Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сьнежня 1998 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня адначасова ў Менску, Брусэлі й Вене апублікаваная супольная заява Міністэрства Замежных Справаў Беларусі й кіраўніцтва Эўрапейскага Саюзу аб урэгуляваньні сытуацыі, што склалася вакол комплексу Дразды. Гэтая заява была распаўсюджаная раніцай на брыфінгу ў беларускім МЗС. Брыфінг упершыню на новай пасадзе правёў міністар замежных справаў Беларусі Урал Латыпаў.

У заяве, якую падпісалі намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Уладзімер Герасімовіч і афіцыйны прадстаўнік ЭС, дарадца міністра замежных справаў Нямеччыны Дытмар Штудэман у прыватнасьці гаворыцца, што з мэтай палітычнага вырашэньня сытуацыі Беларусь будзе імкнуцца да падпісаньня "доўгатэрміновых пагадненьняў аб засяленьні кіраўнікамі дыпляматычных прадстаўніцтваў новых рэзыдэнцыяў у адпаведнасьці з палажэньнямі Венскае канвэнцыі аб дыпляматычных зносінах".

Зацікаўленыя прадстаўніцтвы, гаворыцца далей у дакумэнце, будуць з свайго боку імкнуцца да больш хуткага заключэньня неабходных дамоваў аб новых рэзыдэнцыях. Як толькі гэтыя прадстаўніцтвы зоймуць свае часовыя альбо пастаянныя рэзыдэнцыі ў Беларусі, "кіраўнікі прадстаўніцтваў пасьля адпаведнага ўзгадненьня ў рамках ЭС вернуцца ў Менск". Аднак пры гэтым амбасадары краінаў Эўрасаюзу павінны вызваліць свае рэзыдэнцыі на тэрыторыі комплексу Дразды на працягу месяца.

Найбольш важным зьяўляецца пункт 4 заявы. Згодна з гэтым пунктам, у адпаведнасьці з палажэньнямі Венскае канвэнцыі аб недатыкальнасьці рэзыдэнцыяў амбасадараў, яны будуць мець шырокі доступ у свае рэзыдэнцыі ў Драздах. Пэрсанал амбасадаў таксама будзе мець доступ у Дразды, але кожны раз яны павінны паведамляць аб сваім намеры ў МЗС Беларусі не пазьней як за 24 гадзіны.

Нагадаем, што раней усе спробы супрацоўнікаў замежных амбасадаў наведаць свае рэзыдэнцыі ў Драздах хоць бы на працягу некалькіх хвілінаў сустракалі адмову з боку ўладаў. Гэта тлумачылася патрабаваньнямі бясьпекі рэзыдэнцыі прэзыдэнта Лукашэнкі. Цяпер у выпадку ўрэгуляваньня канфлікту, беларускі бок абявязваецаа выплаціць кампэнсацыю замежным прадстаўніцтвам. Памер капмэнсацыі будзе вызначаны цягам двухбаковых перамоваў, якія пачнуцца адразу пасьля пераезду рэзыдэнцыяў з комплексу Дразды.

Паводле заявы, дзяржавы, чые дыпляматычныя рэзыдэнцыі знаходзяцца на тэрыторыі комплексу Дразды, калі яны не ўваходзяць у склад Эўрасаюзу, могуць таксама далучыцца да згаданых дамоўленасьцяў. Варта адзначыць, што на абнародaваньні гэтага дакумэнту адначасова ў Менску, Брусэлі й Вене настойваў менавіта прадстаўнік Эўрасаюзу.

Урал Латыпаў на сёньняшнім брыфінгу назваў супольную заяву вынікам добрай волі, праяўленай з абодвух бакоў. "Мы вельмі спадзяемся, – сказаў ён, – на хуткае вяртаньне амбасадараў у Беларусь." Амбасадар ФРГ сп. Вінкельман і Францыі сп. Фасье, паводле словаў міністра замежных справаў Беларусі, – "нашы добрыя сябры". калі вернуцца амбасадары – гэта, паводле Латыпава, яны будуць вырашаць самі. Ён ня выключыў, што рашэньне краінаў Эўрасаюзу будзе прымацца супольна. Што датычыць пазыцыі ЗША адносна рэзыдэнцыі свайго амбасадара ў Драздах, дык тут перамовы працягваюцца асобна. І, паводле словаў Латыпава, ён не хацеў бы пакуль іх камэнтаваць.

Латыпаў адмовіўся таксама гаварыць пра кадравыя пытаньні, пакуль не зацьверджана новая структура Міністэрства Замежных Справаў. Як вядома, у яго увайшлі, паводле прэзыдэнцкага ўказу, Міністэрства Зьнешнеэканамічных Сувязяў і Міністэрства па Справах СНД. Новы міністар даў зразумець аднак, што яго не задавальняе дзейнасьць многіх беларускіх амбасадараў за мяжой. На ягоную думку, структура амбасадаў Беларусі шмат у чым капіюе структуру амбасадаў былога СССР, што ў сучасных умовах малаэфэктэўна.

"Мы ня можам, – сказаў Латыпаў, – трымаць за мяжою людзей толькі для чытаньня тамтэйшых газэтаў. Абмасады павінны актыўна праводзіць дзяржаўную палітыку. Разам з тым, – працягваў Урал Латыпаў, – МЗС павінна быць адкрытай установай". Міністэрства павінна быць адкрытае для ўсіх суб'ектаў гаспадараньня Беларусі. А кожны яе грамадзянін павінен мець магчымасьць паступіць на працу ў зьнешнепалітычнае ведамства на конкурснай падставе. І такія конкурсы, паабяцаў міністар, стануць абавязковай практыкай. Дарэчы, цягам брыфінгу Урал Латыпаў фактычна быў змушаны пацьвердзіць інфармацыю пра тое, што папярэднік на пасадзе міністра мае расейскае грамадзянства і што гэта ніяк не сумяшчаецца ні з Законам аб грамадзянстве ў Беларусі, ні з Законам аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь.

Урал Латыпаў прапанаваў забыць усе размовы нібыта аб тым, што МЗС праводзіць сваю ўласную палітыку. Паводле ягоных словаў, "толькі адзін чалавек мае мандат ад народу на правядзеньне ўнутранае й зьннешняе палітыкі – гэта прэзыдэнт. Знешняя палітыка вызначаецца прэзыдэнтам у тым ліку ў ягонай прадвыбарчай праграме". На думку Латыпава, з боку Беларусі сёньня няма ніякіх перашкодаў для разьвіцьця адносінаў ні з Эўрасаюзам, ні з Радай Эўропы.

У сувязі з 50-годзьдзем Дэклярацыі правоў чалавека, якое адзначаецца сёньня, Урал Латыпаў заявіў, што няма цяпер ніводнае краіны ў сьвеце, дзе яна, Дэклярацыя, выконвалася б на 100%. Галоўнае, сказаў міністар, што ў Беларусі няма масавых парушэньняў правоў чалавека.

XS
SM
MD
LG