Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 1998 г.


Уладзімір Глод, Менск

Значная частка дэлегатаў на Кангрэс Дэмакратычных Сілаў Беларусі, які адбудзецца напрыканцы студзеня 1999 году, будуць абраныя на рэгіянальных канфэрэнцыях. Іхнае правядзеньне прызначанае на студзень. Такое рашэньне было прынятае на паседжаньні аргкамітэту Кангрэсу, якое адбылося 11 сьнежня.

На думку старшыні сакратарыяту Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі Ўладзімера Анцулевіча, на сёньняшні дзень найбольш складаным этапам падрыхтоўкі Форуму зьяўляецца правядзеньне рэгіянальных канфэрэнцыяў. Тут патрабуецца шмат працы. Гэта і збор удзельнікаў канфэрэнцыі, і пошук нармальных памяшканьняў, і шмат яшчэ чаго іншага. Таму пасьля інфармацыі сп. Анцулевіча аргкамітэт Кангрэсу вырашыў, па-першае, замацаваць за кожным рэгіёнам сяброў арганізацыйнага камітэту і сакратарыяту і прызначыць правядзеньне канфэрэнцыяў з 5 па 12 студзеня будучага году. Удзельнікі паседжаньня аргкамітэту абмеркавалі і праекты некаторых дакумэнтаў, якія ўжо пасьпелі падрыхтаваць. У прыватнасьці, гэта агульная плятформа Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў, рэзалюцыя аб палітычным становішчы ў Беларусі, рэзалюцыя аб дыскрымінацыі беларускай мовы й культуры ды іншыя. У агульнай плятформе ў прыватнасьці падкрэсьліваецца падтрымка намеру дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня, правесьці 9 лютага чарговую сэсію для прызначэньня тэрміну правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. Для гэтага будуць арганізаваныя розныя акцыі салідарнасьці з дэпутатамі. Вызначана і пазыцыя ў адносінах з прафсаюзамі. Паколькі Кангрэс Дэмакратычных Сілаў падтрымлівае справядлівае патрабаваньне прафсаюзаў аб павышэшньні рэальнай заработнай платы і пэнсіяў, ён бярэ на сябе абавязак дапамагаць у правядзеньні акцыяў пратэсту супраць галечы, уключаючы акцыі салідарнасьці па абароне правоў працоўных. Кангрэс бярэ на сябе абавязак падтрымліваць незалежную прэсу і выкарыстоўваць усе магчымасьці для абароны журналістаў і іхных сродкаў масавай інфармацыі ад рэпрэсіўных дзеяньняў уладаў. Гэтае ды іншыя палажэньні агульнай плятформы, якую распрацавалі кіраўнікі «Хартыі-97» будуць папярэдне абмеркаваныя прадстаўнікамі партыяў і ўжо затым прапанаваныя удзельнікам Кангрэсу.

XS
SM
MD
LG