Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 10 сьнежня 1998 г.


Уладзімер Глод, Менск

З надзвычай добрым настроем пакідала Вільню дэлегацыя Вярхоўнага Савету Беларусі ХIII скліканьня, якая правяла афіцыйныя сустрэчы з сваімі калегамі з Соймў Літвы. Парлямэнтарыі дзьвюх краінаў дамовіліся аб далейшым супрацоўніцтве.

Дэлегацыя Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь XIII скліканьня, у якую ўваходзілі Сямён Шарэцкі, Генадзь Карпенка, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Ніцьсюк, Алена Скрыган, Станіслаў Шушкевіч, знаходзілася з аднадзённым візытам у Літве на афіцыйнае запрашэньне старшыні парлямэнту суседняе дзяржавы Вітаўтаса Ландсбэргіса. Вынік перамоваў надзвычай спрыяльны для беларусаў. Іхныя калегі паабяцалі й далей падтрымліваць легальны заканадаўчы орган Беларусі.

Дарэчы, нашая дэлегацыя на пачатку перамоваў зь сябрамі Камітэту міжнародных справаў Сойму падзякавала ім за пастаянную падтрымку ў Радзе Эўропы, Арганізацыі Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе ды іншых арганізацыях. Іхныя калегі запэўнілі, што такая падтрымка будзе й надалей, хоць у апошні час міжнародныя арганізацыі, як паведамілі парлямэнтарыі Літвы, літаральна закідваюцца лістамі ад ураду й «Нацыянальнага сходу» Беларусі, у якіх сьцьвярджаецца, што ў Беларусі пачаўся працэс дэмакратызацыі.

Зразумела, што беларуская дэлегацыя была зьдзіўленая, калі пачула такую інфармацыю. Але яшчэ больш зьдзівіліся парлямэнтарыі зь Літвы. Яны спачатку як жарт успрынялі паведамленьне Станіслава Шушкевіча пра тое, што яму, а таксама яшчэ двум сьпікерам Мячэславу Грыбу й Сямёну Шарэцкаму не індэксуюць памеры пэнсіяў. А калі гаспадары пераканаліся, што гэта ня жарт, іх зьдзіўленьню не было мяжы.

Паводле словаў Алены Скрыган, яна была надзвычай задаволеная візытам, паколькі па ягоных выніках яна ўбачыла пэрспэктыву далейшае дзейнасьці Вярхоўнага Савету XIII скліканьня. Яна яшчэ раз пераканалася, як важна дзейнічаць у рамках закону, як неабходна ўзважваць і пралічваць кожны крок. У гэтай сувязі сп-ня Скрыган паведаміла, што падчас перамоваў абмяркоўвалася магчымасьць удзелу дэпутатаў Сойму Літвы ў якасьці назіральнікаў на прэзыдэнцкіх і мясцовых выбарах у Беларусі. І калі ў справе прэзыдэнцкіх выбараў пытаньня не ўзьнікала, дык прыезд назіральнікаў на выбары ў мясцовыя саветы можа быць і непажаданы.

Чаму? Ды таму, што дэпутатаў мясцовага ўзроўню будуць абіраць паводле новага закону, які прымае «нацыянальны сход». Таму ўздзел у выбарах замежных назіральнікаў можна будзе разглядаць як ускоснае прызнаньне легітымнасьці «нацыянальнага сходу», а значыць і так званага лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году. Так што тут ёсьць над чым паламаць галаву.

Цікавы эпізод з паездкі распавёў Генадзь Карпенка. Ён патэлефанаваў у беларускую амбасаду ў Вільні і папрасіў, каб яго злучылі з новым амбасадарам Уладзімерам Гаркуном. Сакратарка паабяцала гэта зрабіць, але пасьля працяглае паўзы паведаміла, што Гаркуна ўжо няма ў будынку, маўляў. ён паехаў на нейкую прэсавую канфэрэнцыю. Калі Карпенка распавёў пра гэта падчас перамоваў зь Вітаўтасам Ландсбэргісам, кіраўнік Сойму Літвы засьмяяўся й сказаў: думаю, што ваш амбасадар цяпер сапраўды заняты, хутчэй за ўсё ён ужо піша ноту пратэсту.

Учора позна ўвечары беларуская дэлегацыя вярнулася зь Вільні. У сталіцы Літвы застаўся толькі старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі. Ён прыняў запрашэньне беларускае дыяспары ў Вільні і застаўся на адзін дзень у сталіцы Літвы, каб абмеркаваць справы і паглядзець, як жыве беларуская дыяспара ў суседняй дзяржаве.

XS
SM
MD
LG