Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сьнежня 1998 г.


Пераклад: Ягор Маёрчык

Лукашэнка працягвае свой курс, які прымушае людзей пакутаваць

Тацяна Шчэбет, карэспандэнт DPA ў Менску, 14 сьнежня 1998
.
Існуе толькі адзін кіраўнік дзяржавы ва Ўсходняй Эўропе, - піша DPA - які марыць аб аднаўленьні Савецкага Саюзу. Беларускі аўтарытарны лідэр Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўвае ўсю сваю ўладу для вяртаньня нацыі ў цяжкія часы мінулага.

Камандная эканоміка і дэспатычнае выкарыстаньне ўладных паўнамоцтваў прывяло краіну да дэфіцыту харчаваньня, як гэта было на пачатку 1990-х гадоў.

У сталіцы краіны Менску, а таксама ў Гомлі й Магілеве людзі павінны кожны дзень стаяць ў чэргах, каб набыць ежу. Інфляцыя ў краіне выйшла з-пад кантролю. Малако, мяса можна пабачыць толькі зрэдку. Беларусь павінна прадуктамі разьлічвацца за энэрганосьбіты, якія йдуць з Расеі.

«Кошты растуць як шалёныя. Мяне непакоіць надыход кожнага наступнага дня, бо ня ведаю, як я заўтра змагу накарміць сваіх дзяцей», - гаворыць Валянціна Чарнова, 43-гадовая гаспадыня зь Менску. Яе муж 44-гадовы бізнэсовец Уладзімер асуджае палітыку ўладаў вельмі адкрыта: «Лукашэнка вядзе краіну ў бездань. Я пачну пратэставаць, калі Лукашэнка будзе працягваць уладарыць так і далей».

У Беларусі йснуе шмат прычынаў для крызысу. Лукашэнкаўскія ідэі аб дзяржаўным кантролі над эканомікай і канфрантацыйны курс у дачыненьнях з Захадам прывялі краіну да мяжы бедзтва.

Ужо доўгі час Міжнародны Валютны Фонд і Сусьветны Банк трымаюцца на вялікай адлегласьці ў рэалізацыі сваіх праграмаў крэдытаваньня. Нават Масква непрыхільна глядзіць на дзеяньні Лукашэнкі.

Выжываньне на Беларусі прымушае ўладу йсьці на хітрыкі, каб адолець перашкоды. «Кошты, якія зьмяняліся без маёй згоды, будуць вернутыя назад", - заявіў Лукашэнка падчас інтэрвію тэлэбачаньню. Але прадпрыемствы, якія вырабляюць прадукты харчаваньня, не жадаюць гандляваць імі паводле коштаў, якія усталёўвае дзяржава.

Прэзыдэнт уважліва сочыць за цэнамі на курыныя яйкі, якія цяпер каштуюць каля 200 000 рублёў на менскім рынку. Але нават з такім коштам яны доўга на паліцах не ляжаць.

Усе прадпрыемствы, што вырабляюць прадукты харчаваньня, спрабуюць вывезьці іх кантрабандаю па-за межы Беларусі для продажу ў краінах Балтыі, Расеі або ў іншых дзяржавах.

Не так даўно беларускія памежнікі затрымалі мужчыну, які спрабаваў правезьці праз беларуска-польскую мяжу 10 літраў сьмятаны ў багажніку сваёй машыны. Памежнікі забралі сьмятану, а разам зь ёй і машыну.

У выніку расейскага эканамічнага крызысу курс беларускае валюты зьнізіўся, аднак у адрозьненьне ад Расеі і Ўкраіны гэты працэс працягваецца й цяпер.

Адзін даляр каштуе 240 000 беларускіх рублёў на чорным рынку, тым часам як афіцыйны курс складае 70 000. Банкі ня могуць гандляваць валютай. Дзяржава працягвае проста друкаваць грошы. І ніхто зараз ня ведае, колькі іх знаходзіцца на руках у насельніцтва.

На пачатку сьнежня Лукашэнка зрабіў кадравыя зьмены ў сваім кабінэце, пасьля чаго некалькі міністраў страцілі свае пасады, а кіраўнік Міністэрства Замежных Справаў увогуле быў звольнены.

Афіцыйны тэрмін знаходжаньня Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта Беларусі сканчаецца налета, але новыя выбары былі б для улады непажаданымі.

XS
SM
MD
LG