Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сьнежня 1998 г.


Любоў Лунёва, Менск

У праваабарончы цэнтар «Вясна-96» і да сёньняшняга дня зьвяртаецца шмат людзей, якія пацярпелі ад уладаў за ўдзел у несанкцыянаваным праваабарончым мітынгу, прысьвечаным 50-ай гадавіне Дэклярацыі правоў чалавека, што адбыуўся 6 сьнежня.

Учора 9 сьнежня пасьля пікету, які ладзіў Свабодны прафсаюз каля Палаца Спорту, да непаўналетняга 16-гадовага Стася Карашчанкі ззаду падыйшлі людзі ў цывільным. Сказалі яму, што яны з крымінальнага вышуку, і пацягнулі Стася да машыны. Побач з хлопцам былі ягоныя сябры, іх таксама схапілі іншыя бамбізы, але потым, відаць, зьверыўшы іх з фотаздымкамі, сказалі, што «гэтых ня трэба», і адкінулі іх ад сябе. Стася Карашчанку пачалі біць, потым схапілі за каўнер і душылі яго. Ён паведаміў, што і ў Цэнтральным РАУСе, куды яго даставілі, таксама білі.

Пасьля напісаньня пратаколу Стася адпусьцілі. На хлопчыка было балюча глядзець: увесь твар быў моцна зьбіты, правае вока было апухлае, над левым – крывавая рана. Акрамя таго, Стась сказаў, што яго білі па сьпіне й па нырках. З Управы БНФ Стася адвезьлі ў шпіталь, там ён атрымаў неабходную мэдыцынскую дапамогу і накіраваньне на абсьледаваньне. Нават пасьля гэтага ў хлопчыка яшчэ трэсьліся рукі, ён ня мог да канца выйсьці з шокавага стану. Нагадаем, што гэта здарылася за некалькі гадзінаў да дня сьвяткаваньня падпісаньня Дэклярацыі правоў чалавека.

Трэба адзначыць, што ўлады зьмянілі тактыку: калі б год таму людзі пайшлі на несанкцыянаваны мітынг на Кастрычніцкую плошчу, яны б натыкнуліся на кардон спэцназу й АМОНу. Іх пачалі б зьбіваць і хапаць на вачах у журналістаў. Цяпер ёсьць загад – нікога не чапаць перад фота- і відэакамэрай. Чапаюць пасьля мерапрыемстваў. Калі журналісты сыходзяць – пачынаецца «хапун». Пачынаецца сапраўднае паляваньне, і яно працягваецца на доўгі тэрмін.

Людзей хапаюць нечакана, каб не маглі паведаміць пра сябе сваім родным і блізкім. «Вясна-96» сустракае ўсё болей перашкодаў, калі хоча даведацца пра месца знаходжаньня гэтых людзей. Міліцыянты ня толькі нахабна хлусяць, але й спэцыяльна распаўсюджваюць дэзінфармацыю. Калі прааналізаваць апошнія затрыманьні, то можна прыйсьці да высновы, што ўлады прыярытэт надаюць непаўналетнім, назіральнікам і людзям, якія раней не траплялі ў міліцэйскія пастарункі. Улады пачалі ўжываць новую тактыку барацьбы з апазыцыяй, поўным ходам ідзе падрыхтоўка да вясны 1999 году.

Што ж, кожная краіна й кожны чалавек сутракае дзень падпісаньня Дэклярацыі правоў чалавека па-свойму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG