Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўніцтва пампезнага Алімпійскага комплексу ў Менску.


(эфір 23 студзеня 2000)

Аўтар і вядучы – Віталь Цыганкоў.

Тэма чарговага выпуску спартовай праграмы “Заўзятар” – ўзьвядзеньне ў Менску пампезнага алімпійскага комплексу. Дзясяткі мільёнаў даляраў трацяцца на будаўніцтва спартовых палацаў, у той час як стралкі вымушаныя купляць патроны за ўласныя грошы.

Прыхільнасьць Аляксандра Лукашэнкі да пабудовы спартовых аб’ектаў, відавочна, ня мае аніякіх межаў. У кожным абласным цэнтры Беларусі ўзьведзеныя ўжо лядовыя палацы (дарэчы, некаторыя зь іх, напрыклад, у Віцебску, пустуюць), але самае грандыёзнае будаўніцтва плянуецца ў Менску. Днямі прэзыдэнт НАКу Аляксандар Лукашэнка падпісаў рашэньне аб будаўніцтве ў Менску нацыянальнага алімпійскага комплексу.

Спартовы квартал разьмесьціцца ў межах вуліц Ціміразава, Нарачанскай, Радужнай і праспэкце Машэрава – у даволі прэстыжным раёне сталіцы. У яго ўвойдуць комплекс будынкаў Акадэміі фізычнага выхаваньня і спорту, штаб-кватэра Нацыянальнага Алімпійскага камітэту з прэс-цэнтрам, канфэрэнц-заляй, музэем Алімпійскае славы і гатэлем, унівэрсальны канцэртна-спартовы комплекс, Алімпійская вёска з дзіцячым садам, школай-гімназіяй са спартовым ухілам, дзіцячай паліклінікай і гандлёвым цэнтрам. Увесь аб’ём працаў разьлічаны на два гады, за кожным аб’ектам ужо замацаваныя адпаведныя заказчыкі.

Трэба сказаць, спартовыя прыхільнасьці Аляксандра Лукашэнкі дорага абыходзяца бюджэту Беларусі. Канькабежная дарожка каля Палацу воднага спорту будзе каштаваць краіне 12 мільёнаў даляраў, менскі хакейны каток зьеў 3 мільёны даляраў з бюджэту. Паводле пастановы кіраўніка НАКу, доля дзяржаўнага бюджэту павінна скласьці ня менш як 51 адсотку ад агульнай сумы Алімпійскага комплксу. У якую суму для беларускіх грамадзянаў можа абыйсьціся чарговы шыкоўны праект? І наколькі ў сёньняшняй эканамічнай сытуацыі мэтазгодная пабудова такіх аб’ектаў? З гэтых пытаньняў я пачаў размову з аглядальнікам газэты “Свободные новости плюс” Сяргеем Аляхновічам.

(Аляхновіч: ) “На мой погляд, гэта толькі Пану Богу і аднаму Лукашэнку вядома, колькі можа каштаваць гэты комплекс. Думаю, як мінімум, некалькі дзясяткаў, а то і сотняў мільёнаў даляраў.

Канешне, з аднаго боку патрэбна будаўніцтва спартовых арэнаў, нейкіх новых аб’ектаў. Бо Лукашэнка ня вечны, і калі ён сыйдзе з палітычнай арэны – пазьней ці, дасьць Бог, раней – спартовыя аб’екты застануцца для Беларусі, для нашых дзяцей. Зь іншага боку, мне здаецца, што гэтыя велізарныя грошы можна было б накіраваць, напрыклад, на ліквідацыю наступстваў Чарнобылю, на стыпендыі, пенсіі, лекі.

Акрамя таго, вы ж паглядзіце, у якіх умовах рыхтуюцца нашыя Алімпійцы да гульняў у Сіднэі. Не хапае самага неабходнага. Напрыклад, нашыя стралкі павінны былі купляць кулі за свае ўласныя грошы, і страляюць па папяровых мішэнях, хаця ўвесь сьвет ужо даўно перайшоў на электронныя. Нават кандыцыянер толькі нядаўна ў тыры паставілі. Нашыя рапірысты паехалі на чэмпіянат сьвету ў Паўднёвую Карэю амаль з адным клінком. Каб не чылійцы, якія проста пазычылі нашым яшчэ адну рапіру, мы б не заваявалі ліцэнзію на Алімпіяду”.

(Цыганкоў: ) “Напэўна, пытаньне яшчэ і ў тым, наколькі эфэктыўна выкарыстоўваюцца новыя спартовыя аб’екты? Ці даступныя яны для ўсіх шараговых аматараў спорту?”

(Аляхновіч: ) “Прывядзем такі прыклад. Калі пабудавалі лядовы палац на вуліцы Прытыцкага ў Менску, я, напрыклад, ня ведаю такіх дзён, каб ён быў адкрыты для звычайных людзей, дзяцей, каб можна было там пагуляць у хакей. Можа, гэта каштуе вельмі дорага… Але гэтыя аб’екты амаль закрытыя для звычайных людзей. Напрыклад, Палац спорту на Машэрава – там ці кірмаш гандлёвы, ці прадстаўнікі вялікага спорту займаюцца – ён закрыты для простых людзей.

У нас чамусьці будуюцца ў асноўным толькі хакейныя пляцоўкі, і мне здаецца, прычына ў тым, што прэзыдэнт НАК Беларусі неабыякавы да хакею. Бо стадыён “Дынама”, напрыклад, – толькі вось нядаўна прынята рашэньне аб будаўніцтве падагрэву пад полям стадыёну (хаця размовы пра гэта вяліся тры ці чатыры гады). І то толькі дзякуючы таму, што Эўрапейскі зьвяз футбольных асацыяцыяў выдзяляе на гэта сродкі.

(Цыганкоў: ) “У прэсе неаднаразова ўсплывалі скандальныя гісторыі, калі дарагая валюта і імпартнае абсталяваньне выкарыстоўваліся, скажам так, не зусім эфэктыўна…”

(Аляхновіч: ) “Вось толькі адрапартавалі аб здачы лядовай пляцоўкі за Палацам спорту на праспэкце Машэрава. Прайшло два - два з паловай месяцы, як пацяклі сьцены. Па-другое, замест плястыглазавага шкла, прынятага ва ўсім сьвеце, была нацягнутая звычайная рыбацкая сетка”.

(Цыганкоў: ) “У Алімпійскім комплексе прадугледжана таксама ўзьвядзеньне жылых дамоў. Некалькі зь іх пабудаваныя ўжо і нарадзілі пэўныя канфлікты. Што вядома пра разьмеркаваньне кватэраў у гэтых дамах?”

(Аляхновіч: ) “Кватэры часам дастаюцца не зусім спартоўцам. Наколькі мне стала вядома з дакладных крыніцаў, 15 ці 20 кватэраў у дамах на вуліцы Радужнай, якія ўжо былі здадзеныя ў эксплюатацыю, атрымаюць работнікі Міністэрства культуры. Але некаторыя спартоўцы ня хочуць жыць скопам, “абшчагай”, агулам, загнаным як бы ў нейкую рэзэрвацыю”.

Гэта была размова з аглядальнікам газэты “Свободные новости плюс” Сяргеем Аляхновічам.

Нягледзячы на ўвесь клопат кіраўніцтва беларускай дзяржавы пра спорт, нягледзячы на пабудову новых палацаў і комплексаў, краіну працягваюць пакідаць спартоўцы і трэнеры. Згодна з падлікамі супрацоўніка фэдэрацыі гімнастыкі Беларусі Паўла Піляка, прыкладна 75 трэнераў па гімнастыцы за апошнія пяць-шэсьць год зьехалі за межы Беларусі. Гаворыць Уладзімер Глод:

(Глод: ) “Адразу – лічба для параўнаньня. У самыя лепшыя часы ў краіне працавалі 320 спэцыялістаў. А гэта азначае, што Беларусь пакінула амаль чвэрць трэнераў у гэтым відзе спорту. Іх раскідала па ўсім сьвеце. Валеры Ваткін, напрыклад, асеў аж ў Аўстраліі, Мікалай Мілігула – у Амэрыцы, Галіна Крыленка рыхтуе кадры ў Нямеччыне…

У замежжа, далёкае і блізкае, накіраваліся спэцыялісты самай рознай кваліфікацыі. Адны яшчэ не пасьпелі праявіць сябе ў Беларусі, іншыя, напрыклад, спадары Шынкар альбо Аўсяк, на момант ад’езду ўваходзілі ў эліту сусьветнай гімнастыкі, і за права запрасіць іх была моцная канкурэнцыя.

Існуюць дзьве галоўныя прычыны такой масавай міграцыі. Першая – нізкія заробкі. 30-35 даляраў у месяц, якія атрымліваюць большасьць трэнераў, вымушаюць іх альбо шукаць месца за мяжой, альбо ўвогуле зьмяніць абраную прафэсію. Зразумела, самыя лепшыя спэцыялісты зарабляюць больш у некалькі разоў. Але, калі яны параўноўваюць свае даходы з калегамі зь іншых краінаў, дык тут розьніца куды большая – у дзясяткі разоў.

Другая прычына масавых ад’ездаў – дрэнныя ўмовы працы. Ну які, скажыце, можа быць настрой у трэнера, калі яму даводзіцца дзень правесьці ў халоднай залі, калі пасля трэніроўкі можна памыцца толькі халоднай вадой. І гэта толькі пачатак праблемаў. Ёсьць яшчэ і мноства іншых. Напрыклад, такая. Гімнастыка належыць да відаў спорту, у якіх на трэніроўках здараецца шмат траўмаў. І таму тут неабходны вялікі запас лекаў. А каштуюць яны надзвычай дорага, што не па сілах нават элітным трэнерам і спартоўцам. Што казаць, калі нават нацыянальная каманда Беларусі на зборах карысталася чамаданам лекаў, якія прывозіў за свой уласны кошт са Злучаных Штатаў Віталь Шчэрба…

Таму і ня ўтрымліваюцца ў Беларусі трэнеры. Каму ахвота псаваць нэрвы, вечна шукаць грошы. Масавая міграцыя пацьвярджаецца лічбамі.Так, ва ўсёй Гомельскай вобласьці цяпер існуе толькі адна спэцылізаваная дзіцяча-юнацкая школа гімнастыкі. Раней тут іх было дзесяць.

Зразумела, што ад’езд за мяжу ня спрыяе падрыхтоўцы спартоўцаў высокай клясы. Нявыпадкова славуты Ранальд Кныш – выхавальнік Вольгі Корбут – лічыць, што Алімпійскія гульні ў Сыднэю беларускімі гімнасткамі будуць праваленыя. Як, дарэчы, і апошняе першынство сьвету”.

Гаварыў Уладзімер Глод.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG