека ў Беларусі максымальна захоўваліся, але мы цудоўна разумеем, што ў найбольшай ступені мы зацікаўленыя ў стабільнасьці сытуацыі на нашых заходніх межах. І апрача ўсяго іншага я не лічу, што Расея можа некаму даваць прыклад асаблівага дэмакратычнага разьвіцьця. Натуральна, калі беларускае кіраўніцтва павядзе справу да таго, што рэжым станецца адыёзным і ў канчатковым выніку пачне падрываць унутраную стабільнасьць празьмерным перагінам – гэта будзе выклікаць у нас неспакой. Тым больш, што ўсе мы цудоўна ведаем, што Беларусь – далёка ня самая недэмакратычная дзяржава на тэрыторыі былога СССР, астатнія дзяржавы значна горшыя...»

Такая пазыцыя афіцыйных уладаў Расеі фармуе і прыязнае стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі. Заўтра прэзыдэнт Беларусі будзе мець сустрэчу з Барысам Ельцынам, каб яшчэ раз пацьвердзіць гэтую тэзу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG