Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альбанскі “сюрпрыз” Алімпійскі спорт — гульня ў карты Ці паўторыць Лукашэнка сваю японскую паездку


Альбанскі “сюрпрыз”
Алімпійскі спорт — гульня ў карты
Ці паўторыць Лукашэнка сваю японскую паездку

(эфір 10 Верасьня 2000)

Сёньня ў праграме:
— як беларускія кікбаксэры ўцякалі з Альбаніі,
— знаёмства з брыджам, які хутка стане алімпійскім спортам, а таксама
— ўспамін пра тое, як Аляксандар Лукашэнка лятаў на Алімпіяду ў Нагана.

(Цыганкоў: ) “Амаль дэтэктыўная гісторыя разгарнулася вакол удзелу беларускіх кікбаксэраў на міжнародным турніры ў Альбаніі. Абсалютная непрафэсійнасьць арганізатараў была падмацаваная жудаснымі паводзінамі мясцовых заўзятараў. З падрабязнасьцямі Ігар Карней…”

(Карней: ) “Яшчэ напачатку жніўня прэзыдэнт Фэдэрацыі кікбоксінга й тайбоксу Яўген Кацельнікаў атрымаў запрашэньне ад альбанскіх калегаў узяць удзел у гэтак званым “Турніры пяці”. Паведамлялася, што, акрамя Беларусі і, само сабою, гаспадароў, возьмуць удзел зборныя Тайлянду, Галяндыі ды Харватыі. Насамрэч, апроч беларусаў і харватаў, ніхто не прыехаў і, паводле Яўгена Кацельнікава, гэта было абсалютна слушнае рашэньне.

Пачалося з таго, што пасьля доўгага транзытнага падарожжа па шэрагу эўрапейскіх аэрапортаў з Македоніі да альбанскае мяжы прыйшлося дабірацца аўтастопам: абяцаньні сустрэць нашых спартоўцаў у аэрапорце Скоп’е ня спраўдзіліся. Пакарыўшы пешшу мяжу, да Прышціны давялося або йсьці, або ехаць на чым прыйдзецца. Ужо на месцы стала зразумела, што й сам турнір больш нагадвае нейкую падпольную самадзейнасьць, хоць цікаўнасьць з боку гледачоў выклікаў вялізную: на галоўным стадыёне Прышціны сабралася больш за 12 тысячаў гледачоў. Паглядзець сапраўды было на каго — у складзе беларусаў два чэмпіёны сьвету.

Але невытлумачальныя дзівосы пачаліся адразу ж пасьля працэдуры ўзважваньня. Гаворыць Яўген Кацельнікаў:”

(Кацельнікаў: ) “Лідэр нашае каманды Васіль Шыш мусіў быў выступаць у шостым баі. Я яму забінтаваў рукі, ён нават яшчэ не пачаў разьмінацца, як яго выклікаюць на рынг. Гэта была яўная падстаўка. Мала таго, што Васіль выйшаў не падрыхтаваны, дык яшчэ на рынгу аказаўся зусім іншы баец, ня той, які выходзіў да вагаў. Перад Шышам стаяў сапраўдны монстар…”

(Карней: ) “Паводле Кацельнікава, нават правілы бою ўдакладняліся наўпрост на пляцоўцы. Замест раней абумоўленых пяці раўндаў па тры хвіліны пасьля другога раўнду арганізатары абвесьцілі, што хопіць і трох. Але, нягледзячы на яўнае падтасоўваньне, Шыш усё ж перамог.

Наступным выйшаў Андрэй Коцур. Дастаткова роўны бой, тым ня менш, спадзяваньняў на нейкі вынік, апроч перамогі альбанца, не даваў. Калі нарэшце на рынзе зьявіўся Яўген Гвозьдзеў, трэнэр выдаў толькі адну ўстаноўку: ці ты пасылаеш супраціўніка ў накаўт, ці агульнакаманднае перамогі нам ня бачыць.

Гвозьдзеў выходзіць і, паводле Кацельнікава, літаральна “разрывае” альбанца: ягоны нос потым прыйшлося зьбіраць ледзь не па костачках. Што было далей, распавядае Яўген Кацельнікаў…”

(Кацельнікаў: ) “Ён павітаў публіку, пакланіўся, як звычайна ў тай-боксе. Але замест гэтага ў адказ данесьліся крыкі, гледачы пачалі паказваць непрыстойныя жэсты. Некаторыя нават зьнялі штаны й выставілі напаказ свае голыя зады. Яўген у знак пратэсту зрабіў адваротны жэст — так бы мовіць, “адрубіў ад локця”. І тут пачалося… З трыбунаў паляцелі шклянкі зь півам і колаю, хтосьці — ня тое паліцыя, ня тое заўзятары — пачалі паліць зь пісталетаў. …Карацей, добра, што побач былі ахоўнікі, ААНаўцы, паліцыя. Яны нас накрылі жывым шчытом і, самі атрымліваючы па галаве, вывялі”.

(Карней: ) “Асаблівую ўдзячнасьць нашыя спартоўцы выказваюць амэрыканскаму паліцэйскаму адмысловага баталёна міратворчых сілаў KFOR Марку Стэлбату. Менавіта ён найхутчэй ацаніў сытуацыю, вывеў нашых хлопцаў праз запасны выхад, і пасадзіўшы ў машыну, вывез з гораду. Усьлед, паводле ўсіх правілаў аўтамаскіроўкі, рушыў другі джып. На наступны дзень той жа Марк вывез беларусаў у сэрбскае сяло, куды альбанцаў не пускаюць наогул. Тут Яўген Гвозьдзеў адразу ж стаў нацыянальным героем, а ўвогуле каманда ўпершыню добра падсілкавалася.

І зноў, толькі дзякуючы амэрыканскаму паліцэйскаму, нашыя кікбаксэры трапілі ў Македонію, адкуль нарэшце й адляцелі дадому. Аніякіх прабачэньняў, а тым больш абумоўленай аплаты ад арганізатараў, так бы мовіць, “экстрэмальнага шоў”, беларускі бок не атрымаў.

На пытаньне, ці ёсьць нейкая верагоднасьць удзелу ў аналягічным турніры наступным годам, Яўген Кацельнікаў адказаў больш чым красамоўна: калі толькі ў складзе абмежаванага кантынгэнту…”

* * *

(Цыганкоў: ) “Сярод відаў спорту, якія паступова пашыраюць праграму Алімпійскіх гульняў, ёсьць і брыдж. Ужо на чарговай зімовай Алімпіядзе ў амэрыканскім Солт-Лэйк-Сіці, якая пройдзе праз два гады, брыджысты зробяць паказальныя выступленьні. А яшчэ праз чатыры гады яны стануць паўнапраўнымі ўдзельнікамі самага вялікага спартовага форуму. Гаворыць Уладзімер Глод…”

(Глод: ) “Лягічнай гульнёю, што знаходзіцца на ўзроўні шахматаў, называе брыдж кіраўнік Менскага клюбу брыджыстаў прафэсар фізыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ільля Феранчук. Параўнаньне невыпадковае, хаця б таму, што рашэньне зрабіць шахматы й брыдж алімпійскімі відамі спорту прымалася адначасова. Вядома, што многія шахматысты нядрэнна гуляюць у карты. Аднак выпадкаў, калі б дасканалыя майстры гульні на 64 клетках адначасова дамагаліся посьпеху за картачным сталом, пакуль не йснуе. Чаму? — пытаюся спадара Феранчука…”

(Феранчук: ) “Гэтая гульня крыху спэцыфічная, у тым сэнсе, што для яе патрэбны прафэсійны падыход. Цяжка спалучаць шахматы й брыдж. Нейкая колькасьць шахматыстаў сярод брыджыстаў ёсьць, але людзі займаюцца або адным, або другім”.

(Глод: ) “І гістарычна, і паводле вынікаў розных турніраў прыярытэт у брыджы належыць Злучаным Штатам Амэрыкі. У першай дзясятцы, паводле афіцыйнага рэйтынгу, амэрыканцаў больш за палову. І ўвогуле сярод вядучых гульцоў сьвету пераважная бальшыня прадстаўнікі заходніх краінаў. І толькі палякі, якія ў апошні час моцна прагрэсуюць, уваходзяць у другую дзясятку ўсясьветнага рэйтынгу.

Для дылентантаў брыдж — гэта толькі гульня ў карты. А вось прафэсар Феранчук тлумачыць, што йснуюць як бы два брыджы: адзін — гэта сапраўды гульня ў карты, другі — самастойны від спорту. У чым тут розьніца? Паслухаем спадара Феранчука…”

(Феранчук: ) “Сутнасьць асноўнага кроку, які прывёў да ператварэньня звычайнае карцёжнае гульні ў самастойны від спорту, які разьвіваецца як спорт і лягічная гульня, у тым, што ў спартыўным брыджы людзі гуляюць на аднолькавых раскладах картаў і спрабуюць пры першапачатковых роўных умовах дасягнуць найлепшага выніку. Гэта азначае, што ўсё залежыць ад лёгікі чалавека, які гуляе і не залежыць ад таго, якія ў яго былі рэальныя карты — добрыя або дрэнныя, як гэта бывае ў звычайных картачных гульнях”.

(Глод: ) “Каб навучыцца прыстойна гуляць у брыдж, трэба прайсьці адмысловы курс, які разьлічаны на 32 заняткі па чатыры гадзіны кожнае. Паколькі цікавасьць да гульні ўвесь час расьце, на Захадзе прафэсія настаўніка брыджу лічыцца вельмі прэстыжнай і выгоднай. У Беларусі, з-за зразумелых прычынаў, такой тэндэнцыі няма. Тут гатовыя навучыць азам гульні ўсяго за 8 урокаў па вельмі танных цэнах.

І ўсё ж спартовы брыдж — гульня інтэлектуальная. Невыпадкова пераважная бальшыня нашых гульцоў маюць вышэйшую адукацыю. А самыя моцныя — гэта нядаўнія выпускнікі Алег Цімаховіч, Алег Драновіч, Андрэй Яновіч, кожнаму зь якіх зараз пад 30. Яны першымі выканалі нарматывы нацыянальнага майстра спорту. Аднак пахваліцца вялікімі міжнароднымі посьпехамі яны ня могуць. Вось як тлумачыць гэтую сытуацыю прафэсар Феранчук…”

(Феранчук: ) “Першая прычына — фінансавая. Мы вельмі мала выяжджаем і таму ня маем сур’ёзнае практыкі з моцнымі апанэнтамі. Брыдж — гульня камандная, у нейкай ступені яна блізкая да футболу ў сваім камандным духу. І таму бяз практыкі, менавіта ўсёй камандаю, немагчыма ўвайсьці ў эліту. Калі мы ўсёй камандаю выяжджаем на нейкі буйны міжнародны турнір высокіх вынікаў, на жаль, мы ня маем”.

(Глод: ) “Гаварыў кіраўнік менскага клюбу брыджыстаў прафэсар фізыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ільля Феранчук. Да афіцыйнага старту гэтага спорту на алімпійскіх гульняў застаецца 5 з паловаю гадоў”.

* * *

(Цыганкоў: ) “Да алімпійскае тэмы безумоўна, можна аднесьці й наступны матэрыял. Адзін з высокіх чыноў у беларускай уладзе распавёў нашаму радыё пра тое, як два гады таму Аляксандар Лукашэнка ляцеў на Алімпіяду ў Нагана. Са зразумелых прычынаў чыноўнік пажадаў не назваць сваё імя. Ягоны расповед пераказвае Ганна Соусь…”

(Соусь: ) “Вядома, што на вандроўку ў Нагана Лукашэнку падбіў Уладзімер Замяталін. Тады ён упэўніў “бацьку”, што, калі той будзе прысутнічаць на гульне беларускіх і амэрыканскіх хакэістаў, нашыя, безумоўна, мусяць перамагчы. У тэрміновым парадку было вырашана ляцець у Японію. Але ж, зразумела, не з афіцыйным візытам, звычайнымі турыстамі, а такім, вядома, патрэбныя візы.

Тады шпаркімі тэмпамі пачалі шукаць прадстаўніка японскай амбасады ў Менску. Тым часам у Беларусі быў Часовы Павераны. Яго не знайшлі на месцы, але было дакладна вядома, што японскі дыплямат у Менску. Давялося па каналах КГБ шукаць дыплямата, і нават стаць міжвольнымі сьведкамі ягонага інтымнага жыцьця.

Калі японскага дыплямата ўсё ж знайшлі, высьвятлілася, што зрабіць візу за некалькі гадзінаў для Лукшэнкі і ягонай каманды немагчыма. У Японіі існуе свая бюракратыя, і гэтая працэдура патрабуе пэўнага часу. Але “бацька” са сьвітаю не хацеў чакаць. Хутка беларуская дэлегацыя села ў самалёт і накіравалася ў Японію. Кажуць, што Іван Ціцянкоў меў тады пры сябе поўны чамадан з наяўнымі грашыма.

Расейцы далі лукашэнкаваму самалёту паветраны калідор, але на падлёце да Японіі высьвятлілася, што Японія не дае свайго калідору, таму што беларускія “турысты” ня маюць візаў. “Балельшчыкі” тэрмінова пачалі зьвязвацца са спадаром Краўчанкам, беларускім амбасадарам у Японіі. Але і ў таго пакуль не атрымоўвалася тэрмінова вырашыць візавыя праблемы. Тады яму было выключна канкрэтна сказана нешта накшталт таго, што, калі зараз ня будзе візаў, ён на гэтым жа самалёце паляціць зь Японіі дадому.

Невядома, якія намаганьні прыклаў тады Краўчанка, але пытаньне зь візамі ён вырашыў. Праўда, лукашэнкавы самалёт некалькі гадзінаў прастаяў у японскім аэрапорце, і ягоных пасажыраў пэўны час не пускалі нават на пашпартны кантроль.

Гэты эпізод варта нагадаць перад алімпіядай у Сыднэю. І вось чаму.

Калі Лукашэнка ізноў тэрмінова вырашыць ляцець, каб маральна падтрымаць беларускіх спартоўцаў, цікава, як ён будзе вырашаць пытаньні зь візамі? Можа, зноў зьвернецца да Краўчанкі? Аўстралія ж побач зь Японіяй, а беларускага амбасадара пакуль ў Аўстраліі няма”.

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG