Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

10 год "аксамітнай рэвалюцыі" ў Чэхаславаччыне.


(эфір 31 кастрычніка 1999)

Крах камунізму ў Чэхаславаччыне 10 год таму адбыўся даволі хутка. І гэтыя падзеі 10-гадовай даўніны ўвайшлі ў гісторыю пад назвай “аксамітнай рэвалюцыі”. Ці была яна сапраўднай рэвалюцыяй? А можа яе называюць так дзеля таго, каб падкрэсьліць яе памяркоўны характар? І ў чым сутнасьць чэскага шляху посткамуністычных рэформаў? Аб гэтым і аб іншых праблемах дэкамунізацыі Чэхаславаччыны і Чэхіі ў чаровай перадачы Міколы Іванова з сэрыі “Урокі найноўшай гісторыі: 1989 – 1999 гг”.

Граф Карэл Шварцэнбэрг – адзін з самых вядомых у Чэхіі палітычных аналітыкаў. Належыць ён да старога арыстакратычнага роду, прадстаўнікі якога адыгралі вельмі актыўную і станоўчую ролю на працягу апошніх 7 стагодзьдзяў чэскае, аўстрыйскае і нямецкае гісторыі. Параўнаць гэты род можна зь беларускім родам Радзівілаў, прадстаўнікі якога адыгралі выдатную ролю ня толькі ў беларускай гісторыі.

Цяпер Карэл Шварцэнбэрг жыве ў старажытным замку Орлік, які быў вернуты ягонай сям’і пасьля краху камуністычнага рэжыму. Сам жа Шварцэнбэрг пасьля 1948 году жыў із сям’ей у Аўстрыі, а вось цяпер вярнуўся на бацькаўшчыну, і ня толькі вярнуўся, але пачаў актыўную палітычную дзейнасьць у новай Чэхіі.

Да ягонай думкі ў якасьці палітычнага аналітыка прыслухоўваюцца вельмі многія, у тым ліку і галоўныя кіраўнікі краіны. Карэл Шварцэнбэрг – палітычны дарадчык прэзыдэнта краіны Вацлава Гавела.

Невыпадкова, што і мы ў беларускай рэдакцыі Радые Свабода вырашылі зьвярнуцца да Карэла Шварцэнбэрга з просьбай выступіць у якасьці экспэрта ў пытаньні, датычным сутнасьці “аксамітнай рэвалюцыі” і чэскага шляху посткамуністычных рэформаў.

У лістападзе 1989 году, калі на вуліцы Прагі і іншых чэхаславацкіх гарадоў выйшлі дзясяткі тысяч людзей, каб выказаць свой пратэст супроць камуністычнай улады, сусьветная камуністычная сыстэма ўжо знаходзілася ў цяжкім крызысе. У Польшчы камуністы прайгралі часткова свабодныя выбары. Там на чале ўраду ўжо стаяў прадстаўнік “Салідарнасьці” – Тадэвуш Мазавецкі. У Вугоршчыне мясцовыя камуністы шукалі магчымасьцяў выйсьця са складу Варшаўскага догавору, ва Ўсходняй Нямеччыне масавыя дэманстрацыі пратэсту змусілі пайсьці ў адстаўку даўгагадовага дыктатара Эрыка Гонэкэра. У самым Савецкім Саюзе, абвешчаная партыяй “перабудова” зайшла ў тупік.

У гэткай сытуацыі, калі камунізм ва ўсім сьвеце развальваўся, “чэхаславацкую аксамітную рэвалюцыю”, магчыма, толькі ўмоўна можа назваць рэвалюцыяй. У Чэхаславаччыне не было ніякага кровапраліцьця, камуністы страцілі ўладу даволі мірна.

Ці былі падзеі лістападу 1989 году рэвалюцыяй? Такім было маё першае пытаньне, зь якім я звярнуўся да Карэла Шварцэнбэрга. Вось, што ён мне адказаў:

(Шварцэнбэрг: ) “Я мяркую, што ў 1989 годзе ў Чэхаславаччыне адбыўся дзяржаўны пераварот, а не рэвалюцыя. Адбылася простая зьмена ўлады. Сапраўдная ж рэвалюцыя тут пачалася ў 1992 – 93 гг. Бо менавіта ў гэты пэрыяд пачаліся карэнныя зьмены ў форме ўласнасьці. Тут можна было б карыстацца формулай Карла Маркса. Хаця я і не марксыст, але згаджаюся з Марксам, што рэвалюцыя адбываецца тады, калі насьпявае крызыс у адносінах паміж вытворчымі сіламі і працоўнымі адносінамі, і калі адбываецца перадзел маёмасьці. Вось гэта і адбылося ў нас у 1992 – 93 гг.

І яшчэ адна вельмі важная акалічнасьць. У 1992 годзе канчаецца гісторыя Чэхаславаччыны, дзяржавы, створанай у 1918 годзе. Зьяўляецца іншая легітымная дзяржава. А гэта яшчэ адна адзнака рэвалюцыі”.

(Карэспандэнт: ) “Сёньня, пасьля амаль 10 гадоў посткамуністычнай трансфармацыі, Чэхіі, паводле думкі міжнародных аналітыкаў, няма сярод лідараў ажыцьцяўленьня рынкавых рэформаў. Чаму? Чаму краіна з найбольш высокім пачатковым узроўнем эканамічнага разьвіцьця сёньня саступае сваім суседзям у галіне пасьпяховага ажыцьцяўленьня рынкавых рэформаў?”

(Шварцэнбэрг: ) “Аб’ектыўна сытуацыя тут ня самая горшая. Затое ёсьць дрэннае ўражаньне ад чэскіх рэформаў у параўнаньні з Вугоршчынай, ці Польшчаю. Справа ў тым, што, напрыклад, у Вугоршчыне ажыцьцяўляўся так званы “гуляшны камунізм”, і ягоная практыка падрыхтавала кадры людзей, якія ведалі, як трэба дзейнічаць у варунках рынку. І такія людзі былі як у гаспадарцы, гэтак і ў палітыцы.

Там і раней існавалі супольныя прадпрыемствы, там было малое прадпрыймальніцтва. Малыя рэстараны і крамы, напрыклад. У Польшчы ж яшчэ з часоў Гэрэка, калі Захад даў ёй вялікія крэдыты, зьявілася армія людзей, якія маглі на роўных размаўляць із заходнімі партнэрамі, якія былі гатовыя да рынку. Там узнікла новае мысленьне.

Нічога падобнага ў Чэхаславаччыне не было. Нельга забываць, што ў Чэхіі сапраўды ўсё аж да апошняй сялянскай гаспадаркі было скалектывізавана. Тут толькі пасля 1989 году зьявіліся першыя прыватныя фірмы, першыя прапрымальнікі. Такім чынам, калі ў Польшчы і Вугоршчыне працэс адкрыцьця на Захад меў павольны, паступовы характар, дык у Чэхаславаччыне гэта адбылося надзвычай хутка”.

(Карэспандэнт : ) “Адпаведны ўплыў на характар чэскіх посткамуністычных рэформаў мае і духовы стан чэскага грамадства. Вядома, што тут адбылася больш грунтоўная і шырокамаштабная дэкамунізацыя, чымся ў суседніх краінах. Але ці дастатковая? І ці мае яна ўплыў на гаспадарчыя поспехі краіны?”

(Шварцэнбэрг: ) “Камунізм у клясычным значэньні гэтага слова сымбалізуе сабой роўнасьць усіх людзей. І вось падобнае пачуцьцё, нягледзячы на дэкамунізацыю, засталося. Засталося пачуцьцё таго, што чалавек можа абыйсьціся без вялікага высілку ў працы, што адпаведны ўзровень сацыяльнага дабрабыту яму гарантаваны, што ня трэба ісьці на нейкую рызыку, каб дасягнуць посьпеху, што ўсе маюць роўныя магчымасьці ў працы. І вось гэта засталося, нягледзячы на высілкі рэфарматараў”.

(Карэспандэнт: ) “Чэскае грамадства разьвіталася з камунізмам, і, як мяркую, назаўсёды. Але ці ўдалося чэхам збудаваць падставы капіталізму? Дакладней кажучы, адбудаваць тое капіталістычнае грамадства, якое існавала тут у міжваенны пэрыяд?”

(Шварцэнбэрг: ) “Тое, што зьявілася цяпер у Чэхіі, - гэта яшчэ такі дзіўны капіталізм. Я б назваў яго “дзікі капіталізм”. Гэты капіталізм падобны да таго, што існуе на Захадзе, але не зусім. Тое самае датычыць і польскага, і вугорскага капіталізму. Я думаю, што толькі наступнае пакаленьне зможа збудаваць сапраўдны капіталізм заходняга тыпу. Яно ўжо цяпер інакш працуе, інакш думае, чымся іхнія бацькі. І гэты працэс пабудовы цывілізаванага грамадства заходняга тыпу ўжо пачаўся.

Прыйдзе час, калі гэты працэс скончыцца. Але трэба мець на ўвазе, што 50 гадоў камунізму не прайшлі бяссьледна, тут адбыліся глыбокія зьмены ў сьвядомасьці людзей, пераадолець якія ня так проста. Я ведаю, што ў нас не хапае кадраў, якія мысляць па-новаму. Ведаю, што наша бюракратыя яшчэ мысьліць па-старому. Але гэта толькі цяжкасьці пераходнага перыяду”.

(Карэспандэнт: ) “Калі я праводзіў з Карэлам Шварцэнбэргам папярэднюю падрыхтоўчыю размову ў справе інтэрвію для беларускай службы радыё “Свабода”, ён неяк паўжартам схарактарызаваў сёньняшняе чэскае грамадства як “клептакратыю”. Чаму? Няўжо ён так пэсымістычна настаўлены да сёньняшняга чэскага “шляху да капіталізму”.

(Шварцэнбэрг: ) “Тыя людзі, якія тут ажыцьцяўлялі рынкавыя рэформы, сфармаваліся яшчэ ў камуністычныя часы, і яны зыходзілі з камуністычнага мысьленьня. Яны пачаткова лічылі, што дастаткова будзе проста зьмяніць рэцэпт сацыяльнага жыцьця і пачнецца капіталізм. А патрэбныя былі глыбокія зьмены ў сьвядомасьці ўсяго грамадства. Новыя законы ня дзейнічаюць, калі іх не ўспрымае грамадства. Тут адбылося вялікае раскраданьне грамадскай маёмасьці, шырокамаштабная карупцыя. І ў гэтым выпадку падобную сыстэму можна назваць “клептакратыяй”.

(Карэспандэнт: ) “І на заканчэньне нашай размовы я задаў дарадчыку чэскага прэзыдэнта Карэлу Шварцэнбергу традыцыйнае пытаньне. Я папрасіў яго зрабіць прагноз: які далейшы лёс чакае чэскае грамадства? Як будуць надалей ажыцьцяўляцца рынкавыя рэформы?”

(Шварцэнбэрг: ) “У бліжэйшыя 10 год мы павінны будзем разьвітацца зь некаторымі старымі звычкамі. Трэба будзе прыняць новыя законы, якія адпавядаюць патрабаваньням Эўрапейскага Саюзу. Мы павінны на роўных канкураваць з эканомікай ЭС. Тое багацьце, якое мы, чэхі, стварылі яшчэ ў міжваенныя часы, было змарнаванае камуністамі. І цяпер яго трэба адбудаваць. Гэта вельмі цяжкі шлях, і рабіць прагнозы тут амаль немагчыма”.

Напярэдадні Другой Сусьветнай вайны Чэхаславаччына была адной з самых багатых краінаў Эўропы. Яе валавы нацыянальны прадукт быў на ўзроўні такіх краінаў, як Нямеччыны, Швайцарыя ці Галяндыя. За больш як 40 год камуністычнага панаваньня гэтае багацьце было раскрадзенае і змарнаванае. І вось цяпер яго трэба адбудоўваць, і адбудоўваць, як вынікае з размовы з Карэлам Шварцэнбэргам, ня толькі аднаму наступнаму пакаленьню чэскага народу.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG