Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 сьнежня 1998 г.


Уладзімер Глод, Менск

Статус афіцыйнага атрымаў візыт у Літву дэлегацыі Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня.

З самай раніцы 9 сьнежня дэлегацыя Вярхоўнага Савету на чале зь Сямёнам Шарэцкім накіравалася ў Вільню.

Напярэдадні сьпікер легітымнага беларускага парлямэнту ў гутарцы з карэспандэнтам Радыё Свабода асабліва падкрэсьліў, што гэтаму візыту надаецца статус афіцыйнага. «Нас будуць прымаць як прадстаўнікоў адзінага легітымнага вышэйшага заканадаўчага воргану Беларусі», - сказаў сп. Шарэцкі. І гэта сапраўды было менавіта так.

Калі ў сераду па абедзе я зьвязаўся па тэлефоне з Ларэтай Закаравічэне – прэсавым аташэ кіраўніка Сойму Літвы – яна пацьвердзіла той факт, што беларуская дэлегацыя прымалася як афіцыйная дэлегацыя суседняй дзяржавы. Паводле словаў прэсавага аташэ, сустрэча прайшла надзвычай цёпла. Хоць і сп. Ландсбэргіс і іншыя асобы, якія ўдзельнічалі ў гутарцы – сярод іх была й сп-ня Закаравічэне – ведалі пра становішча ў Беларусі, яны ўсё ж не ўяўлялі сабе, што тут асабліва ў пытаньнях правоў чалавека і мас-мэдыя існуюць такія страшэнныя парушэньні. Таму гаспадары так зацікаўлена слухалі ўсіх сяброў дэлегацыі – Шарэцкага й Шушкевіча, Карпенку й Скрыган, Нісьцюка й Лябедзьку.

Асабліва важнай для кіраўніка Сойму, як распавяла ягоная прэсавая аташэ, была інфармацыя пра намер Вярхоўнага Савету прызначыць і правесьці ў будучым годзе новыя прэзыдэнцкія выбары. Паколькі Сямён Шарэцкі адзначыў, што на выбары мяркуецца запрасіць міжнародных назіральнікаў, абмяркоўвалася й магчымасьць прыезду ў Беларусь назіральнікаў зь Літвы.

Падчас сустрэчы ўздымаліся й іншыя практычныя пытаньні. У прыватнасьці – аб стварэньні дзьвюх парлямэнцкіх групаў з складу дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня і дэпутатаў Сойму Літвы ў вышэйшых заканадаўчых ворганах дзьвюх краінаў. Яны будуць пастаянна кантактаваць і супрацоўнічаць. Вітаўтас Ландсбэргіс вельмі станоўча паставіўся да гэтай ідэі. Цяпер, паводле ягоных словаў, яе трэба абмеркаваць з усімі фракцыямі Сойму і затым прыняць адпаведную пастанову.

І яшчэ адно практычнае пытаньне абмяркоўвалася падчас размоваў – аб удзеле дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня ў якасьці гасьцей у працы польска-літоўскай парлямэнцкай асамблеі. У склад гэтай асамблеі ўваходзяць дэпутацкія групы зь ліку сяброў Соймаў Польшчы й Літвы. Яны зьбіраюцца на супольныя сэсіі два разы на год – увосень і ўвесну. З боку сп. Ландсбэргіса гэтая просьба выклікала станоўчую рэакцыю.

Да сустрэчы з кіраўніком парлямэнту Літвы дэпутаты зь Беларусі мелі гутарку ў Камітэце Правоў Чалавека Літоўскага Сойму. У праграме былі й іншыя цікавыя сустрэчы, таму скончыўся візыт позна ўвечары.

XS
SM
MD
LG