Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 1998 г.


Галіна Айзэнштат, Менск

20 хвілінаў спатрэбілася дэпутатам «палаты прадстаўнікоў», каб прыняць такі законапраект аб выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў, які ўжо да выбараў адсякае ўдзел у іх прадстаўнікоў апазыцыі.

Напярэдадні сёньняшняга абмеркаваньня законапраекту ў другім чытаньні Аляксандар Лукашэнка прыняў старшыню Цэнтарвыбаркаму Лідзію Ярмошыну. Справа ў тым, што дэпутаты «палаты» ўжо двойчы адхілялі законапраект. Адзін раз – у лістападзе, у першым чытаньні, другі раз – у мінулую пятніцу, у другім чытаньні.

Спрэчкі ўсчаліся з-за нормы яўкі выбаршчыкаў, пры якой выбары лічацца сапраўднымі. Дэпутаты настойвалі на тым, каб 50%-ная норма была напалову зьменшаная, бо ўдзел у выбарах лічыцца свабодным і неабавязковым – таму набраць 50% вельмі цяжка і выбары могуць адбывацца бясконца з-за нізкай яўкі выбаршчыкаў. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, спасылаючыся на думку Аляксандра Лукашэнкі, не пагадзілася з дэпутатамі – маўляў, толькі тая ўлада можа лічыць сябе сапраўды моцнай, якая мае падтрымку большасьці насельніцтва.

У мінулую пятніцу дэпутаты пагадзіліся зь 50%-най нормай яўкі выбаршчыкаў у першым туры, але адстойвалі 25%-ную ў другім. Канчатковае рашэньне што да спрэчнага артыкулу было адкладзенае на сёньня, 15 сьнежня. Таму й прыняў напярэдадні Аляксандар Лукашэнка старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну, каб выпрацаваць узгодненую пазыцыю на гэты конт, а дакладней – каб давесьці сваю. А яна ў тым, што ён пагадзіўся зьнізіць парог яўкі выбаршчыкаў у другім туры да 25%, але падкрэсьліў, што гэтая мера тычыцца толькі мясцовых выбараў, і ні ў якім выпадку не парлямэнцкіх або прэзыдэнцкіх.

Акрамя таго Аляксандар Лукашэнка застаўся незадаволены вынікамі галасаваньня аб 33-ім артыкуле законапраекту, у якім сказана, што «асобы раней суджаныя, засуджанасьць якіх ня зьнятая і не скасаваная ва ўсталяваным законам парадку, ня маюць права вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты». Прэзыдэнт запрапанаваў пашырыць гэтае абмежаваньне і на асобаў, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці праз суд. У выпадку калі яно ня будзе падтрыманае дэпутатамі, Лукашэнка ўвядзе яго сваім дэкрэтам. Але дарэмна прэзыдэнт папярэджваў сваіх прызначэнцаў – ніводзін зь іх нават і не падумаў запярэчыць уголас, хоць 7 чалавек і прагаласавалі супраць прапановы прэзыдэнта. Тут жа прынялі і ўвесь законапраект у цэлым.

Такім чынам, «заканадаўцы» ахвотна пагадзіліся з тым, каб на выбарах ні ў кога не было апанэнтаў з боку апазыцыі, бо менавіта яе прадстаўнікам шмат разоў прысуджаліся адміністрацыйныя пакараньні.

Для мясцовых выбараў гэта, можа, і ня мае асаблівага значэньня, бо мясцовыя саветы сёньня не адыгрываюць хоць якой-небудзь значнай ролі ў жыцьці грамадзтва, а вось на парлямэнцкія й прэзыдэнцкія зробіцца значны ўплыў, бо ўсюды будуць абраныя людзі, якіх пажадае бачыць цяперашняя ўлада. Тым больш, што ў Законе аб выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў захавалася палажэньне пра тое, што выбарчыя камісіі фармуюцца выканкамамі і што выканкамы прымаюць удзел пры падліку галасоў. Закон жа аб выбарах у мясцовыя саветы зьяўляецца часткай выбарчага кодэксу краіны, які цяпер дапрацоўваецца ў «цэнтры законапраектнай дзейнасьці пры адміністрацыі прэзыдэнта». Галоўнае патрабаваньне, якое вылучыў да яго прэзыдэнт, такое: выбары ўсіх узроўняў павінны прайсьці паводле адных правілаў. Паводле якіх – цяпер ужо вядома дакладна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG