Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 сьнежня 1998 г.


Міхал Стэльмах, Менск

Выканкам Саюзу Беларусі й Расеі незалежна ад асобы кіраўніка гэтай структуры надалей выяўляе няздольнасьць уплываць на справу інтэграцыі дзьвюх дзяржаваў.

Калі на чале выканаўчага выканкамітэту стаяў Віктар Чарнамырдзін, праграма №1 інтэграцыі – пабудова беларускага аўтамабіля на расейскім рухавіку – неаднойчы зьвяртала на сябе ўвагу скандальнымі ўзаемадачыненьнямі МАЗу й Яраслаўскага маторнага заводу. Буксавала згаданая праграма і пры наступным старшыні выканкаму — Сяргеі Кірыенку. Працягваецца традыцыя скандалаў у гэтым пытаньні беларуска-расейскага супрацоўніцтва і пры цяперашнім лідэры выканаўчага воргану Саюзу — Яўгене Прымакове.

На галоўным канвэеры Менскага аўтамабільнага заводу сёньня зноў быў дзень вымушанага прастою. Як паведаміў нашаму радыё кіраўнік цэнтру грамадзкіх сувязяў МАЗу Валянцін Лобан, зборачная вытворчасьць ня будзе працаваць і заўтра. Прычына спыненьня, паводле ягоных словаў, нязьменная: Яраслаўскі маторны завод у чарговы раз парушыў дамоўленасьць зь беларускім партнэрам у справе паставак у Менск сваёй прадукцыі.

(Лобан:) Абяцаньні й разьлікі гучаць адтуль пастаянна. Яны ніколі не гавораць, што не дамо рухавікоў альбо ня будзем іх пастаўляць. Наадварот кажуць, што дамо, што супрацоўніцтва зь Беларусьсю – прыярытэт у іх дзейнасьці, але на практыцы ўсё гэта не выконваецца. Яны кажуць, што да канца году ўсё, што мы вінныя вам, паставім. Канец году хутка, але мы ўжо з-за іх дзён сямнаццаць прастаялі, і калі ўлічыць той факт, што МАЗ за дзень у сярэднім зьбірае 55 аўтамабіляў, то вытворчыя страты нашага прадпрыемства ў колькасным выглядзе адчувальныя.

Так пракамэнтаваў Валянцін Лобан стан цяперашніх дачыненьняў Менскага аўтамабільнага і Яраслаўскага маторнага заводаў. Як бачым, з моманту абнаўленьня кіруючага складу выканаўчага выканкамітэту Беларуска-Расейскага Саюзу прыход у яго такіх расейцаў, як Яўген Прымакоў ды Вадзім Густаў, сытуацыя на МАЗе ў лепшы бок не зьмянілася: захаваньне ранейшае хваробы супрацоўніцтва – хранічнае арытміі паставак рухавікоў зь Яраслаўля – лепш за любыя словы сьведчыць пра няздольнасьць і новага выканкаму рэальна, на ўзроўні прадпрыемстваў, уплываць на эканамічную інтэграцыю ў Саюзе.

Дарэчы, назіральнікі лічаць, што менавіта адсутнасьць станоўчых зрухаў у справе рэалізацыі праграмы дызэльнага машынабудаваньня спрычынілася да таго, што за 2 дні знаходжаньня ў Менску ў першага віцэ-прэм'ера расейскага ўраду Вадзіма Густава не знайшлося часу, каб наведаць МАЗ. Трэба меркаваць, расейскаму госцю давялося б шмат пафантазіяваць, каб растлумачыць беларускім рабочым, чаму ідэя інтэграцыі не дапамагае ім зарабляць на хлеб, вядзе да рэгулярных прастояў аўтазаводу. Між тым на пачатку лістапада спадар Густаў падчас парлямэнцкага сходу Беларусі й Расеі наведваў Яраслаўскі маторны завод, дзе ўжо расейскім рабочым шмат прыгожых словаў казаў пра хуткі плён супрацоўніцтва з МАЗам. Яраслаўскі візыт высокай урадавай асобы з Масквы аднак меў нізкі эфэкт, бо ў хуткім часе маторабудаўнікі наладзілі страйк.

Сёньняшні прастой галоўнага канвэеру МАЗу як раз і зьяўляецца наступствам яраслаўскіх страйкаў, што з зайздроснай рэгулярнасьцю паўтараюцца сёлета на расейскім прадпрыемстве. Як зазначыў кіраўнік цэнтру грамадзкіх сувязяў МАЗу Валянцін Лобан, працаўнікі аўтазаводу ўжо настолькі звыкліся зь інфармацыяй пра вытворчы хаос у расейскіх партнэраў, што на новыя зьвесткі пра нездаровы сацыяльна-эканамічны клімат у дзелавых партнэраў не зьвяртаюць ніякай увагі.

Расейскія рабочыя патрабуюць ад сваіх кіраўнікоў выплаты заробкаў, якіх яны ня бачылі ўжо шмат месяцаў, але пры чым тут мы – задаюць справядлівае пытаньне беларускія аўтамабілебудаўнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG