Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Працаўладкаваньне ў Ірляндыі-ІII.


Працаўладкаваньне ў Ірляндыі-ІII.

(эфір 17 кастрычніка 2000)

Аўтар і вядучы – Мікола Іваноў.

Ірляндыя адна з нешматлікіх заходніх краінаў, якая намагаецца праводзіць мэтанакіравную і пэрспэктыўную палітыку ў галіне прыняцьця на працу замежнікаў. Урад краіны ўжо распрацаваў праект праграмы запрашэньня ў краіну спэцыялістаў некалькіх дзясяткаў спэцыяльнасьцяў, сярод якіх на першых месцах спэцыялісты кампутарных і інфармацыйных тэхналёгіяў, лекары некаторых спэцыялізацыяў, архітэктары, будаўнікі, біёлягі і прадстаўнікі іншых прафэсіяў.

Праграма гэтая пакуль-што абмяркоўваецца на ўрадавым узроўні і ў парлямэнце, але некаторыя яе элемэнты ўжо пачалі дзейнічаць. Якія ж гэта элемэнты? Каб знайсьці адказ на гэтае пытаньне я зьвярнуўся ў Міністэрства Працы і Сацыяльнай палітыкі Ірляндыі. Даць інтэрвію беларускай рэдакцыі радыё “Свабода” згадзіўся адказны супрацоўнік міністэрства, які непасрэдна займаецца праблемай працаўладкаваньня замежнікаў, Шон О’Конэллі:

(Конэлі: ) “За мінулыя 5 гадоў мы дасягнулі выразных посьпехаў у галіне эканоміі. Прычына іх – гэта перш за ўсё высокі ўзровень адукацыі насельніцтва, высокая працоўныя этыка, элястычнасьць працоўнай практыкі і партнэрскія адносіны паміж працаўнікамі, працадаўцамі і ўрадам. Цяпер мы актыўна шукаем працоўныя рукі ў такіх галінах эканомікі, як высокакваліфікаваныя спэцыялісты інфармацыйных тэхналёгіяў, фінансавых службаў, фармацэўтыкі, будаўніцтва, інжынэраў розных спэцыяльнасьцяў, плянавікоў гарадзкой інфраструктуры, нават працаўнікоў гатэльнага бізнэсу, а таксама ўсіх тых працаўнікоў іншых прафэсіяў, якія хочуць працаваць у нас і ведаюць ангельскую мову”.

Але вось перада мной адна з інфармацыйных газэтаў, выдадзеных на тэрыторыі былога СССР, на старонках якой я сустракаю папросту безьліч рознага роду аб’яваў і рэклямы ў справе працы ў Ірляндыі работнікаў нізкіх кваліфікацыяў: муляраў, шафёраў, прыбіральшчыкаў, і нават чарнарабочых. Ці адпавядае гэтая інфармацыя рэальнасьці? Шон О’Конэлі з ірляндзкага міністэрства працы адказвае:

(Конэлі: ) “Мая арганізацыя – гэта дзяржаўная ўстанова, і яе першае заданьне падымаць квалікацыю нашай уласнай працоўнай сілы, прыцягваць жонак, якія не працуюць, назад на рынак працоўнай сілы. Акрамя таго мы маем невялікі 4-адсоткавы ўзровень беспрацоў’я. І працаўладкаваньнем тых, пра каго вы гаворыце, займаюцца іншыя арганізацыі”.

Ёсьць такая інфармацыя, што адна з прычынаў ірляндзкага эканамічнага буму – даволі лібэральная іміграцыйная палітыка ірляндзкага ўраду, што атрымаць ірляндзкую працоўную візу значна лягчэй, чымся ў іншыя краіны Эўрапейскага Зьвязу. Ці гэта праўда? Шон О’Конелі з ірляндзкага міністэрства працы адказвае:

(Конэлі: ) “Не, я думаю, тут нейкае непаразуменьне. Я вам дам дакладны тэхнічны адказ: існуюць дазвол на працу, рабочыя візы і пацьверджаньне атрыманьня працоўнай візы. Дазволы на працу – аднолькавыя ва ўсіх краінах ЭЗ. Атрыманьне яго займае прыблізна 5 тыдняў. З ініцыятывай дазволу на працу павінен выступіць працадаўца. Праўда, мы ўвялі спэцыяльную спрошчаную працэдуру атрыманьня дазволу на працу для мэдычных работнікаў, спэцыялістаў гарадзкога плянаваньня і інфарматыкаў. Але і яны павінны звяртацца ў ірляндзкую амбасаду ці кансулят па візу. А дазвол на працу мае свае абмежаваньні. Гэта звычайна 1-2 гадавы кантракт. Так што мы маем усе тыя самыя правілы, што і іншыя краіны ЭЗ”.

Некаторыя эканамісты зьвязваюць сёньняшнія эканамічныя посьпехі той ці іншай краіны з узроўнем разьвіцьця кампутарных навукаў і інфармацыйных тэхналёгіяў. У Ірляндыі амаль траціна штогадовага прыросту ў галіне прамысловасьці прыпадае менавіта на гэтыя галіны. Тут знаходзяцца цэнтры некалькіх усясьветных кампутарных карпарацыяў. У чым жа палягае сутнасьць ірляндзкай дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне? Шон О’Конэлі з ірляндзкага міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі адказвае:

(Конэлі: ) “У нашай краіне, у адрозьненьні ад іншых эўрапейскіх дзяржаваў, няма так званых квотаў на кампутаршчыкаў. Кожны хто мае адпаведныя кваліфікацыі і зацікаўлены працай у Ірляндыі, можа разьлічваць на прыезд. Ірляндыя вельмі прыязная краіна. Тут гавораць на англійскай мове. Тут можна рабіць кар’еру, атрымаць каштоўныя працоўныя дасьведчаньні і вярнуцца ў сваю ўласную краіну. Прыгадаю, што колькасьць атрыманых дазволаў на працу штогод дасягае лічбы 15 тыс., а колькасьць жа пацьверджаньняў аб выдачы візы – толькі 5 тыс. Таму іх пачалі практыкаваць толькі пару месяцаў таму”.

І тут падчас нашай размовы адказны супрацоўнік Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі Ірляндыі спадар Шон О’Конэлі прыгадаў інтэртэтаўскі адрас сваёй установы, каб кожны, хто зацікавіўся пэрспэктывай працы ў гэтай краіне, мог бы глыбей пазнаёміцца з праблемай. Гэта: www.force.jobs.ire.com О’Конэлі таксама зьвярнуў увагу нашых слухачоў на практычны бок афармленьня дакумэнтаў дзеля працы ў ягонай краіне.

(Конэлі: ) “Паўтараю, што з ініцыятывай атрыманьня дазволу на працу павінен выступіць ірляндзкі працадаўца, а не той, хто шукае працу. З просьбай жа аб пацьверджаньні месца працы ў Ірляндыі выступае замежнік, але толькі ў тым выпадку, калі ў яго ёсьць дакумэнты, якія пацьвярджаюць наяўнасьць прапановы працы ў Ірляндыі. Працэдура атрыманьня працоўнай візы як бы пабудаваная на двух узроўнях. Калі нейкі жыхар Прагі ці Масквы атрымаў ад ірляндзкай фірмы прапанову працы ў трох галінах (інфарматыка, гарадзкое планаваньне і будаўніцтва, мэдыцына), ён можа зьвярнуцца ў ірляндзкую амбасаду. Але звычайна гэта робіць за яго ірляндзкі працадаўца. Ён і аплочвае ўсе выдаткі. І тады вы забавязаны працаваць толькі ў гэтага працадаўцы. Калі ж вы самі зьвяртаецеся па пацьверджаньне аб атрыманьні працы, вы можаце зьмяніць працадаўцу”.

Што датычыць малой колькасьці ірляндзкіх амбасадаў ва Ўсходняй Эўропе, дык на думку адказнага супрацоўніка Міністэрства працы Ірляндыі Шона О’Конэлі, гэта не праблема. Ён удакладняе:

(Конэлі: ) “Мы зусім ня думаем, што гэта можа быць сур’ёзнай перашкодай. У рамках нашай новай праграмы мы атрымалі пакуль-што толькі 500 заявак на працу ў Ірляндыі. Я лічу, што ў нас дастатковая сетка амбасадаў. Акрамя таго тут у Ірляндыі дазвол на працу даецца дэпартамэнтам прадпрыймальніцтва, гандлю і працаўладкаваньня Мністэрствам працы, якое ня мае нічога супольнага з міністэрствам замежных справаў, да якога належаць амбасады. Згаджаюся, для што такой вялікай тэрыторыі, як былы Свецкі Саюз, амбасадаў недастаткова. Але людзі могуць зьвяртацца да нас праз e-mail, а таксама дасылаць дакумэнты ў амбасады па пошце”.

Ірляндыя – краіна, як мы бачым, якая чакае людзей, якія б маглі зрабіць яе яшчэ больш багатай і квітнеючай. Чалавечы патэнцыял, здольныя таленавітыя адукаваныя людзі – гэта адна з самых цэнных каштоўнасьцяў, якія б маглі спрычыніцца да новага ірляндзкага эканамічнага цуда. І гэта добра разумеюць тыя, хто кіруе сёньня Ірляндыяй, але ня толькі гэтай краінай. Вось чаму на заканчэньне нашай размовы адказны супрацоўнік міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі Ірляндыі Шон О’Конэлі зьвярнуўся да нашых слухачоў з наступнай заявай:

(Конэлі: ) “Перш за ўсё я хачу сказаць, што мы запрашаем людзей усіх прафэсіяў, якія нам патрэбныя. Гэта людзі перш за ўсё 6 прафэсіяў, пра якія я гаварыў раней. Яны павінны валодаць ангельскай мовай і быць зацікаўленыя працай. Каб атрымаць больш дакладную інфармацыю пра працоўныя вакансіі, чытайце наш вэб-сайт: www.force.jobs.ire.com
Можна таксама зівяртацца непасрэдна да нас у Міністэрства:

2723 Upper Dagen str.
Dublin - 4
Ireland

Мы накіруем вам усю неабходную інфармацыю. Мы асабліва запрашаем высокакваліфікаваных спэцыялістаў”.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG