Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскваліфікацыя за допінг Футбольныя навіны Беларусі Эра тэхнаспартоўцаў


Дыскваліфікацыя за допінг
Футбольныя навіны Беларусі
Эра тэхнаспартоўцаў

(эфір 23 Ліпеня 2000)

Сёньня ў праграме:
Беларускія вясьляркі з нацыянальнай зборнай атрымалі пажыцьцёвую дыскваліфікацыю,
футбольныя навіны Беларусі,
наступае эра тэхнаспартоўцаў.

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) “Спартовая Беларусь на бягучым тыдні апынулася ў цэнтры гучнага допінгавага скандалу. Дзьве прадстаўніцы нацыянальнае каманды былі абвінавачваны Міжнароднай антыдопінгавай агэнцыяй ва ўжываньні забароненых мэдычных прэпаратаў. Распавядае Міхал Стэльмак…”

(Стэльмак: ) ““Гераінямі” допінгавага скандалу сталі вядомыя беларускія вясьляркі – Натальля Стасюк і Натальля Лаўрыненка. Міжнародная фэдэрацыя веславаньня пажыцьцёва дыскваліфікавала іх на спаборніцтвы, якія праводзяцца пад эгідаю гэтай спартовай арганізацыі.

Як вынікае з тлумачэньняў Фэдэрацыі, такое жорсткае пакараньне сталася наступствам ужываньня вясьляркамі рэчываў, што супярэчаць міжнародным правілам. 31-гадовая Стасюк выкрыта за ўжываньне мэтылтэстастэрону, а 23-гадовая Лаўрыненка – мэтандыенону.

Рашэньне міжнароднага воргану выклікала шок у шэрагах спартовых чыноўнікаў Беларусі. Яны ня ведаюць, як выйсьці зь непрыемнага становішча.

Як паведамілі нашаму радыё ў Беларускай фэдэрацыі акадэмічнага веславаньня, пакуль што высьвятляюцца акалічнасьці здарэньня. Ва ўсялякім разе, паводле зьвестак ейнага прадстаўніка, які пажадаў застацца неназваным, на сёньняшні дзень аніякага афіцыйнага дыялёгу зь міжнароднымі структурамі пакуль не вядзецца. Рашэньне – апратэстоўваць вэрдыкт ці пагадзіцца зь ім – мяркуецца прыняць на бліжэйшым паседжаньні фэдэрацыі. Ейны прадстаўнік таксама паведаміў, што ўсё будзе залежаць ад справаздачы ў гэтым пытаньні дзяржаўнага трэнэра Валера Гайдука.

Разгубленасьць чыноўнікаў тлумачыцца блізкасьцю Алімпійскіх гульняў. Дыскваліфікаваныя Стасюк і Лаўрыненка – чальцы нацыянальнае зборнай Беларусі. Болей таго, згаданыя спартоўкі – прэтэндэнткі на ўзнагароды аўстралійскіх спаборніцтваў. Нацыянальны алімпійскі камітэт разглядаў іх як верагодных мэдалістак на водных трасах Сіднэю. Прынамсі, на папярэдніх гульнях у Атлянце яны былі “бронзавымі” прызёрамі Алімпіяды.

Зрэшты, допінгавы скандал можа адбіцца ня толькі на алімпійскіх плянах Беларусі. Пажыцьцёвая дыскваліфікацыя – гэта, як ня цяжка зразумець, і асабістая драма нашых вясьлярак. Найперш, для Натальлі Лаўрыненкі, чыя спартовая кар’ера толькі ўвайшла ў росквіт. І хаця самі вясьляркі, паводле парадаў чыноўнікаў пазьбягаюць сустрэчаў з журналістамі ды публічных тлумачэньняў здарэньня, скандал моцна падагрэў грамадзкую цікавасьць да іхных лёсаў.

Зь вялікай увагаю за разьвіцьцём падзеяў вакол Стасюк і Лаўрыненкі назіраюць, напрыклад, кіраўнікі Беларускага саюзу спартоўцаў. Гаворыць прэзыдэнт саюзу Марыя Іткіна:

“Я яшчэ не пасьпела зь імі сустрэцца. Я яшчэ не змагла прапанаваць ім уступіць у наш саюз і высьветліць: у чым яны маюць патрэбу? Але мы па меры магчымасьцяў гатовыя ім дапамагчы, хаця б у маральным пляне”, – зазначыла нашаму радыё кіраўнік Беларускага саюзу спартоўцаў Марыя Іткіна”.

(Цыганкоў: ) «Ужо пасьля таго, як Міхал Стэльмак падрыхтаваў гэты матырыял, паступіла дадатковая новая інфармацыя. На прэсавай канфэрэнцыі міністар спорту й турызму Беларусі Яўген Ворсін афіцыйна пацьвердзіў факт дыскваліфікацыі беларускіх вясьлярак. «У нас няма сумненьняў, – адзначыў міністар, – у правільнасьці праведзеных аналізаў». «Ужо цяпер зразумела, – заявіў Ворсін, – што абедзьве спартоўкі будуць выведзеныя са складу зборнай і пазбаўленыя прэзыдэнцкіх стыпэндыяў. Не выключана таксама, што зь іх будзе зьнятае званьне «Заслужаны майстар спорту». Інцыдэнт будзе абмеркаваны ва ўсіх камандах у іншых відах спорту, сярод трэнэраў і спэцыялістаў».

* * * (Цыганкоў: ) “Працягнем нашую праграму падборам спартовых навінаў. Чэмпіён Беларусі ў футболе барысаўскі клюб “БАТЭ” выйшаў у наступны раўнд кваліфікацыйнага турніру Лігі чэмпіёнаў. У сераду барысаўчане выйгралі дома 2:1 у армянскай каманды “Шырак” і паводле сумы дзьвюх матчаў выйшлі ў другі этап адборных спаборніцтваў Лігі чэмпіёнаў.

Нагадаем, што летась усе беларускія каманды прайгралі ўсе свае матчы ў эўрапейскіх кубкавых турнірах, пры гэтым з разгромным лікам. Перамога “БАТЭ” дае спадзяваньні на тое, што ніжэйшая кропка падзеньня беларускага клюбнага футболу ўжо пераадоленая. Хаця наступны супернік “БАТЭ” – чэмпіён Швэцыі “Гэльсынгборг” – відавочна, стане сур’ёзным выпрабаваньнем амбіцыяў беларускага чэмпіёну. Першы матч пройдзе ў сераду ў Швэцыі. Дарэчы, пераможца гэтае пары выходзіць на італьянскі “Інтэр” – адзін з багацейшых і знакаміцейшых клюбаў сьвету.

Тады ж у сераду, адбудзецца іншая даволі прыкметная падзея ў беларускім футболе. Новы трэнэр нацыянальнае зборнай краіны Эдуард Малафеяў правядзе таварыскі матч зборных клюбаў Беларусі, умоўна названых “А” і “В”. Галоўная ідэя і мэта гульні – праверыць тых кандыдатаў у нацыянальную зборную, якія гуляюць у беларускім чэмпіянаце. А заадно і пазнаёміцца трэнэру з гульцамі, бо бальшыню зь сёньняшніх беларускіх футбалістаў Эдуард Малафееў асабіста ня ведае. Ужо аб’яўлена, што адразу пасьля матчу адбудзецца сустрэча Малафеява з заўзятарамі. Уваход на стадыён у гэты дзень будзе вольны”.

* * * (Цыганкоў: ) “І скончым нашую праграму расповедам пра некаторыя апошнія тэхнічныя дасягненьні ў спартовай індустрыі. У нашыя дні, калі кожная перамога робіцца ня толькі мараю спартоўца, але падзеяй для цэлай краіны, усю большую ролю гуляе навука, ейныя сучасныя распрацоўкі. Каб пераўзыйсьці канкурэнтаў на долі сэкунды, патрэбныя ня толькі фізычныя дадзеныя, але й самыя тэхнічна дасканалыя сродкі.

І размова тут ідзе ня толькі пра фармакалёгію, якая ўвесь час балянсуе на мяжы дазволенага. Размова пра ўдасканальваньне спартовае зброі, адзеньня і абсталяваньня атлета. Напрыклад, на прэстыжнай велагонцы “Тур дэ Франс” самыя вядомыя каманды езьдзяць на роварах з рамамі з карбону – звышлёгкага й звыштрывалага новага матэрыялу. “Мы павінны паставіць тэхніку на службу чалавеку, а не наадварот”, – кажа Ален Жэрар, дырэктар лябараторыі фізычнае мэханікі з унівэрсытэту ў Бардо (Францыя). “Мы працуем ня толькі са спартовымі рэчамі, такімі як ракетка, але й з пакрыцьцём і мячом”, – кажа Жэрар у інтэрвію газэце “L’Express”. Сёньня спрынтарскія красоўкі з шыпамі з карбону, які павялічвае счэпку з пакрыцьцём, важаць ня больш за 150 грамаў.

Іншы прывілеяваны алімпійскі спорт – плаваньне – таксама карыстаецца шматлікімі тэхнічнымі навінкамі. На Алімпіядзе ў Сіднэі плыўцы, якія ўжо маюць анатамічныя акуляры і аэрадынамічныя шапачкі, будуць ныраць у касьцюмах з эластэну, які імітуе скуру акулы і аблягчае пранікненьне ў ваду. Больш за тое, ужо некалькі гадоў вада на алімпійскіх арэнах адмыслова хімічна апрацоўваецца з мэтаю падвысіць яе цякучасьць.

Аднак акрамя новых тэхнялёгіяў і новых падыходаў да трэніровачнага працэсу, застаецца яшчэ й псыхалягічная падрыхтоўка. Усё больш спартоўцаў карыстаюцца вынікамі дасьледваньняў розных навук пра нэрвовую сыстэму, каб навучыцца кіраваць сваімі эмоцыямі. Гэта дазваляе атлетам ужываць асаблівыя кшталты трэнажу, пашыраць магчымасьці свайго ўяўленьня.

У XXI стагодзьдзі дзеля перамогі ўжо недастаткова толькі моцы й цягавітасьці. Спорт перастаў быць адпачынкам або хобі і пераўтварыўся ў цяжкую працу.Трэцяе тысячагодзьдзе называюць эраю тэхнаспартоўцаў”.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG