Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 1998 г.


Юры Дракахруст, Менск

На просьбу нашага карэспандэнта новы Закон аб выбарах пракамэнтавалі былы судзьдзя Канстытуцыйнага Суду Міхась Пастухоў і старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

На думку сп. Пастухова, прынятае на прапанову прэзыдэнта рашэньне – мера антыканстытуцыйная. У інтэрвію для Радыё Свабода ён заявіў:

«Я лічу, што мэта прынятага законапалажэньня – не дапусьціць да ўдзелу ў выбарах існуючую апазыцыю. Вядома, што ў апошнія гады, велізарная колькасьць актывістаў апазыцыі была асуджаная судамі паводле артыкулу адміністрацыйнага кодэксу «аб парушэньні парадку правядзеньня масавых акцыяў». Сярод асуджаных, як вядома, амаль усе лідэры апазыцыі, кіраўнікі дэмакратычных партыяў. Зараз, паводле фармальнай прыкметы, усе яны будуць адлучаныя ад удзелу ў выбарах.

Звычайна ў сьвеце нават асобы, якія утрымліваюцца ў турме за крымінальныя злачынствы, маюць права быць абранымі ў ворганы ўлады. Нідзе гэтае права не абмяжоўваюць для асобаў, якія зьдзейсьнілі дробныя правапарушэньні, што падпадаюць пад юрысдыкцыю адміністрацыйнага кодэксу.

Прынятае на прапанову прэзыдэнта рашэньне відавочна супярэчыць нават самой прэзыдэнцкай Канстытуцыі 1996 году. У яе 64-м артыкуле гаворыцца: «у выбарах не бяруць удзел грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія ўтрымліваюцца ў месцах пазбаўленьня волі. У галасаваньні не бяруць удзел асобы, у адносінах да якіх у парадку, прадугледжаным крымінальна-працэсуальным кодэксам, абраная мера стрыманьня утрыманьне пад вартай. Любое прамое ці ўскоснае абмежаваньне выбарчых правоў грамадзянаў у іншых выпадках зьяўляецца недапушчальным і перасьледуецца паводле закону». Такім чынам, артыкул Канстытуцыі не дапускае падвойнага тлумачэньня.

Той, хто ўводзіць дадатковыя абмежаваньні да гэтай Канстытуцыі, зьяўляецца яе парушальнікам і ў адпаведнасьці з асноўным законам павінен перасьледавацца паводле закону. А у дадзеным выпадку гэта і прэзыдэнт, і дэпутаты «палаты прадстаўнікоў». Але падаецца, што для Аляксандра Лукашэнкі нават ягоная Канстытуцыя становіцца нікчэмнай паперкай, калі ўносяцца такія прапановы», – лічыць былы судзьдзя Канстытуцыйнага Суду Міхась Пастухоў.

Іншы погляд на праблему – у кіраўніка Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. На яе думку, ініцыятар унясеньня гэтай папраўкі клапаціўся аб тым, каб у ворганы ўлады трапілі лепшыя людзі, якія не дапускаюць ніякіх, нават дробных, правапарушэньняў. Сп-ня
Ярмошына адзначыла, што адміністрацыйны кодэкс утрымлівае артыкулы, якія вельмі блізкія да артыкулаў крымінальнага кодэксу. На яе думку, падобныя абмежаваньні йснуюць і ў іншых краінах. У якасьці прыкладу яна спаслалася на Ангельшчыну, дзе ў дэпутаты ня могуць вылучацца людзі, прызнаныя банкрутамі ці асуджаныя за махлярствы падчас выбараў.

Старшыня Цэнтрвыбаркаму нагадала, што засуджанасьць паводле адміністрацыйных справаў мае толькі гадавы тэрмін. У адпаведнасьці з артыкулам 38 кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, калі асоба, якая атрымала адміністрацыйнае пакараньне на працягу году, ня зьдейсьніла новага правапарушэньня, яна лічыцца нясуджанай. На пытаньне аб магчымасьці ўдзелу ў выбарах апазыцыянэраў Лідзія Ярмошына сказала, што калі на працягу году да пачатку выбараў яны не атрымаюць адміністрацыйных пакараньняў, будуць мець права вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты.

Урэшце рэшт я спытаўся ў кіраўніка Цэнтрвыбаркаму як прапанваная прэзыдэнтам папраўка стасуецца з артыкулам Канстытуцыі, дзе дакладна вылучана кола асобаў, пазбаўленых выбарчых правоў. Мая суразмоўца ў адказ спаслалася на артыкул 23 Канстытуцыі, дзе гаворыцца, што абмежаваньне свабод і правоў асобы дапускаюцца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі і грамадзкага парадку. «Трэба глядзець ня толькі на літару, але і на дух Канстытуцыі. Дзяржава мае права прымаць меры дзеля сваёй абароны», - лічыць сп-ня Ярмошына.

XS
SM
MD
LG