Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 сьнежня 1998 г.


Юрась Карманаў, Менск

«Чым саюз цясьнейшы – тым народ бяднейшы». Пад гэтым лёзунгам сёньня а 15 гадзіне быў выстаўлены 1,5-гадзінны пікет БНФ на пляцы Якуба Коласа. Гэткім чынам сябры Фронту адзначылі чарговае паседжаньне Выканкаму Саюзу Беларусі й Расеі, якое сёньня адбываецца ў Менску.

Удзельнікі акцыі – каля 50 чалавек – трымалі плякаты антыўрадавага, антыінтэграцыйнага зьместу. Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага Народнага Фронту Лявон Баршчэўскі заявіў нашаму радыё:

(Баршчэўскі:) Мэтай канчатковай расейскіх ястрабаў застаецца далучэньне Беларусі да Расеі. Гэтая мэта будзе 500 гадоў існаваць, нават калі Расея распадзецца, усё роўна ў гэтай частцы, якая блізкая да нас, будзе мэта прыгарнуць Беларусь. Таму гэта пытаньне, на жаль, вечнае, бо мы жывем з такімі суседзямі. Гэта – стратэгічная мэта расейскіх спэцслужбаў, і нейкія хістаньні маятніка ў адзін бок ці другі – яны прынцыпова нічога не мяняюць.

(Карманаў:) Скажыце, Лявон Пятровіч, на ваш погляд, на які бок у інтэграцыі зараз хіснуўся маятнік?

(Баршчэўскі:) У галовах народа маятнік хіснуўся адназначна супраць інтэграцыі з Расеяй. Гэта адчуваюць улады, і таму яны цяпер не пэдалююць гэтую тэму, яны чакаюць нейкіх новых магчымасьцяў, каб зноў маятнік хіснуць у другі бок. Улады робяць маніторынгі, яны робяць апытаньні, яны цудоўна ведаюць гэтыя настроі народу. Прыкладна толькі 25% гатовыя з усімі вантробамі йсьці ў абдыкі гэтай крымінальнай Расеі.

Словы Лявона Баршчэўскага пацьвердзіў адзін з арганізатараў сёньняшняй акцыі сп. Чахольскі:

(Карманаў:) Сп. Чахольскі, як рэагуюць мінакі на зьяўленьне пікету?

(Чахольскі:) Даволі станоўча. Вось папярэднія пікеты – гучалі й абразы ў наш адрас і гэтак далей. Цяпер людзі ставяцца да гэтага станоўча.

На сёньняшнім пікеце зьявіўся сябра Беларускага Народнага Фронту Ўладзімер Кішкура, які толькі сёньня выйшаў зь вязьніцы на Акрэсьціна, дзе адседзеў 3 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай праваабарончай акцыі 6 сьнежня. Ён паведаміў, што ўсе палітвязьні знаходзяцца ў адной камэры.

Сёньня ж зьявілася інфармацыя пра тое, што афіцыйныя ўлады не абмежаваліся 19-цю асуджанымі за ўдзел у акцыі 6 сьнежня і затрыманьні працягваліся ў панядзелак і аўторак. Удзельнік сёньняшняга пікетаваньня Лявон Садоўскі заявіў нашаму радыё, што быў схоплены людзьмі ў цывільным учора пасьля мітынгу прафсаюзаў і ноч правёў у вязьніцы на Акрэсьціна. Сёньня над Садоўскім адбыўся суд, і ён атрымаў папярэджаньне за ўдзел у акцыі 6 сьнежня. Паводле словаў сп. Садоўскага, ня выключана, што затрыманьні будуць працягвацца.

(Садоўскі:) Палююць, таму што калі мяне кінулі ў машыну ўчора, па перагаворных прыладах казалі: «Працуем па фатаздымку №3». Ну, аказалася, што «фатаздымак №3» зьнік. Не маглі яго злавіць. Я быў, здаецца, «№6»...

Гэта былі словы Лявона Садоўскага, удзельніка, сёньняшняга пікету, які закончыўся без эксцэсаў. А ў 16.30 усе пікетоўцы скіраваліся на наступную акцыю пратэсту, якую ля Палацу Спорту арганізаваў Свабодны Прафсаюз.

XS
SM
MD
LG