Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 12 сьнежня 1998 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Целы пяці з шасьці забітых на Смаленшчыне ўначы зь нядзелі на панядзелак прадпрымальнікаў у пятніцу былі прывезеныя ў Горадню. Толькі Вадзіма Табакова, у якога засталося двое дзяцей: 4- і 9-гадовае, жонка павезла хаваць у горад Ульянаўск у Расеі, адкуль ён родам. Паводле дадзеных прафсаюзу прадпрымальнікаў, Аляксандра Ката, маладога хлопца, які жыў у інтэрнаце, пахавалі яшчэ ў пятніцу ў Скідалі.

У суботу на могілках у Горадні адбылося пахаваньне Іосіфа Бялугі, шафёра, і Тацяны Катынавай, адзінай сярод забітых жанчыны. Яны прыблізна аднолькавага веку: 49-ці і 48-мі гадоў. 21-гадовага Івана Мішкеля павезьлі хаваць у мястэчка Лунна Мастоўскага раёну, а Андрэя Пархоўскага павінны былі пахаваць у Гарадзенскім раёне. Яму дарэчы належаў аўтобус «мэрсэдэс», на якім яны ехалі ў Маскву.

У Горадні створаная апэратыўная група для расьсьледаваньня гэтага забойства. У горад прыбылі два расейскія сьледчыя – з Масквы й Смаленску. Вэрсія пра тое, што забойцы ехалі сьледам за ахвярамі зь беларускай тэрыторыі, аднак, ня мае падставаў, паколькі на расейскай мяжы пасьля перасячэньня яе мэрсэдэсам а 1 гадзіне ночы і да меркаванага часу забойства больш машын зафіксавана не было. Пра гэта паведаміў расейскі сьледчы. Вядома, што забойцы спачатку зьдзекаваліся з ахвяраў. Целы акрамя аднаго ўсцяж сколатыя нажом. Потым іх дабівалі куляй у лоб, патыліцу або скроню. І нашы і смаленскія сьледчыя прызнаюць, што гэтак па-садысцку забітых людзей ім бачыць не даводзілася.

У суботу Горадню напаткала сапраўдная зіма. Сьнегам замяло ўсе вуліцы й ходнікі. Зь цяжкасьцю можна было прайсьці й праехаць. Паўсюль размаўлялі толькі пра гэтае жудаснае забойства. Сваякі Івана Мішкеля зьвярнуліся ў ЖЭС і папрасілі, каб прыслалі тэхніку і расчысьцілі пад'езд да дому, але расчышчаць давялося ягоным сябрам. Я пабываў там. У Івана 17 студзеня мелася адбыцца вясельле, і яго хавалі зь белым бантам на пінжаку – як жаніха. Разьвітацца зь ім прыйшла ягоная нявеста Каця. У Івана, дарэчы, было 8 ранаў ад нажа і адна ад кулі. Ягонай маці зрабілася млосна, і прыяжджала хуткая дапамога. Ехаць у Маскву яму прапанавалі напарнікам шафёра. Зарабіць на гэтым ён мог 25 даляраў. Меншы брат у яго хворы на поліміеліт, бацька пэнсіянэр. Разьвітацца зь Іванам сабралося трыста чалавек – пераважна моладзь. Цяжка было ўявіць сабе, як катафалк з труною скрозь такія сумёты й замятуху даедзе да няблізкага Лунна. Але спачатку нябожчыка павінны былі адпець у царкве.

Я пабываў таксама ў сям'і Іосіфа Бялугі. Выказаць сваё спачуваньне прыйшоў туды і старшыня гарсавету Фёдар Гудзей. Удава Надзея Бялуга зьяўляецца дэпутатам гарадзкога савету. Вынас цела затрымаўся, бо прыехалі сьледчыя каб зьняць у забітага адбіткі пальцаў. Давялося паразмаўляць зь сябрамі нябожчыка – шафёрамі. Яны сказалі, што у мэрсэдэсе была рацыя, настроеная на хвалі, якімі карыстаюцца шафёры ЦІР-аў, таму ў выпадку небясьпекі яны маглі з кім-небудзь зьвязацца. Падазрона таксама тое, што мікрааўтобус спыніўся глыбокай ноччу ў бязьлюдным месцы, паколькі звычайна яны нават ядуць у дарозе. Якраз у салёне былі знойдзеныя рэшткі ежы. Мэтай злачынства было відавочна абрабаваньне, але паводле адной з вэрсіяў, сума грошай, якую везьлі з сабой гарадзенцы, была невялікая. У паловы зь іх грошай практычна не было. Гэта магло разьюшыць забойцаў. Ускосныя дадзеныя паказваюць на тое, што яны нібыта шукалі менавіта схаваныя грошы. Двое з забітых праўдападобна спрабавалі аказаць супраціў.

З прычыны такога крывавага забойства прафсаюз прадпрымальнікаў рынку «Паўднёвы» падаў заяўку, каб правесьці 28 сьнежня мітынг. Яго мэта – прыцягнуць увагу ўладаў да праблемы бясьпекі беларускіх грамадзянаў, якія трапляюць на тэрыторыю Расеі.

І вось яшчэ пра што хацелася б сказаць: сёлета ў Расеі быў забіты шафёр польскага аўтафургону, і такіх выпадкаў набралося некалькі. Польскія ўлады, а таксама амбасада ў Маскве, зьвярнуліся да сваіх грамадзянаў, якія накіроўваюцца па справах у Расею, каб яны былі вельмі асьцярожныя, зважаючы на небясьпечную, крымінагенную сытуацыю у гэтай краіне, у прыватнасьці на дарогах. У тэлебачаньні была зачытаная інструкцыя: паасобку ня езьдзіць, аўтатрэйлерам пажадана рухацца толькі па некалькі, не спыняцца ў бязьлюдных месцах, а тым больш уначы.

Цікава, ці выкажуць заклапочанасьць пра сваіх грамадзянаў, якія накіроўваюцца ў Расею, афіцыйныя беларускія улады?

XS
SM
MD
LG