Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праца ў Польшчы "па-чорнаму".


Праца ў Польшчы "па-чорнаму".

(эфір 31 кастрычніка 2000)

Аўтар і вядучы – Мікола Іваноў.

Штодня тысячы былых грамадзянаў былога Савецкага Саюзу перакрочваюць межы сваіх новапаўсталых краінаў і накіроўваюцца ў замежжа на заробкі. Толькі малы адсотак гэтых людзей робіць гэта без парушэньня законаў тых краінаў, куды яны накіроўваюцца. Пераважная ж бальшыня – гэта тыя, хто хоча зарабіць “па-чорнаму”. Ці варта рызыкаваць такім чынам? Якія цяжкасьці і праблемы чакаюць гэтых людзей на шляху да заробку?

Калі некалькі месяцаў таму ў лёнданскім марскім порце Доўвэр ангельскія мытнікі дзеля звычайнай праверкі адчынілі дзьверы галяндзкага грузавіка, перад іх вачыма адкрылася жудасная карціна: дзясяткі мертвых целаў у скажоных перадсьмяротнымі пакутамі паставах і слабыя гукі ад тых, хто яшчэ нейкім цудам чапляўся за жыцьцё.

Калі пачалося расьсьледаваньне, высьветлілася, што ў грузавіку былі 52 нелегальныя эмігранты з Кітаю, якія накіроўваліся на працу на ангельскія будоўлі. Высьветлілася таксама і тое, што падобны нелегальны гандаль людзьмі – надзвычай прыбытковы бізнэс, які кантралююць разгалінаваныя моцныя крымінальныя міжнародныя структуры, і змаганьне зь імі – зусім ня простая справа.

Паводле дадзеных міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, штогод амаль тысяча нелегальных эмігрантаў і кандыдатаў на працу “па-чорнаму” гінуць падчас пераходу мяжы, у шматлікіх выпадках падчас працы і ў так званых “невысьветленых да канца акалічнасьцях”.

Тыя, хто вырашаюць працаваць “па-чорнаму”, ня маюць амаль ніякіх сацыяльных гарантыяў, амаль ніхто зь іх ня можа разьлічваць на бясплатную мэдычную дапамогу, яны практычна безабаронныя перад сваволяй працадаўцаў. Вельмі часта іх падманваюць, не выплочваюць належных заробкаў, проста абкрадаюць.

Але нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкасьці і небясьпеку, плыня ахвочых да “працы па-чорнаму” не прыпыняецца. Прычына даволі простая. За месяц такой небясьпечнай працы можна зарабіць ўтрая і нават у некалькі разоў болей, чымся на бацькаўшчыне, напрыклад, у Беларусі. А калі пашанцуе і трапіш на працу ў Нямеччыну ці Вялікую Брытанію, дык зарабіць можна ў дзесяць і нават двадцаць разоў болей.

Як жа жывуць і працуюць тыя, хто вырашае зарабляць такім чынам? Апошні нумар польскага часопісу Wprost надрукаваў вялікі рэпартаж пра варункі жыцьця і працы замежных рабочых, якія працуюць у Польшчы “па-чорнаму”.

І артыкуле гэтым пад красамоўным загалоўкам “Працоўны лягер” гаворыцца, што, паводле дадзеных польскай паліцыі, у краіне на прыблізна 100 нелегальных фабрыках працуе каля 5 тысяч замежнікаў. Пераважная бальшыня з іх – гэта грамадзяне Украіны. Беларусы, аднак, займаюць, паводле сваей колькасьці, на гэтых падпольных заводах адно з першых месцаў.

Нелегальныя працаўнікі прыяжджаюць у Польшчу, спадзеючыся, што гэта “абяцаная зямля”. Але ўжо праз некалькі дзён разумеюць, што яны трапілі ў “працоўны лягер”. Некаторыя ня ў стане вытрымаць цяжкай працы нават некалькі дзён і ўцякаюць назад дамоў. Але зрабіць гэта не заўсёды можна. Працадаўцы звычайна адразу забіраюць у кандыдатаў на працу “па-чорнаму” іх пашпарты і аддаюць толькі тады, калі адпрацуеш грошы, што выдаткаваныя на арганізацыю іх прыезду ў Польшчу.

Часьцей за ўсе, як піша Wprost, праца “па-чорнаму” прапануецца на нелегальных альбо напоўлегальных швэйных фабрыках, фабрыках, якія прадукуюць вырабы з плястмасы, зборачных цэнтрах кантактных плытаў, таннага абутку і т.п.

Звычайна працоўны дзень тут цягнецца 12-14 гадзінаў. Жыць даводзіцца ў малых інтэрнатах каля фабрыкаў. Спаць на двухпавярховых нарах. Туж жа і харчавацца. Выходзіць у горад ў сувязі з канспірацыяй не дазваляецца.

Марат А. з Арменіі расказаў карэспандэнту Wprost, што пачаткова за падобную цяжкую працу плацілі па 10 даляраў у дзень. Пасля месяцу працы заробак чамусьці скараціўся да 5 даляраў, а праз два месяцы спынілі плаціць зусім. Але што было рабіць, калі яны забралі мой пашпарт, – гаворыць Марат. Я быў вымушаны ўцячы без пашпарту і пайсьці ў паліцыю. Там мяне дэпартавалі з Польшчы. Як піша Wprost, некалькі месяцаў пазьней Марат вярнуўся ў Польшчу з новым пашпартам. І цяпер працуе ў працадаўцы, якому ён цалкам давярае.

Сярод тых, хто прыяжджае працаваць у Польшчу “па-чорнаму”, даволі хутка распаўсюджваецца інфармацыя аб тым, хто з нелегальных працадаўцаў сумленны і заўсёды своечасова разьлічваецца са свімі рабочымі, а ад каго можна чакаць падману. І той, хто не ўпершыню прыязджае на працу ў Польшчу, звычайна да падманшчыка працаваць ужо ня йдзе.

Анфіса Д. з беларускага Барысава расказала карэспандэнту Wprost, што працавала ўжо прыблізна ў дзесяці розных нелегальных фабрыках. На першых трох, сьцьвярджае яна, была жахлівая эксплюатацыя, але пазьней ужо было вядома, каму з працадаўцаў можна давяраць. І на якіх фабрыках горшыя варункі. Цяпер Анфіса сама стварыла малую нелегальную фірму. Фірма малая і таму нікому не кідаецца ў вочы. Працуе там толькі сем кабетаў з Беларусі. Яна арандуе малую дачную хатку на беразе возера. Усе неабходныя матэрыялы і харчаваньне яна прывозіць маторным чоўнам. Пакуль бізнэс яе ідзе добра.

Прэсавы сакратар ваяводзкага камісарыяту паліцыі ў Лодзі сьцьвярджае, што толькі сёлета было зафіксавана некалькі спробаў самазабойства сярод працаўнікоў-замежнікаў “па-чорнаму”. Частыя таксама выпадкі самакалечаньня.

Аднойчы ў паліцэйскі пастарунак зьвярнулася кабета з адсечаным пальцам левай рукі. Яна такім чынам хацела трапіць у шпіталь і вырвацца з падпольнай швэйнай фабрыкі. Калі гэтую спробу самакалечаньня ўбачыў майстар, ён швэйнымі нажніцамі нанёс ёй глыбокую рану ніжэй сьпіны. У такім стане кабета ўцякла ў паліцыю. Калі праз два дні паліцыя паспрабавала знайсьці, дзе ж знаходзіцца нелегальная фабрыка, высьветлілася, што жанчына ня ведала, скуль яна ўцякла. Толькі праз некалькі дзён месца знаходжаньня фабрыкі было усё ж такі знойдзенае, але фабрыкі там ужо не было.

Паліцыя гораду Жэшава ў лістападзе мінулага году зьліквідавала нелегальную фабрыку, якая прадукавала джынсавае адзеньне. Працавала на ёй 17 жанчынаў з Азэрбайджану. Фірма развалілася, таму што варункі працы жанчынаў былі амаль не да вытрыманьня. Акрамя таго тры азербайджанцы, якія наглядалі за дысцыплінай, зьдзекваліся над імі сэксуальна. І працаўніцы паднялі бунт. Двух ахоўнікаў яны кастрыравалі, а адзін уцек. Запасы гатовага адзеньня жанчыны аблілі бензынам і падпалілі. Пазьней яны уцяклі фірмовым аўтобусам.

Амаль усе нелегальныя фабрыкі Польшчы вельмі добра закансьпіраваныя. Іх уладальнікі шукаюць месца для іх у ваколіцах вялікіх гарадоў, здаля ад іншых збудаваньняў у атачэньні дрэваў і паркаў. Звычайна памяшканьні арандуюцца на малыя майстэрні і склады. Робіцца ўсё такім чынам, што, часам, самі ўладальнікі не здагадваюцца, што ў сапраўднасьці адбываецца ў іх маёнтках.

У Быдгошчы, калі адзін з уладальнікаў зьвярнуўся са скаргай на арандатараў у паліцыю, высьветлілася, што колькасьць будынкаў яго маёнтку павялічылася амаль удвая, і працавала ў іх некалькі дзесяткаў замежнікаў. Праўда, знайсьці сапраўдных уладальнікаў фабрыкі так і не ўдалося. Арандатарам быў нэўтральны пэнсіянэр, які за пазыку ім свайго імя атрымаў ад крымінальнікаў каля 300 даляраў узнагароды.

Амаль заўсёды працоўны калектыў нелегальных фабрыкаў цалкам зьмяняецца пасьля паўгоду працы. Варункі такія, што нармальны чалавек болей папросту ня ў стане вытрымаць. Разумеюць гэта і працадаўцы. Таму праз паўгады яны наймаюць новых.

Прывозяць новых работнікаў на фабрыку звычайна грузавікамі ці аўтобусамі бяз вокнаў, каб яны ня ведалі месца знаходжаньня фірмы і не маглі ўцячы. Часта працадаўцы пасьля канчатковага разьліку робяць ксэракопіі пашпартоў сваіх работнікаў, пагражаючы помстай, калі б нехта паведаміў у паліцыю пра ягоны незаконны бізнэс.

Wprost піша, аднак, што нягледзячы на такія цяжкія і небясьпечныя варункі працы, значная частка працаўнікоў “па-чорнаму” пасьля некалькітыднёвага адпачынку дома зноў вяртаецца ў Польшчу і зноў ідзе зарабляць “па-чорнаму” падобным катаржным спосабам. Есьць нават і сьвоеасаблівыя вэтэраны ў гэтым бізнэсе, якія прыяжджаюць у Польшчу па некалькі дзясяткаў разоў.

Прычынаў гэткага стану рэчаў некалькі. Па-першае, працэс зьбядненьня насельніцва ў былых постсавецкіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі, увесь час паглыбляецца. І для шмат каго папросту няма выхаду, як толькі накіроўвацца ў замежжа на заробкі такім спосабам. А па-другое, польскі рынак, і ня толькі польскі, патрабуе танных вырабаў, якія здольныя купіць небагатыя палякі.

Даволі значная частка нелегальнай прадукцыі польскіх падпольных фабрыкаў вывозіцца якраз туды, адкуль прыехалі тыя, хто прадукуе гэтыя вырабы. А прыбытак ад гэтага застаецца ў кішэнях польскага крымінальнага сьвету.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG