Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Футбольная ганьба – хто адкажа за ўсё? Што ў шахматах? – інтэрвію з вэтэранам беларускіх шахматаў Віктарам Купрэйчыкам


Футбольная ганьба – хто адкажа за ўсё?
Што ў шахматах? – інтэрвію з вэтэранам беларускіх шахматаў Віктарам Купрэйчыкам

(эфір 30 Красавіка 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

У сёньняшнім выпуску вы пачуеце пра таварыскі матч Беларусі ды Андоры ў футболе й справы ў беларускіх шахматах.

(Цыганкоў: ) “Прывітаньне. Мы ў нашай праграме даволі шмат надаем увагі крытычнаму аналізу сытуацыі ў беларускім футболе. Таму рабіць адмысловы матэрыял пра таварыскі матч зборных Беларусі ды Андоры мы не зьбіраліся. Але скандальны, ганебны вынік гэтае гульні прымусіў зьмяніць усе пляны.

Напэўна, слухачы “Радыё Свабода” ўжо ведаюць, што нацыянальная зборная Беларусі прайграла андорцам зь лікам 2:0. Вынік матчу стаў гістарычнай падзеяй для каманды гэтае карлікавае дзяржавы – упершыню ў 4-гадовай гісторыі існаваньня нацыянальнае футбольнае зборнае каманда Андоры атрымала перамогу. Упершыню забіла больш аднаго мяча.

Дарэчы, дзяржава Андора налічвае 64 тысячы грамадзянаў, што можна параўнаць з колькасьцю жыхароў якога-небудзь сярэдняга беларускага гораду, да прыкладу, Жодзіна.

Натуральна, у Андоры няма аніякага нацыянальнага першынства, як і няма аніводнага прафэсійнага іграка. Мяйсцовыя футбалісты гуляюць пераважна ў пятай лізе гішпанскага чэмпіянату ў вольны ад асноўнае працы час. Напрыклад, першы гол у браму беларусаў забіў гандляр тытунёвае крамы Лусенда.

Слава Богу, беларуская тэлевізія не паказвала гэты матч, таму варта распавесьці некаторыя падрабязнасьці. Дзеля справядлівасьці, адзначым, што ў беларускай камандзе з-за розных прычынаў не было асноўных лідэраў – Бялькевіча й Хацкевіча з кіеўскага “Дынама” й Баранава. Самі гульцы на прэсавай канфэрэнцыі пасьля гульні наракалі на дрэнную якасьць футбольнага поля, але ж гэтая якасьць аднолькавая і для супернікаў. Зрэшты, гульцы не шукалі самаапраўданьня і, як справядліва адзначыў форвард Валеры Стрыпейкіс, андорцаў трэба абгульваць на любым газоне.

Першыя дваццаць хвілінаў гульні беларусы заціснулі гаспадароў поля на іхнай палавіне й стварылі некалькі небясьпечных момантаў. Але пасьля гэтага штурму, які стаўся безвыніковым, беларусы спыніліся – і фізычна, і псыхалягічна. А андорскія цырульнікі й прадаўцы, накіраваўшы 10 з 11 гульцоў у абарону, чакалі свайго гістарычнага шанцу.

І ў другім тайме спачатку ў брамы зборнай Беларусі быў прызначаны пенальці, а потым галкіпер Шанталосаў у бяскрыўднай сытуацыі пачаў “вадзіцца” з форвардам андорцаў, замест таго, каб выбіць мяч. Вынік – кур’ёзны гол.

Але самае галоўнае – беларускія футбалісты ня здолелі пераадолець насычаную абарону андорскіх аматараў, ня толькі не забіўшы галоў, але па сутнасьці не стварыўшых аніякіх галявых момантаў.

Як бы тое не было, вынік матчу застанецца ня толькі ў андорскай, але і ў беларускай спартовай гісторыі – праўда, з рознымі фарбамі. “Ніжэй нас толькі Андора”, – яшчэ нядаўна пісала беларуская спартовая прэса, камэнтуючы зьніжэньне рэйтынгу нацыянальнае зборнай, якая апусьцілася ўжо на 101 месца. Здавалася, што далей падаць ужо няма куды – аказалася, ёсьць яшчэ рэзэрвы.

“Ці возьме хто-небудзь адказанасьць за тое, куды мы прыплылі”, – пытаецца газэта “Прессбол”. “Спортивная панорама” заўважае, што калі журналісты, якія сустракалі ў аэрапорце самалёт з нацыянальнай зборнай, даведаліся пра вынік матчу – здолелі ўжываць толькі ненарматыўную лексыку.

У такой сытуацыі магчымыя тры варыянты – адстаўка кіраўніцтва Фэдэрацыі, адстаўка трэнэра ці замена гульцоў. Замена гульцоў – справа ня вельмі рэальная, паколькі іншых адпаведных кандыдатаў у Беларусі няма. Адстаўляць трэнэра Сяргея Бароўскага ня мае аніякага сэнсу – ён толькі нядаўна быў прызначаны й правёў усяго другі матч. Застаецца апошняе – кардынальныя перамены ў кіраўніцтве Фэдэрацыі футболу. Хтосьці мусіць адказаць за самую ганебную паразу ў гісторыі беларускага спорту”.

* * *

(Цыганкоў: ) “Днямі ў Менску завяршыўся чарговы чэпіянат Беларусі па шахматах сярод мужчынаў. Віцэ-чэмпіёнам краіны стаў старэйшына беларускіх шахматаў міжнародны гросмайстар Віктар Купрэйчык. Зь ім сустрэўся Міхал Стэльмак…”

(Стэльмак: ) “Ці задаволены Вы вынікам выступу на чэмпіянаце Беларусі?”

(Купрэйчык: ) “Я ўжо, як ня сумна пра гэта казаць, вэтэран беларускіх шахматаў. Для свайго веку, я лічу, выступіў добра. Калі ж казаць у цэлым пра турнір, то ён мае, на мой погляд, два істотныя нюансы.

Па-першае, наперадзе апынуліся прадстаўнікі старэйшага пакаленьня, што некалькі сумна. Моладзь нашая вельмі таленавітая, але не гатовая скласьці нам сур’ёзную канкурэнцыю. Хаця, паўтаруся, таленавітыя хлопцы ў нас ёсьць: і Сяргей Азараў, і Станіслаў Сьмятанкін зь Берасьця”.

(Стэльмак: ) “На Ваш погляд, у чым прычына гэтага?”

(Купрэйчык: ) “Мала працуюць, відаць”.

(Стэльмак: ) “Гэта тлумачыцца асабістымі якасьцямі спартоўцаў, што ўдзельнічалі ў чэмпіянаце, або нейкімі іншымі прычынамі?”.

(Купрэйчык: ) “Я думаю, што ў кожнага свае прычыны. Калі агульная, то, на жаль, няма годных трэнэрскіх кадраў. Практычна, адзін Сямён Міхайлавіч Бягун можа працаваць на тым роўні, які патрэбен сёньня гэтым маладым хлопцам”.

(Стэльмак: ) “А дзе падзеліся трэнэры? Ці іх не было?”

(Купрэйчык: ) “У нас быў выдатны трэнэр – гросмайстар Ісак Яфрэмавіч Баляслаўскі. Ён пайшоў з жыцьця. Быў выдатны шахматыст Вадзім Мікалаевіч Верасаў. Таксама пайшоў з жыцьця. Інакш кажучы, прычыны аб’ектыўныя. А вось маладых трэнэраў, якія маглі б працаваць, ня зь юнымі, а з тымі, хто б мог скласьці канкурэнцыю нам, гросмайстрам, і здольны б быў абараняць гонар нашае краіны ў сур’ёзных спаборніцтвах, вось такое клясы трэнэраў, на жаль, пакуль няма”.

(Стэльмак: ) “Скажыце, ці можна казаць пра тое, што ў Беларусі ёсьць беларуская шахматная школа?”

(Купрэйчык: ) “Можна, можна. Яна стваралася доўга. Ля вытокаў яе стаяў Верасаў. Пасьля вайны ён узначаліў шахматную Фэдэрацыю. Да нас пераехалі Суэцін, Баляслаўскі, Зварыкіна. Гэта было ў 50-я гады. Пакаленьне 70-х гадоў – Дыдышка, я, іншыя. Пасьля гэтага –пакаленьне, дзе былі Барыс Гельфанд, Ільля Сьмірын, што ўваходзяць у сотню лепшых у сьвеце, і якія, на жаль, пакінуўлі нашую Рэспубліку. Цяпер у нас ёсьць бліскучыя гульцы – Аляксей Фёдараў і Аляксей Аляксандраў, якія таксама ўваходзяць у сотню лепшых. Можна казаць, што пераемнасьць шахматнае школы ёсьць”.

(Стэльмак: ) “Вы закрануўлі тэму ад’езду беларускіх шахматыстаў зь Беларусі? Чым гэта выклікана?”

(Купрэйчык: ) “Матэрыяльнымі ўмовамі”.

(Стэльмак: ) “Тады вернемся да гэтага турніру. Скажыце, прызавы фонд задавальняе ўдзельнікаў гэтага спаборніцтва?”

(Купрэйчык: ) “На мой погляд, першынство краіны, дзе прызавы фонд склаў 250 тысячаў – гэта непрэстыжна для шахматаў. Удакладню: 250 тысячаў новых беларускіх рублёў, што роўна 250 далярам. Гэта непараўнальна, напрыклад, з Расеяй, дзе першы прыз прыблізна складае 100 тысячаў даляраў”.

(Стэльмак: ) “А колькі Вы, як чалавек, які заняў другое месца, атрымае з гэтага прызавога фонду?”

(Купрэйчык: ) “70 тысячаў дэнамінаваных беларускіх рублёў”.

(Стэльмак: ) “Ці могуць у Беларусі карміць шахматы?”

(Купрэйчык: ) “Шахматы ня могуць карміць ня толькі ў Беларусі, а і ва ўсім сьвеце. У сьвеце прэстыж шахматаў падае. Фундатараў находзіць цяжка, паколькі гэта ня вельмі відовішчная гульня. Так што гэта праблема ўсясьветных шахматаў і яна стаіць ня толькі перад намі”.

(Стэльмак: ) “Сёньняшняя эканоміка Беларусі адбіваецца на матэрыяльным стане шахматыстаў?”

(Купрэйчык: ) “У нас ніколі, ані ў якія часы ў Беларусі ня было ідэальных фінансавых умоваў для шахматыстаў. Усё тут, як і ў іншых відах спорту. Але адзін нюанс ёсьць. На жаль, у нашай Рэспубліцы, у вадрозьненьне ад іншых краінаў, у тым ліку – і постсавецкай прасторы, няма выразнай рэглямэнтацыі фундатарскае дзейнасьці”.

З вамі быў
Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG