Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сьнежня 1998 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня, калі ў сьвеце адзначаецца 50-годзьдзе Дэклярацыі правоў чалавека, у беларускіх турмах пакутуюць людзі, якія дамагаліся, каб у Беларусі дэкляраваныя правы чалавека сталі выконвацца ў рэальнасьці.

50-годзьдзе Дэклярацыі правоў чалавека адзначаецца сёньня, як і ва ўсім сьвеце, таксама і ў Беларусі. Між тым нямала беларускіх грамадзянаў сустракаюць гэты дзень у турмах, куды яны трапілі за тое, што змагаліся за волю й незалежнасьць, за дэмакратыю й правы чалавека.

Нагадаю, што ў менскім ізалятары на вуліцы Акрэсьціна ў 19-ай камэры вось ужо чатыры дні сядзяць намесьнік стўаршыні БНФ Юры Хадыка і кіраўнік праваахоўчай арганізацыі «Вясна-96» Алесь Бяляцкі, а недзе побач зь імі – дэпутат Валеры Шчукін.

Хадыку й Бяляцкага асудзілі на 10 сутак арышту за арганізацыю мітынгу ў абарону правоў чалавека, які прайшоў 6 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Разам з Хадыкам і Бяляцкім сядзелі ў адной камэры народафронтаўцы Алег Шагулін, Віктар Рабушка, Уладзімер Кішкурна і лідэр Сацыял-Дэмакратычнай Партыі «Народная Грамада» Мікола Статкевіч. Шагуліна, Рабушку й Кішкурну выпусьцілі з турмы ўчора, а сёньня раніцай выйшаў зь ізалятару на Акрэсьціна і Мікола Статкевіч.

Выйшаў, дарэчы, надзвычай стомлены, таму што мінулую ноч ня спаў, бо пакутаваў ад кашлю й высокай тэмпэратуры. «У камэры было задушна, пазаўчора я лёг бліжэй да акна і прастудзіўся», – распавёў мне сёньня Мікола Статкевіч. Паводле ягоных словаў, Юры Хадыка і Алесь Бяляцкі адчуваюць сябе нармальна, бо да турмы яны лепш падрыхтаваліся – прыхапілі з сабой цёплыя рэчы, як і належыць дасьведчаным людзям. І тое праўда.

Нагадаю, што Юры Хадыка сядзіць у ізалятары на Акрэсьціна ўжо другі раз, плюс два гады таму ён правёў два месяцы ў ізалятары на Валадарскага, дзе нават трымаў галодную галадоўку пратэсту. Статкевіч кажа, што Хадыка, параўноўваючы Валадарку з Акрэсьціна, аддае перавагу ізалятару на Валадарцы, бо там хоць выводзяць на прагулку. А вось вязьні ізалятара на Акрэсьціна вымушаныя ўвесь тэрмін пакараньня сядзець у каменным мяху, які для іх становіцца і спальняй, і сталоўкай і прыбіральняй, – шчыра патлумачыў Мікола Статкевіч. На яго думку, такія ўмовы створаныя на Акрэсьціна наўмысна – гэты ізалятар спэцыяльна рыхтаваўся для палітычных вязьняў.

«Улады разумеюць, што толькі фізычнымі выпрабаваньнямі палітычных вязьняў не запалохаеш. Вось і робіцца ўсё, каб павялічыць нашыя маральныя пакуты», – падвёў рысу Мікола Статкевіч. На разьвітаньне ён сказаў, што Хадыка й Бяляцкі не губляюць бадзёрасьці духу і перадаюць на волю прывітаньні ўсім родным і сябрам. Сустрэцца зь імі яны разьлічваюць праз шэсьць дзён.

Прывітаньні таксама дасылае з турмы на Акрэсьціна і дэпутат Валеры Шчукін. Яму сядзець яшчэ ажно 18 дзён, прычым дэпутат ня ўпэўнены, што пасьля заканчэньня гэтага тэрміну яго не напаткае новы прысуд. Пакуль Шчукін адбывае пакараньне, якое яму вызначыў судзьдзя Трубнікаў за ўдзел у шэсьці рабочых 5 лістапада. Але дэпутата ўжо чакае й судзьдзя Цэнтральнага суду Барысёнак, які зьбіраецца прыцягнуць яго да адказнасьці за ўдзел у мітынгу ў абарону правоў чалавека. Валеры Шчукін не выключае, што атрымае яшчэ 15 сутак і адзначыць Новы Год за кратамі. Дарэчы, мінулыя навагоднія сьвяты дэпутат ужо сустракаў у камэры. «Ніякія рэпрэсіі мяне ня спыняць. Я вольны чалавек і магу ўдзельнічаць у любых мітынгах. Я не саступлю ў барацьбе за мае правы», – сказаў Шчукін на апошнім судзе і паўтарае гэтыя словы ў сваім пасланьні на волю цяпер.

І яшчэ адна вестка з-за кратаў прыйшла сёньня ад Аляксея Шыдлоўскага, 19-гадовага маладафронтаўца, які ўжо амаль паўтара гады пакутуе ў турмах за тое, што пісаў на платах антыпрэзыдэнцкія лёзунгі. У сёньняшнім нумары «Народнай Волі» зьмешчаны чарговы ліст Шыдлоўскага, дасланы ў рэдакцыю зь менскай турмы на вуліцы Кальварыйскай. «Я ўпэўнены, што беларускі прэзыдэнт проста баіцца дэмакратычных выбараў выканаўчай улады. Ён разумее, што ў яго няма шанцаў атрымаць перамогу, бо ён прывёў краіну да руіны, а народ – да галечы», – сьцьвярджае Аляксей Шыдлоўскі і выказвае перакананьне, што барацьба за дэмакратыю ў Беларусі хутка дасьць плён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG