Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 09 сьнежня 1998 г.


Віталь Тарас, Менск

Прэзыдэнт Беларусі, выступаючы ў праграме ОРТ у аўторак мусіў уступіць у палеміку з экс-прэм'ерам Міхаілам Чыгіром. Адразу пасьля гэтага Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з калектывам Беларускага тэлебачаньня, перад якім паставіў задачу: дагнаць і перагнаць расейскія тэлеканалы.

Праграма тэлекампаніі «Від» «Тут і цяпер», у якой прыняў удзел Аляксандар Лукашэнка, была прымеркаваная да сёмай гадавіны ўтварэньня СНД. Вядучы праграмы Аляксандар Любімаў адразу нагадаў, што ягоны візаві заўсёды быў і застаецца галоўным крытыкам Белавескіх пагадненьняў і што яго даўно ўжо ўспрымаюць як аднаго з рэальных прэтэндэнтаў на пост прэзыдэнта Расеі. Пры гэтым, паводле словаў журналіста, адны ўспрымаюць гэта з надзеяй, іншыя з жахам.

Дарэчы, Аляксандар Лукашэнка й Аляксандар Любімаў сустрэліся як старыя знаёмыя. Многія яшчэ памятаюць тэлэшоў Любімава «Чырвоны квадрат», якое запісвалася ў Менску з удзелам прэзыдэнта Беларусі й некаторых ягоных палітычных апанэнтаў. Пры гэтым маскоўскі журналіст не хаваў перад гледачамі сваёй прыхільнасьці да галоўнага героя праграмы.

У жніўні мінулага году менавіта Аляксандар Любімаў, які тады выконваў абавязкі дырэктара грамадзка-палітычных праграмаў ОРТ, прыклаў максымум намаганьняў, каб згладзіць канфлікт у сувязі з арыштам загадчыка менскага бюро ОРТ Паўла Шарамета, а потым і яшчэ адной здымачнай групы з Масквы. Нагадаем, што грамадзкае расейскае тэлебачаньне спачатку цалкам адмежавалася ад дзеяньняў сваіх калегаў зь Беларусі, а затым, пасьля пакаяльнага ліста карэспандэнта кампаніі Аляксандра Адамчука, Любімаў прыехаў у Менск разам са сьпікерам Дзярждумы Генадзем Селязнёвым і пасьля асабістай сустрэчы з прэзыдэнтам Беларусі вывез спэцрэйсам у Маскву трох маскоўскіх журналістаў.

Шарамет і Завадзкі заставаліся ў турме, іх не ўдалося вызваліць нават тагачаснаму міністру замежных справаў Расеі Прымакову, які займаўся гэтай справай на асабістае даручэньне прэзідэнта Ельцына. Цікава, што чарговае зьяўленьне Аляксандра Лукашэнкі ў расейскім тэлеэфіры супала з уручэньнем Паўлу Шарамету прэміі міжнароднага Камітэту абароны журналістаў, пра што паведаміла ў той самы вечар інфармацыйная праграма ОРТ «Время».

Праўда, Аляксандар Любімаў ужо ня мае дачыненьня да кіраўніцтва грамадзкім расейскім тэлэбачаньнем. Відавочцы сьведчаць, што перад пачаткам жывога эфіру прэзыдэнт Лукашэнка, які знаходзіўся ў студыі беларускага тэлебачаньня, і вядучы тэлепраграмы «Тут і цяпер» у Маскве абмяняліся некалькімі рэплікамі. Любімаў, у прыватнасьці, паскардзіўся на цяжкі фінансавы стан, у якім апынуліся цяпер расейскія тэлеканалы і ў прыватнасьці кампанія «Від», на што Лукашэнка, нібыта жартам, прапанаваў гэтую тэлекампанію купіць.

Зь цягам праграмы Лукашэнку чакаў сюрпрыз: магчымасьць задаць пытаньне па тэлефоне была дадзеная былому прэм'ер-міністру Беларусі Міхаілу Чыгіру. Ён запытаўся, калі, паводле словаў прэзыдэнта, беларуская эканоміка пасьпяхова разьвіваецца, дык чаму з 1996 году сярэдні памер пэнсіяў у валютным вымярэньні скараціўся на 20 даляраў, зарплаты на 50 даляраў і што, нарэшце, сталася з валютнымі рэзэрвамі Нацбанку, якія складалі раней 200 мільёнаў даляраў. Гэтыя пытаньні Аляксандар Лукашэнка назваў надуманымі і заявіў, што валютныя рэзэрвы Нацбанку засталіся, маўляў, роўна такімі, як і некалькі гадоў таму пры Чыгіры. Названыя ім лічбы прэзыдэнт не абверг, але сказаў, што валютнае вымярэньне зарплатаў і пэнсіяў паводле курсу "чорнага" рынку не адпавядае рэальнаму курсу беларускага рубля альбо ягонай пакупной здольнасьці. Лукашэнка дадаў таксама, што лічыць цяперашні курс расейскага рубля спэкуляцыйным і нават гатовы назваць тых, хто канкрэтна нажыўся на жьнівеньскім фінансавым крызысе ў Расеі ды абвале расейскага рубля, але для доказаў гэтага, сказаў ён, спатрэбілася б асобная перадача. На пытаньне, дзе ўмовы жыцьця сёньня лепшыя - у Беларусі ці ў Расеі, Лукашэнка не адказаў, але заявіў, што, на ягоную думку, рускія ў Беларусі жывуць лепш, чым рускія ў Расеі.

Беларускае тэлебачаньне прысьвяціла выступу прэзыдэнта ў расейскім эфіры асобны рэпартаж у праграме «Панарама», праўда, не паказаўшы ніводнага фрагмэнту зь перадачы «Тут і цяпер». Было паведамлена, што прэзыдэнт адразу па яе завяршэньні запрасіў кіраўніцтва й журналістаў БТ на размову, якая зацягнулася да ночы. Напярэдадні ў інтэрвію «Панараме» Аляксандар Лукашэнка ўхваліў працу журналістаў Белтэлерадыё і даў зразумець, што не зьбіраецца рабіць ніякіх кадравых перастановак. Але пры гэтым, паводле ягоных словаў, калектыў не павінен спачываць на лаўрах, трэба рэзка прыбавіць і дагнаць па сваім узроўні пяць расейскіх тэлеканалаў. За кошт якіх рэзэрваў гэта можна зрабіць - прэзыдэнт не ўдакладняў, але быў згаданы другі нацыянальны канал беларускага тэлебачаньня, які, на ягоную думку, паспрыяе канкурэнцыі й якасьці вяшчаньня. Дарэчы вядома, што кіраўніцтва Беларусі вырашыла аддаць другой праграме эфірны час за кошт аднаго з расейскіх каналаў. Найбольш верагодна, што гэта будзе канал, на якім цяпер вяшчае ОРТ.

XS
SM
MD
LG