Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 1998 г.


Валянціна Аксак, Менск

«Дэмакратычныя сілы Беларусі ня могуць не разумець, што змаганьне за мову – гэта змаганьне за нашу свабоду. Менавіта мова і, як вынік, нацыянальная самасьвядомасьць могуць змабілізаваць народ і яго духоўныя сілы дзеля стваральнае працы. І толькі сьвядомы народ можа пабудаваць нармальную дзяржаўнасьць з эфэктыўнаю эканомікай.» Гэта – цытата з звароту да ўсіх дэмакратычных сілаў, які прыняла Рэспубліканская Рада Таварыства Беларускай Мовы на сваім паседжаньні 11 сьнежня.

«Мы ня можам стаяць убаку ад цынічнага зьнішчэньня сёньняшнімі ўладамі Беларусі нацыянальных каштоўнасьцяў, найперш – беларускай мовы. Мова робіцца катэгорыяй палітычнай, і наступ на яе невыпадковы. Такое ўжо было ў Расейскай Імпэрыі і ў сталінскія часы ў СССР. Мэты гэтых дзеяньняў відавочныя – асыміляцыя беларускага этнасу і пазбаўленьне яго пэрспэктывы мець сваю сапраўды сувэрэнную дэмакратычную дзяржаву».

Такі зварот, прыняты Рэспубліканскай Радаю Таварыства Бельарускай Мовы, невыпадковы. На палітычную арэну дэмакратычнага руху ў Беларусі апошнім часам выйшлі сілы, якія ў сваёй чыннасьці карыстаюцца моваю іншае краіны. Усе арыгіналы дакумэнтаў, якія зыходзяць, прыкладам, з «Хартыі-97», напісаныя па-расейску ці па-ангельску, і пытаньне – якую краіну прадстаўляюць падобныя рухі й сілы – цалкам заканамерна пастаўленае актывістамі роднае мовы.

Зварот ТБМ да ўсіх дэмакратычных сілаў з заклікам жыць моваю краіны, дзеля якой яны працуюць, надзвычай надзённы: «Таварыства Беларускай Мовы зьвяртаецца да ўсіх дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, да ўсіх грамадзянаў Беларусі з заклікам. Нашым абавязкам павінна стаць змаганьне ня толькі за сацыяльныя й палітычныя правы, але й за нацыянальнае разьняволеньне. Выратаваньне роднай мовы – наша маральная й грамадзянская задача. Быць палітыкам у дзяржаве, ня ведаючы мовы тытульнай нацыі й не карыстаючыся ёю – нонсэнс. Да кіраўніцтва дзяржаваю павінна прыйсьці нацыянальна сьведамая эліта».

Сярод пытаньняў, якія разгледзела Рада, надзвычай надзённым выглядае і абмеркаваньне газэты ТБМ «Наша Слова». Як вядома, страціўшы мажлівасьці выданьня сваёй газэты ў Менску, год таму Рада ТБМ даручыла выдаваць яе ў Лідзе тамтэйшаму актывісту Станіславу Судніку. За год сп. Суднік пасьпяхова справіўся зь цяжкасьцямі арганізацыйнага кшталту ды наладзіў рэгулярнае выданьне газэты, якая штомесяц павялічвае колькасьць сваіх падпісчыкаў ды чытачоў. За гэта Рада выказала сп. Судніку падзяку, гэткім чынам адзначыўшы завяршэньне станаўленчага этапу выданьня, пасьля якога паўстаюць якасныя патрабаваньні.

«Усялякая іншая газэта можа дазволіць сабе моўныя памылкі, але толькі ня ворган ТБМ. Газэта «Наша Слова» ня мае права на памылкі». Да гэтае катэгарычнае высновы вядомага мовазнаўцы Вінцука Вячоркі далучыліся ці ня ўсе прысутныя на Радзе. Аднак па выказанай ім прапанове зьвярнуцца хоць бы ў выбраных публікацыях да клясычнага, званага «тарашкевіцаю», правапісу такога аднадумства на Радзе не было.

Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч у сваім выступе нагадаў чаму ў свой час узначальваная ім дзяржаўная камісія па ўнармаваньні правапісу не прыняла рашэньня вярнуцца да тарашкевіцы: «Трэба спачатку ўратаваць мову, а потым яе рэфармаваць», – сказаў сп. Гілевіч. І яшчэ па адной пазыцыі выказаўся ён адназначна. Яна датычыць інфармацыі Вінцука Вячоркі пра канфэрэнцыю па ўнармаваньні клясычнага правапісу, якая ў мінулыя выхадныя дні адбылася ў Празе. «Пытаньні правапісу павінны вырашацца ня ў Празе, ня ў Лёндане і не ў Нью-Ёрку, а ў Менску, як гэта некалі было ў 1926 годзе», – заявіў Ніл Гілевіч.

Гэткая ж адмоўная была ягоная рэакцыя і на прапанову Людмілы Майсені частку матэрыялаў у «Нашым Слове» падаваць лацінкаю. Згаданыя прапановы не ўвайшлі ў выніковую пастанову Рады. Яна разгледзела таксама арганізацыйныя пытаньні. У адпаведнасьці з Статутам было прынятае рашэньне распачаць у пярвічных структурах таварыства справаздачную кампанію ды падрыхтоўку да чарговага VI-га зьезду ТБМ. Вызначаны час ягонага правядзеньня – другая палова красавіка 1999 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG