Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 10 сьнежня 1998 г.


Юрась Карманаў, Менск

50-ыя ўгодкі прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека ўсе праваабарончыя беларускія арганізацыі адзначылі пікетамі. І праваабарончы цэнтар «Вясна-96», і Беларускі Гэльсынскі Камітэт, і «Хартыя-96» патрабавалі спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі.

"У той час, як мы адзначаем 50-годьдзе прыняцьця Дэклярацыі правоў чалавека, мой брат сядзіць у турме. Таму я тут стаю", – заявіла на пікеце Праваабарончага цэнтру «Вясна-96» Ларыса Ліпарская, сястра Юрыя Хадыкі, які разам зь іншымі асуджанымі пасьля праваабарончае акцыі 6 сынежня адбывае 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Двухгадзінны пікет быў выстаўлены ў цэнтры Менску ля крамы ЦУМ. Акцыя праходзіла пад лёзунгам «Беларусь народжаная быць незалежнай». Арганізатар пікету Валянцін Стэфановіч заявіў:

(Стэфановіч:) Старшыня нашага праваабарончага цэнтру Алесь Бяляцкі знаходзіцца на Акрэсьціна і атрымаў 10 сутак. Такім чынам нашыя афіцыйныя ўлады адзначылі гэтае сьвята. Таму мы сёньня тут і хочам нагадаць людзям аб тым, што кожны павінен бараніць свае правы.

(Карманаў:) Вы трымаеце плякат: Сусветная дэклярацыя правоў чалавека і бот, які растоптвае гэтую Дэклярацыю.

(Стэфановіч:) На гэтым плякаце намаляваны бот, які пафарбаваны ў чырвоны й зялёны колеры. Колеры так званага нашага «дзяржаўнага сьцяга», які ў нас сёньня. Менавіта пад гэтым сьцягам парушаюцца правы чалавека і менавіта пад гэтым сьцягам зьявіліся першыя палітвязьні ў нашай краіне.

Палітвязьням быў прысьвечаны двухгадзінны пікет Беларускага Гэльсынскага Камітэту, выстаўлены ў той самы час за 100 мэтраў ад ЦУМу ля станцыі мэтро. Арганізатар Валер Костка заявіў, што:

(Костка:) Акцыя для прыцягненьня ўвагі, таму што ў Беларусі асноўныя правы й свабоды чалавека парушаюцца. І таму на нашых фотаздымках адлюстраваныя ўсе гэтыя факты зьбіцьця мірных дэманстрантаў падчас дазволеных мірных мітынгаў і гэтак далей.

На адным з фотаздымкаў зьбіцьця дэманстрантаў была зафіксаваная прэсавы сакратар Беларускага Гэльсынскага Камітэту Сьвятлана Курц, якая ўжо мае стаж палітычнае адсідкі:

(Курц:) Нашая краіна якраз уваходзіць у лік тых краінаў, дзе правы чалавека вельмі парушаюцца. Тое, што веды пра дэклярацыю пачалі распаўсюджвацца – гэта сьвята, а падстава для роздуму – напэўна таксама, таму што многія людзі ня хочуць ведаць Дэклярацыю. ня хочуць браць яе з нашых рук.

Пікет Беларускага Гэльсынскага Камітэту завершыўся а 17 гадзіне. У той самы час ля Трактарнага заводу завяршыўся трэці за сёньняшні дзень пікет «Хартыі-97». Першы пікет адбыўся зранку на вуліцы Магілеўскай. А 1 гадзіне дня «Хартыя-97» выставіла гадзінны пікет на скрыжаваньні вуліцаў Няміга й Гарадзкі Вал. Як заявіла арганізатарка Галіна Юрына:

(Юрына:) Мы раздаем бюлетэні «Хартыі-97», у якіх апісана тое, як парушаюцца правы чалавека ў Беларусі. Мы інфармуем людзей пра тое, што ў нас ёсьць палітвязьні. На жаль, давалі многія ня ведаюць нават пра гэта. І мы лічым сваім абавязкам данесьці да людзей, што людзей саджаюць за палітычныя погляды, за іншадумства.

А прэсавы сакратар «Хартыі-97» Алег Бебенін паведаміў нашаму радыё:

(Бебенін:) Сёньня каля беларускае амбасады ў Рызе праводзяць пікет латыскія студэнты. Яны выйшлі да амбасады зь лёзунгамі, дзе патрабуюць свабоды беларускім палівязьням і непрызнаньня рэжыму Лукашэнкі ў Эўропе.

Паводле словаў Алега Бебеніна, сёньня на факс грамадзкай прыёмнай адміністрацыі Лукашэнкі, а таксама ў Інтэрнэт пачалі паступаць звароты ад праваабарончых арганізацыяў сьвету з патрабаваньнем спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG