Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуска-расейская спартовая інтэграцыя, ідэалёгія і лепшы спартовец XX стагодзьдзя


Беларуска-расейская спартовая інтэграцыя, ідэалёгія і лепшы спартовец XX стагодзьдзя

(эфір 19 сьнежня 1999)

Аўтар і вядучы – Віталь Цыганкоў.

У чарговым выпуску “Заўзятара”:
Чаму беларуска-расейская спартовая інтэграцыя маларэальная?
Уладзімер Замяталін прыўносіць ідэялёгію на хакейны турнір.
Гісторыя баксэра Магамада Алі, які прызнаны лепшым спартоўцам стагодзьдзя.

(Цыганкоў: ) “Падпісаньне дамовы аб стварэньні хаўруснае дзяржавы чарговы раз узнавіла размовы пра магчымасьці аб’яднаньня спартоўцаў Беларусі й Расеі. Вось і на прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі на беларускай тэлевізіі адзін з тэлегледачоў узьняў гэтую тэму. У адказ Лукашенка правёў доўгі ды эмацыйны маналёг, сутнасьць якога зводзілася да наступнага: “я спартоўцаў кармлю й гадую, а яны ня могуць адказаць дабром, то бок перамогамі”…

Здавалася, яшчэ момант, і кіраўнік дзяржавы загадае за развал спорту зьняць з пасады кіраўніка Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Але гэта не здарылася – відаць, таму, што кіраўніка Нацыянальнага алімпійскага камітэта завуць таксама Аляксандар Лукашэнка.

Што да інтэграцыі ў спорце, то на гэтую тэму Лукашэнка гаварыў няшмат, адзначыўшы толькі, што ўсе зборныя Беларусі безумоўна застануцца. І сапраўды, спартовая інтэграцыя, у вадрозьненьні ад палітычнай, не патрэбная як беларускім, так і расейскім дзейным спартоўцам і чыноўнікам.

Вось прыклад: на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску прэзыдэнта Фэдэрацыі хакею Расеі Аляксандра Сьцэбліна журналісты сярод іншых задалі яму пытаньне пра пэрспэктывы спартовага аб’яднаньня. “Абодва нашыя бакі роўныя ў структуры міжнароднае фэдэрацыі. Аб нейкай часткі сувэрэнітэту адмаўляцца наўрад ці захочацца”, – зазначыў расейскі функцыянэр. І дадаў: “Акрамя таго, якія беларускія каманды могуць супэрнічаць з расейскімі?”

Тым самым Сьцеблін адназначна выказаў свае стаўленьне да хакейнай інтэграцыі. “Зрэшты, я не выключаю варыянту, пры якім нам могуць выкруціць рукі”, – зазначыў прэзыдэнт Фэдэрацыі хакею Расеі.

У іншых відах спорту назіраецца падобная ж схэма: інтэграцыя больш патрэбна беларускім прадстаўнікам у тых спаборніцтвах, дзе беларускія каманды хочуць патрапіць у расейскія лігі. А расейцы, як гэты мы бачым у выпадку з хакеям, зусім не прагнуць пускаць туды слабыя беларускія каманды. А калі й робяць гэта, то выключна сабе на шкоду з мэтаў дабрачыннасьці й славянскай еднасьці.

Як, да прыкладу, адбылося з валейбалістамі. Абедзьве фэдэрацыі падпісалі дамову аб супрацоўніцтве, якая дае відавочныя выгоды толькі беларускаму боку. А менавіта – удзел у супольных зборах і допуск у расейскія ніжэйшыя (пакуль што) лігі. Цяпер беларускім клюбам трэба вырашаць, ці пацягнуцьь яны фінансава такія выдаткі.

Яшчэ меньш жадаюць аб’ядноўвацца атлеты зь індывідуальных відаў спорту. І гэта зразумела і лёгка тлумачыцца ня толькі патрыятычнымі, а хутчэй прагматычнымі меркаваньнямі. Калі гіпатэтычна ўявіць нейкую аб’яднаную зборную, то ў бальшыні відаў спорту беларусам не выпадае патрапіць у яе склад. Канкураваць з расейцамі могуць на роўных хіба толькі гімнасты, біятланісты ды некалькі легкаатлетаў. Для астатніх, як спартоўцаў, так і чыноўнікаў – бывай, нацыянальная зборная, паездкі, прэміяльныя і гэтак далей…

Таму ня дзіва, што інтэграцыйныя намаганьні застаюцца доляй былых спартоўцаў і новых палітыкаў. Трохразовы алімпійскі чэмпіён у дужаваньні Аляксандар Мядзьведзь сустрэўся ў Навасібірску са сваім расейскім калегам па званьню Аляксандрам Карэлінам і яны разам прапанавалі аднавіць адзіную спартовую прастору на тэрыторыі былога Саюзу.

Прапанова, як бачым, занадта агульная і неканкрэтная. Відавочна, сустрэча зь Мядзьведзям была патрэбна будучаму дэпутату Дзяржаўнае думы Расеі Аляксандру Карэліну як даволі ўдалы рэклямны ход.

Нагадаю, Карэлін цяпер адзін з лідэраў выбарнага блёку “Адзінства” – іншая назва “Мядзьведзь”. Калісьці, дарэчы, Аляксандар Мядзьведзь агітаваў галасаваць за Кебіча, цяпер вось аказвае палітычныя паслугі расейскім спартоўцам”.

Гэтымі днямі ў Менску праходзіць першынство сьвету па хакею для юнiёраў у веку да 20-цi год. Дух Уладзiмера Замяталiна - другога пасьля Аляксандра Лукашэнкi куратара беларускага спорту - вiтае над пляцоўкаю лёдавых палацаў, у якіх праходзіць турнір. I ня толькi таму, што вiцэ-прэм'ер прысутнiчае на кожнай гульнi з удзелам каманды Беларусi. Замяталiн ня быў бы Замяталiным, калi б ён не перанёс на спорт iдэялёгiю. З падрабязнасьцямi наш менскi карэспандэнт Уладзімер Глод…”

(Глод: ) “Ля аматараў хакею падрыхтавана адмысловая праграмка, прысьвечанная сусьветнаму пяршынству. Зробленая яна паводле заходнiх узораў: на цудоўнай паперы, з выкарыстаньнем сямi колераў, на дзьвюх - расейскай i ангельскай мовах. Але ад замежнай прадукцыi падобнага кшталту гэтая праграмка вылучаецца гiстарычным мiнi-нарысам, пад якiм стаiць факсiмiльны подпiс старшынi арганiзацыйнага камiтэту правядзеньня турнiру Ўладзiмера Замяталiна.

Сп. Замяталiн робiць гiстарычны экскурс, у якiм паведамляе пра тое, што Беларусь уваходзiла ў склад Кiеўскае Русi. Ён вылучае дзьве даты: канец XVIII стагодзьдзя, калi, паводле ягоных словаў, адбылося узьяднаньне Беларусi з Расеяй, i 1 студзеня 1919 году, калi нарадзiлася Беларуская Савецкая Сацыялiстычная Рэспублiка. А вось дата нараджэньня Рэспублiкi Беларусь у гэтым тэксьце адсутнiчае. Ды й навошта яна Замяталiну?

А вось яшчэ адзiн цiкавы пасаж з паведамленьня старшынi аргкамiтэту: «Сымбалiчна, што асаблiва iнтэнсыўна хакей у Беларусi пачаў разьвiвацца менавiта ў вапошнiя гады, пасьля абраньня ў 1994 годзе першым прэзыдэнтам Беларусi Аляксандра Рыгоравiча Лукашэнкi, якi зьяўляецца апантаным спартоўцам i кiраўнiком Нацыянальнага алiмпійскага камiтэту. Сёньня зь ягонае iнiцыятывы ў Беларусi ажыцьцяўляецца вялiзарная праграма разьвiцьця хакею, галоўным кірункам якой зьяўляецца будаўнiцтва крытых лёдавых пляцовак. У 2000 годзе iх будзе ўжо 10, у той час як пяць год таму было ўсяго 4».

Дарэчы, акрамя вiцэ-прэм'ера на кожнай гульнi беларускiх хлопцаў можна бачыць яшчэ аднаго чалавека з самага блiзкага атачэньня Лукашэнкi, ягонага былога галоўнага ахоўнiка Юрыя Бародзiча. Цяпер ён жыве й працуе ў Маскве, некаторыя сьцьвярджаюць, што ў структурах ФСБ – Фэдэральнае службы бясьпекi. Але пасада старшынi фэдэрацыi хакею Беларусi за экс-ахоўнiкам захавалася, чым i тлумачыцца ягоны прыезд на радзiму.

Што тычыцца самога Лукашэнкi, дык ён на прэсавай канфэрэнцыі на Беларускай тэлевізіі паведамiў: пасьля таго, як нашыя хлопцы згулялi ў нiчыю зь iтальянцамi, ён дзьве ночы ня спаў.

I яшчэ адзiн пасаж з таго ж самага iнтэрвію. Лукашэнку ня спадабаўся камплект формы, у якой каманда Беларусi выйшла на лёд у матчы зь iтальянцамi. Маўляў, навошта на ёй была рэклама нямецкае фiрмы. Праз дзьве гадзiны пасьля гэтага iнтэрвію вядомы камэнтатар Уладзiмер Навiцкi заўважыў: вось зьмянiлi той камплект формы на iншы, i справы пайшлi зусiм iншым чынам – беларусы перамаглi каманду Нямеччыны. Што й казаць, на беларускай тэлевiзii ўважлiва адсочваюць ўсё, што гаворыць галоўны заўзятар краіны.

А вось тыя заўзятары, што прыходзяць у палац паглядзець хакей, чуюць тут шмат знаёмых прозьвiшчаў. Да прыкладу, Варывончык, Бубеншчыкаў, Цурыкаў… У свой час бацькi гэтых юнакоў самi гулялi ў хакей. I вось надышоў час iхных сыноў.

Што ж тычыцца спартовых вынiкаў турнiру, дык тут акцэнтаваць увагу няма на чым. Справа ў тым, што яшчэ год таму беларускiя хлопцы выступалi ў вышэйшае групе сусьветнага першынства – групе «А». Але занялi там апошняе мейсца i таму вымушаныя цяпер змагацца за вяртаньне ў вышэйшую клясу”.

(Цыганкоў: ) “Апошнім матэрыялам сёньняшняга выпуску стане міжнародная тэма. У гэтыя дні ў многіх праводзяцца шматлікія апытаньні, у якіх розныя выданьні й агэнцыі выбіраюць лепшага спартоўца стагодзьдзя. Мяркую, і слухачам Радыё Свабода будзе цікава даведацца, каго ж у сьвеце часьцей называюць найвыдатнейшым атлетам нашых дзён. Найбольш аўтарытэтнае ў Злучаных Штатах спартовае выданьне Sport Illustrated наладзіла днямі ў знакамітым нью-ёркскім “Мэдысан сквэр гардэне” урачыстасьць, прысьвечаную самым славутым спартовым зоркам стагодзьдзя.

У адной з нашых ранейшых праграмаў мы ўжо распавядалі, што на інтэрнэт-сайце тэлекампаніі CNN прайшло галасаваньне, у выніку чаго найлепшым спартоўцам стагодзьдзя быў прызнаны баскетбаліст Майкл Джордан.

Шчыра кажучы, мне здавалася, што менавта Джордан пераможа ў бальшыні аналягічных апытаньняў. Але ў “Мэдысан сквэр гардэн” быў каранаваны легендарны баксэр, трохразовы чэмпіён сьвету сярод прафэсіяналаў у найцяжэйшай вазе Магамад Алі.

Магчымыя, некаторыя маладыя людзі сёньня мала што ведаюць пра гэтага спартоўца, а ў 70-я гады ў многіх куткох сьвету яго пазнавалі намат лепш за прэзыдэнтаў Злучаных Штатаў, не кажучы ўжо пра кіраўнікоў іншых краінаў.

Касіюс Клей стаў Магамадам Алі ў 1964 годзе, калі ён уступіў у радыкальную арганізацыю “Нацыя ісламу” і ўзяў сабе мусульманскае імя. Праз тры гады Алі адмовіўся пайсьці служыць у амэрыканскую армію, якая ў той час вяла вайну ў Віетнаме.

Ён быў дыскваліфікаваны амаль на два гады, але вярнуўшыся на рынг, працягваў перамагаць, хаця, на думку спэцыялістаў, так і не дасягнуў сваёй ранейшае фантастычнае формы. Ягоны 14-раўндавы бой у 1974 годзе з Джо Фрэзерам прызнаны самай яркай бітваю ў гісторыі боксу.

Алі выступаў на прафэсыйным рынзе звыш 20 гадоў, і за гэты час атрымаў 56 перамогаў і 5 паразаў. Цяпер ён пакутуе на хваробу Паркінсона, сымптомы якой – замаруджанасьць рухаў, трасучка, падвышаная цягліцавая напружанасьць.

Калі Магамад Алі выйшаў на сцэну атрымліваць сваю ўзнагароду, аўдыторыя вітала яго авацыяй.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG