Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сьнежня 1998 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Нацыянальны Банк Беларусі прыняў важнае рашэньне для суб'ектаў гаспадараньня краіны. Ад учорашняга дня беларускія экспартэры й імпартэры ў сваіх гаспадарчых справах мусяць карыстацца новым валютным курсам.

Ад 9 сьнежня галоўная банкаўская ўстанова краіны пачала каціроўку двух валютных курсаў — так званага "афіцыйнага" і курсу Нацыянальнага Банку Рэспублікі Беларусі. Першы зь іх у спэцыялістаў фінансавай справы ня выклікаў ніякай цікавасьці – афіцыйны курс існуе ў Беларусі не адзін месяц і нават год і, нагадаю, адметны тым, што значна завышае валютны кошт беларускага рубля. Цяпер, напрыклад, амэрыканскі даляр паводле гэтага курсу роўны крыху болей чымсьці 90 000 рублёў. Як лічаць экспэрты, на самой справе кошт даляра сёньня на беларускім рынку прынамсі ўтрая вышэйшы.

Безумоўна, гэтая неадпаведнасьць не магла не адбіцца на рэальным сэктары нацыянальнай эканомікі. У апошнія тыдні, паводле інфармацыі гаспадарнікаў, многія айчынныя прадпрыемствы фактычна ўваччу пачалі ператварацца ў фінансавых банкрутаў, асабліва тыя суб'екты гаспадараньня, што шырока ўжываюць экспартна-імпартныя апэрацыі і тым самым маюць справу з валютай.

Заняпад рэальнага сэктару эканомікі такім чынам прымусіў улады перагледзець сваю валютную палітыку. Так нарадзіўся новы валютны курс для суб'ектаў гаспадараньня, які атрымаў назоў «адмысловага курсу» Нацыянальнага Банку РБ. У першы й другі дзень з моманту ўвядзеньня гэты эканамічны парамэтар каманда Пятра Пракаповіча ўсталявала на ўзроўні 220 000 беларускіх рублёў за даляр. Зразумела, што такі паказчык абменнага курсу паміж рублём і далярам значна бліжэйшы да сапраўднага значэньня, чымсьці паказчык афіцыйнага курсу.

Вось як пракамэнтаваў для нашага радыё новаўвядзеньне Нацыянальнага Банку доктар эканамічных навук, старшыня Эканамічнай рады Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандар Калтуненка:

(Калтуненка:) Тое, што сёньня прынятае рашэньне ў справе паказаньня валюты ў бухгальтарскай справаздачнасьці паводле курсу для экспартэраў – гэта безумоўна слушнае рашэньне з гледзішча нармалізацыі гаспадарчай дзейнасьці суб'ектаў гаспадараньня. Таму што ва ўмовах фармаваньня сабекошту прадукцыі прадпрыемстваў паводле ранейшага афіцыйнага курсу гэты сабекошт заніжаўся, і наадварот – штучна завышалася рэнтабэльнасьць вытворчасьці. У выніку эканоміка беларускіх прадпрыемстваў-экспартэраў набывала дэфармаваны выгляд. Тое, што прадпрыемствы будуць адлюстроўваць у сабекошце заробленую валюту паводле больш-менш рэальнага курсу – хоць 200 000 рублёў за даляр таксама нерэальны курс, бо ім даводзіцца сёньня закупляць валюту паводле курсу 360 000 за даляр – не закране цяперашніх цэнаў у краіне.

Тым часам у асяродзьдзі беларускіх эканамістаў і гаспадарнікаў ёсьць і іншая думка. Яны мяркуюць, што цяперашняе новаўвядзеньне Нацыянальнага Банку можа сур'ёзна скрануць цэны на тавары беларускіх прадпрыемстваў у бок завышэньня. Пры гэтым павышэньне цэнаў сутыкнецца зь нізкай пакупной здольнасьцю насельніцтва краіны. У выніку прадпрыемствы вымушаныя будуць працаваць на склад.

Што датычыць уладаў, дык на думку назіральнікаў яны наўрад ці разумеюць што робяць. Сёньняшні хаос у эканоміцы ўнёс у іх шэрагі разгубленасьць, і той самы Нацыянальны Банк ня ведае – якой валютнай палітыкі прытрымвацца. Аляксандар Лукашэнка патрабуе ад Пятра Пракаповіча нізкага валютнага курсу абмену, айчынныя экспартэры – высокага. У суб'ектаў гаспадараньня, што працуюць выключна на ўнутраным рынку краіны – трэцяе меркаваньне. Місія Міжнароднага Валютнага Фонду, што знаходзіцца цяпер у Менску, таксама прапануе свае рэцэпты аздараўленьня фінансавых справаў Беларусі. У выніку шмат якія рашэньні Нацбанку апошняга часу, як зазначаюць экспэрты, прымаліся без упэўненасьці аўтараў у іх правільнасьці. Сёньня выходзіць у сьвет адзін дакумэнт, заўтра – другі і зусім супрацьлеглага зьместу. Таму нельга выключаць, што цяперашняе новаўвядзеньне Нацбанку ўжо бліжэйшым часам ня будзе ануляванае альбо радыкальным чынам зьмененае.

XS
SM
MD
LG