Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сьнежня 1998 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

У нядзелю пасьля 10-суткавага арышту выйшаў на волю зь ізалятара часовага ўтрыманьня гомельскі праваабаронца Яўген Мурашка. Міліцыянты выпусьцілі сп. Мурашку на 2 гадзіны раней, чым было аб'яўлена. Зроблена гэта дзеля таго, каб у прызначаны час яго не сустрэлі сябры й паплечнікі.

Аслабленага й схуднелага за 10 дзён галадоўкі ў ізалятары Яўгена Мурашку абагрэлі выпадковыя людзі з гаражнага каапэратыву №20, што якраз насупраць ізалятара. Тут сп. Мурашка і дачакаўся ўсіх тых, хто прыехаў яго сустракаць і адвезьці дамоў на аўтамашыне. У цёплай будцы спагадлівага вартаўніка гаражнага каапэратыву Віталя Клімава мы пагутарылі зь Яўгенам Мурашкам.

Натуральна, першае пытаньне – як пачувае ён сябе пасьля галадоўкі, ці хопіць сілаў для далейшага змаганьня?

(Мурашка:) Вядома ж, сілы ёсьць. У мяне яшчэ сілаў на траіх.

Аптымізму нядаўнага вязьня, немаладога ўжо чалавека, што ўпершыню трымаў галадоўку, можна толькі зьдзіўляцца. Ён наважаны ўжо ў бліжэйшы час зрабіць заяву ў аддзел абласной міліцэйскай управы па нагляду за адбыцьцём пакараньня ў турмах і ізалятарах аб грубасьці ахоўнікаў, жахлівых умовах утрыманьня, аб беспадстаўных паборах з грамадзянаў.

На руках у Яўгена Мурашкі ёсьць даведка, што за яго ўтрыманьне і, як сказана, харчаваньне жонка Галіна Арцёменка заплаціла 700 000 рублёў. Але, як ужо сказана, Яўген Мурашка галадаў. Навошта ж тады браць грошы за яго харчаваньне, якога насамрэч не было?

Былы вязень наважаны высьветліць, чаму пракуратура Цэнтральнага раёну не адказала на працягу 10 дзён на яго заяву аб галадоўцы ў знак пратэсту супраць рашэньня судзьдзі Марыны Дамненка аб арышце за продаж плякату з надпісам: «Злачынная тая дзяржава, якая парушае правы сваіх грамадзянаў».

Пацікавімся ў сп. Мурашкі: ці наважаны ён пасьля такога ўціску прасіць палітычнага прытулку дзе-небудзь за мяжой?

(Мурашка:) Вядома, самы кароткі й слушны шлях – гэта зьехаць. Але дзе тая краіна, якая нас чакае? Ёсьць яшчэ й сілы змагацца тут. Калі ўсе магчымасьці будуць вычарпаныя, тады, мусіць, і трэба будзе прасіць палітычнага прытулку дзе-небудзь за мяжой.

Дарэчы, на думку сп. Мурашкі, гэта было б лепей і для двух сірот, якіх ён разам з жонкай Галінай Арцёменка ўзяў на выхаваньне. «Жонка, – дапаўняе Яўген Мурашка, – мой надзейны тыл. Яна аднадумца, мяне падтрымлівае, і мы яшчэ тут пазмагаемся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG