Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 сьнежня 1998 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ў Кіраўску Магілеўскай вобласьці з-за хваробы Васіля Старавойтава быў часова спынены судовы працэс над ім і яшчэ двума былымі кіраўнікамі Акцыянэрнага таварыства «Расьсьвет». Дактары прызналі Старавойтава хворым, і судзьдзя Чмара вырашыла адкласьці працэс да яго выздараўленьня. Разам з тым судзьдзя адхіліла просьбу адвакатаў Старавойтава выпусьціць яго з турмы для лячэньня ў цывільным шпіталі. Адвакаты лічаць, што хвароба Старавойтава стала вынікам негуманнага й наўмысна жорсткага абыходжаньня зь ім у Бабруйскім сьледчым ізалятары.

Яшчэ 30 лістапада, у першы дзень працэсу над Васілём Старавойтавым, адвакаты папярэджвалі, што здароўе іх падабароннага вельмі слабое і ён можа ня вытрымаць штодзённых перавозак з бабруйскае турмы ў Кіраўскі суд і назад. Адвакаты дамагаліся зьмены меры стрыманьня Васіля Старавойтва на падпіску аб нявыезьдзе, даказваючы суду, што стары чалавек нікуды не ўцячэ, а будзе паслухмяна прыяжджаць з дому на працэс, калі гэта дазволіць здароўе. «Жорсткае абыходжаньне з нашым падабаронным прывядзе да таго, што працэс будзе сарваны, а ісьціна застанецца нявысьветленая, у чым не зацікаўлены ні суд, ні абвінавачаныя,» - казалі адвакаты. На жаль, іх несуцяшальны прагноз пачынае збывацца.

Сёньня судзьдзя Надзея Чмара была вымушаная часова перапыніць працэс і абьвясьціць перапынак да выздараўленьня Васіля Старавойтава. Цікава, што хворага чалавека, якога кашаль не адпускае ні на хвіліну, з раніцы усё ж прывезьлі ў суд і пасадзілі ў жалезную клетку. Але, і пабачыўшы на свае вочы, у якім стане знаходзіцца Старавойтаў, судзьдзя Чмара не адмовілася ад пэўных фармальнасьцяў: яна загадала доктару, супрацоўніку Міністэрства Ўнутраных Справаў, агледзець Старавойтава і, толькі атрымаўшы пацьверджаньне, што падсудны сапраўды хворы на бранхіт, абьвесьціла перапынак.

Тым часам абарона Старавойтава заявіла новае хадайніцтва аб зьмене меры ўтрыманьня для яго на падпіску аб нявыезьдзе. Адвакаты згадалі, што яшчэ ў Менску іх падабароннага аглядала спэцыяльная камісія лекараў, прызначаная Міністэрствам Унутраных Справаў, якая дала згоду на ўтрыманьне Старавойтава за кратамі пры ўмове, што яму будзе забясьпечаны трывалы мэдыцынскі дагляд і спэцыяльнае лячэньне ў выпадку абвастрэньня хранічных захворваньняў. Цяпер якраз такі выпадак, заявілі абаронцы Вера Страмкоўская й Гары Паганяйла. Яны сьцьвярджалі, што патрэбнае лячэньне забясьпечыць у Бабруйскім сьледчым ізалятары немагчыма. Для таго трэба тэрмінова вызваліць Старавойтава й пакласьці яго ў цывільны шпіталь. Гэтае хадайніцтва судзьдзя Надзея Чмара і яе памочнікі, аднак, не задаволілі. Абвешчана толькі, што працэс спыняецца з-за хваробы падсьледнага і адновіцца пасьля яго выздараўленьня.

Камэнтуючы гэтае рашэньне, адвакат Гары Паганяйла назваў яго прыкладам наўмыснага жорсткага абыходжаньня зь вязьнем. Адвакат, спаслаўшыся на скаргі свайго падабароннага, распавёў наступнае: аказваецца, Старавойтава трымаюць у камэры, дзе тэмпература не вышэйшая за 10 градусаў, прычым астатнія вязьні ў камэры паляць, а Старавойтаў тытунёвага дыму не пераносіць. Між тым на ўсе просьбы Старавойтава палепшыць яму ўмовы ўтрыманьня ў Бабруйскім сьледчым ізалятары, ён нават не атрымлівае адказу. Другою прычынаю захворваньня, на думку абароны, магла стаць працэдура агляду, якой Старавойтаў паддаецца двойчы за кожны дзень працэсу. Раніцай перад адпраўкаю ў суд і пасьля суду ўсіх падсудных, у тым ліку й 74-гадовага Старавойтава, распранаюць дагала й трымаюць у халодным пакоі, пакуль ідзе агляд іх адзежы. Звычайна ў гэтым «стакане» – так вязьні называюць пакой для чаканьня – даводзіцца стаяць на бэтановай падлозе гадзіну, а то й болей. Менавіта пасьля гэтых выпрабаваньняў Старавойтаў пачаў усё больш кашляць і ў выніку захварэў, заўважаюць адвакаты. Дарэчы, родныя Старавойтава не выключаюць, што акрамя бранхіту, у яго таксама запаленьне лёгкіх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG