Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаўладкаваньне ў Ірляндыі-І


Працаўладкаваньне ў Ірляндыі-І

(эфір 26 верасьня 2000)

Аўтар і вядучы – Мікола Іваноў.

Ірляндыя – краіна, хаця і ня самая багатая ў Эўропе, але яна мае самыя высокія тэмпы эканамічнага разьвіцьця на “старым кантынэнце”. І таму патрэбы ў рабочай сіле тут самыя высокія. Якім чынам можна паехаць на заробкі ў Ірляндыю? Працаўнікі якіх прафэсіяў там патрэбны больш за ўсё?

Ірляндыя – краіна-сябра Эўрапейскага Зьвязу, а эканамічная палітыка гэтага заходне-эўрапейскага аб’яднаньня дзяржаваў палягае ў тым, каб накіроўваць дадатковыя інвэстыцыі ў эканаміку тых краінаў, якія найхутчэй разьвіваюцца. І таму Ірляндыя штогод атрымлівае на паскоранае эканамічнае разьвіцьцё сотні мільёнаў эўра з агульнай касы супольнасьці.

Эканамічныя посьпехі Ірляндыі апошніх гадоў некаторыя называюць эканамічным цудам. І сапраўды, яшчэ прыблізна 20 гадоў таму Ірляндыя была адной з самых бедных краінаў Эўропы. Часам, яе называлі нават краінай сталай эміграцыі, краінай, сэнс жыцьця ў якой галоўным чынам палягаў у тым, каб знайсьці найлепшыя шляхі дзеля таго, каб пакінуць бацькаўшчыну. Сёньня, як сьцьверджаюць навукоўцы-экспэрты ў народанасельніцтве, толькі ў ЗША жыве ў 10 разоў болей ірляндцаў, чымся ў самой Ірляндыі. Вялікія ірляндзкія этнічныя групы пражываюць у Аўстраліі і Новай Зэляндыі.

Апошнія дадзеныя пра эканамічнае разьвіцьцё Ірляндыі проста неверагодныя. У 1991 – 1997 гг. эканоміка краіны разьвівалася ў тэмпе амаль 10% у год. А 1995 год быў сапраўды рэкордным – 16,2%. У выніку нацыянальны даход на душу насельніцтва ў гэтай краіне павялічыўся на працягу апошніх 20 год амаль удвая, і дасягнуў 19 тысячаў даляраў. Гэта пакуль яшчэ менш, чымся ў такіх разьвітых краінах Захаду, як Нямеччына, Галяндыі ці Швэцыя, але калі тэмпы эканамічнага разьвіцьця краіны ўтрымаюцца на сёньняшнім узроўні, на працягу наступных 10 год яна дасягне ўзроўню найбагацейшых краінаў Эўропы.

Упершыню за доўгія гады пачаўся рост насельніцтва краіны, скарацілася іміграцыя. Затое рэзка ўзрасла эміграцыя ў Ірляндыю з іншых краінаў Эўрапейскага Зьвязу і з-за яго межаў. Шмат зьявілася такіх, хто прыяжджае сюды на заробкі на год-два. Пры гэтым, працэнт нелегальнай эміграцыі сюды мінімальны. Бальшыня тых, хто хоча зарабіць у Ірляндыі, падпісвае афіцыйныя кантракты, якія зацьвярджаюцца міністэрствам працы гэтай краіны.

Насельніцтва Ірляндыі – 3 млн. 600 тыс. жыхароў, а тэрыторыя краіны дасягае 70 тыс. кв. кілямэтраў. Як бычым, паводле свайго насельніцтва, так і тэрыторыі Ірляндыя прыблізна ў тры разы меншая за Беларусь. Але яе нацыянальны даход на душу насельніцтва прыблізна ў 4-5 разоў большы за беларускі. Цікава, што прыблізна кожны трэці ірляндзец жыве ў сталіцы сваей краіны Дубліне, насельніцтва якога перавышае 1 млн. чалавек.

Тут, у Дубліне, сканцэнтраваныя таксама і галоўныя цэнтры эканомікі краіны. Гэта перш за ўсё кампаніі ў галіне інфармацыйных і кампутарных тэхналёгіяў. Дарэчы, менавіта электроніку і кампутарныя галіны называюць сёньня маторам Ірляндзкага эканамічнага цуда. Сёньня на фірмы электроннай індустрыі прыпадае прыблізна 33% агульнага экспарту краіны.

Датацыі ЭЗ на аднаго жыхара на паскоранае эканамічнае разьвіцьцё Ірляндыі самыя высокія з усіх краінаў Зьвязу. І дзеля таго, каб рэалізаваць іх, Ірляндыі сваёй рабочай сілы не хапае. Трэба запрашаць з іншых краінаў ЭЗ, а таксама з-за яго межаў.

Але дзеля таго, каб прыехаць на заробкі ў Ірляндыю аднаго жаданьня недастаткова. Трэба мець адпаведную кваліфікацыю, часам, трэба валодаць сапраўды рэдкімі прафэсіямі, такімі як, напрыклад, мясны рэзчык ці кіроўца бальшагрузных грузавікоў.

Вось якія прафэсіі на сёньняшні дзень патрэбныя на ірляндзкім рынку працы, паводле інфармацыі пасярэдніцкай фірмы “Інтэрсэрвіспэрсонэл”:

- будаўнікі практычна ўсіх спэцыяльнасьцяў;
- мантажнікі;
- кранаўшчыкі;
- праграмісты і іншыя спэцыялісты кампутарных тэхналёгіяў;
- зваршчыкі;
- аўтамэханікі;
- кіроўцы ўсіх катэгорыяў;
- бульдазэрысты;
- экскаватаршчыкі;
- прыбіральшчыкі офісаў;
- мясьнікі ўсіх спэцыяльнасьцяў;
- працаўнікі на сельскагаспадарчыя фэрмы і цяпліцы;
- працаўнікік ў супэрмаркеты;
- запраўшчыкі на бэнзакалёнкі;

Гэта толькі кароткі сьпіс прафэсіяў, прадстаўнікоў якіх шукае адна пасярэдніцкая фірма. У сапраўднасьці ж сьпіс гэты значна больш шырокі.

Асобы, якія ня маюць амаль ніякай кваліфікацыі і будуць працаваць у Ірляндыі, напрыклад, прыбіральшчыкамі ў офісах, могуць разьлічваць зарабляць да тысячы амэрыканскіх даляраў на месяц. Праўда, сюды ўваходзіць і плата за звыштэрміновую працу. Кампутарнікі ж могуць зарабіць ў 3-4 разы болей.

Тым, хто выяжджае працаваць на будоўлях, працадаўца, часам, гарантуе поўны пансыён з трохразовым харчаваньнем. Але, як сьцьвярджаюць некаторыя з тых, хто ўжо папрацаваў у Ірляндыі, часам таньней харчавацца самому. Асабліва, гэта датычыць тых, хто працуе ў харчовай прамысловасьці.

Працэс афармленьня на працу ў Ірляндыю, так як і ў выпадку іншых краінаў ЭЗ, лепш за ўсё пачынаць з дапамогай надзейнай пасярэдніцкай фірмы. Дарэчы, часам паслугі такой фірмы бясплатныя. Яе заробак складаецца з выплатаў працадаўцы.

Хаця можна і паспрабаваць шукаць працу ў Ірляндыі самастойна. Напрыклад, з дапамогай Інтэрнэту. Але ўсё роўна на нейкім этапе афармленьня дакумэнтаў без дапамогі спэцыялістаў абысьціся будзе няпроста.

І таму пра ўсе канкрэтныя пытаньні, зьвязаныя з афармленьнем дакумэнтаў на працу ў Ірляндыю, мы раскажам у адной з наступных перадачаў сэрыі “У сьвет на заробкі”.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG