Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 1998 г.


Васіль Быкаў

Камэнтар дня

На 80-я ўгодкі з дня нараджэньня Аляксандра Салжаніцына

Шаную Аляксандра Салжаніцына найперш за тое, што ён у былой савецкай літаратуры гэтак адкрыта й самааддана выступіў супраць камуністычнага таталітарызму і тым самым захапіў розум і сэрцы мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце. Ягоныя аповесьці й раманы, асабліва «Архіпэляг ГУЛАГ», перад усім сьветам паказалі чаго вартая ідэя камунізму і яе ўвасабленьне ў краіне Саветаў. Ягоная грамадзянская пазыцыя змагара супраць гвалту, якая ў тых умовах здавалася слабой і бездапаможнай, паколькі належала аднаму чалавеку, урэшце перамагла сыстэму і дала надзею мільёнам. У гэтым сэнсе яго можна параўнаць зь легендарнымі постацямі мінулага, якія назаўсёды ўвайшлі ў сьвядомасьць чалавецтва. Вядома, Салжаніцын шырэйшы за сваю літаратурную творчасьць: ён не зьмяшчаецца толькі ў літаратурныя рамкі. Салжаніцын – апостал дабра й справядлівасьці, да якога заўсёды імкнуцца людзі. Менавіта ў тым былыя ўладары Саюзу і ўбачылі небясьпеку рэжыму і зьдзейсьнілі гвалт над творцаю. І, так ці інакш, гэтаму гвалту падверглі іншых, над кім была іх улада. А таталітарная ўлада, як вядома, шырыцца на мільёны, бо яна пазбаўленая маральных і этычных нормаў, яна бязьмежная ў сваім гвалце і сваёй хлусьні. Я маю на ўвазе тыя выступы гэтак званых "прадстаўнікоў савецкай інтэлігенцыі", што ў той час друкаваліся ў «Правде» і здабываліся спосабам гвалту й фальсыфікацыі. Я асабіста заўсёды зь вялікай пашанай ставіўся да кожнага слова вялікага мастака, паважаю яго грамадзянскую пазыцыю, яго прынцыповы антыкамунізм, а таксама й ягоны патрыятызм, на які мае права кожны грамадзянін кожнай Богам створанай на Зямлі краіны. І ў гэты радасны дзень шчыра жадаю Дарагому Юбіляру найлепшага змагарнага здароўя і яшчэ доўгіх гадоў жыцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG