Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вока за вока, зуб за зуб?" (Мацьв. 5,38-41)



.....................................................................................................
Ісус Хрыстос сказаў: "Вы чулі, што сказана: вока за вока, зуб за зуб. А Я кажу вам: не праціўцеся злому, але хто ударыць цябе ў правую шчаку, павярні да яго й другую" (Мацьв. 5,38-39). Аднак у тым-жа разьдзеле сказана іншае: "Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць закон ці прарокаў. Не парушыць прыйшоў Я, але выканаць"(Мацьв.5,17). Аднак выглядае, што менавіта ў гэтым выпадку Хрыстос адхіліў Стары Запавет - можна пачуць такое пытаньне.

За гэтым пытаньнем стаіць праблема вялікай важнасьці. Ня раз можна пачуць закіды, што Бог Старога Запавету быў жорсткім Бо- гам, цалкам непадобным на міласэрнага Бога, паказанага ў Эван- гельлях. У карысьць гэтага тэзісу найчасьцей гучаць два аргу- мэнты: зьнішчэньне хананейскіх народаў і згаданы прынцып: "вока за вока, зуб за зуб".

Нават розум не падмацаваны верай адкідае гэтыя аргумэнты як пасьпешлівыя й непрадуманыя. Вера скажа яшчэ больш: штучна супрацьпастаўляючы Стары Запавет Новаму, мы прыплюшчваем вочы на адну з важнейшых таямніцаў Божых паводзін зь людзьмі - на таямніцу Божай цярплівасьці ў дачыненьні да людзей. Менавіта Бог цярпліва, крок за крокам, падрыхтоўваў свой народ на прыняцьце Збавіцеля сьвету. Бог і сёньня зьяўляецца цярплівым выхаваўцам мяне й цябе, паасобных сем'яў, абшчынаў, народаў і ўсяго чалавецтва.

Прынцып рэваншу ўпершыню сустракаецца на старонках Бібліі ў тэксьце пра саюз Бога з патрыярхам Ноем. Парадаксальна, ён служыць там падкрэсьленьню выключнага статусу чалавека сярод іншага стварэньня. Менвавіта даючы чалавеку права спажываць жывёльнае мяса, Бог адначасова рашуча стае на абарону чалавечага жыцьця. "Я-ж спаганю кроў душаў вашых ад рукі чалавека, ад рукі брата спаганю душу чалавека... хто пралье кроў чалавека, таго кроў хай пральюць людзі, бо чалавек створаны на вобраз Божы"(Быц.9,5-6). Пагроза сьмяротнага пакараньня за забойства іншага чалавека падкрэсьлівае, што чалавечае жыцьё не паддаецца матэрыяльнай ацэнцы. Хоць чалавек створаны Богам гэтак-жа як і жывёлы, аднак ён створаны на вобраз самога Бога. Вось таму няма у сьвеце каштоўнасьці, якая магла-б раўняцца з каштоўнасьцю чалавечага жыцьця.

У той-жа кнізе Выйсьця гаворыцца таксама пра пакараньне за зьбіцьцё жанчыны. "Калі ёй будзе спрычыненая шкода, дык віноўнік аддасьць жыцьцё за жыцьцё, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу, апёк за апёк, рану за рану, сіняк за сіняк"(Вый.21,23-25). Праўда, гэта гучыць жорстка, але трэба паглядзець на справу больш удумліва. Улічыўшы тагачасную дыскрымінацыю жанчыны, ужо тады жанчына была пастаўлена на роўні з мужчынам. Як бачым, доўга праўда аб роўнапраўі муж-чыны й жанчыны даходзіць да чалавечай сьвядомасьці. У Кнізе Выйсьця згадваецца таксама пра пакараньне за сьмерць нявольніка. Тады яшчэ не разумелі, што ён - таксама поўнавартасны чалавек і ягонае жыцьцё таксама сьвятое й непарушнае, як жыцьцё свабоднага чалавека. Таму й пакараньні, на жаль, меншыя чымсьці за крыўду, спрычыненую свабоднаму, але таксама, у некаторай ступені абмяжоўвалі самавольства. "Калі нехта ўдарыць нявольніка або нявольніцу ў вока і зьнявечыць, павінен у замен вызваліць іх. Таксама калі выбье зуб... павінен адпусьціць іх на волю"( Вый.21,26).

Такім чынам, гэта ўжо была амаль эвангельская навука й мараль, толькі на ўзроўні першых касьлявых літараў альфабэту любові. У кожным разе, яна не пярэчыла Эвангельлю, але вяла да яго, падрыхтоўвала і выхоўвала. Нават звычайнага чытаньня й пісаньня нельга дзіця навучыць за адзін дзень.

Трэба прызнаць, што норма "вока за вока, зуб за зуб", у нейкай ступені вучыла прынцыпу: "не рабі іншаму таго, што табе самому нямілае". На этапе тагачаснага маральнага разьвіцьця, пэўна, сфармуляваць яе лепш было немагчыма. Нават цяпер, хоць і здаецца нам, што мы такія культурныя й цывілізаваныя, і што бойкі усчынаюць людзі прымітыўныя або п'яныя, прынцып "не рабі іншаму таго, што табе самому нямілае" успрыймаецца зь цяжкасьцю. Мы ахвоча абгаворваем іншых, але абураемся, калі абгаворваюць нас! Не адзін нябедны й паважаны чалавек пакраў нешта ў краме, або ня выправіў памылку касіркі, але той-жа чалавек уздымае вэрхал, калі нехта ашукае яго. Сапраўды, гэта вялікае майстэрства выйсьці па-за свой пункт гледжаньня, паспрабаваць паглядзець на свае паводзіны зь іншай пэрспектывы.

Гэтага нялёгкага майстэрства Бог вучыў жорстка, бо лагаднейшай мовы тагачасныя людзі не зразумелі-б. "Калі судзьдзі, дакладна разабраўшыся у справе, давядуць няпраўду сьведкі, што фальшыва абвінаваціў брата свайго, зрабеце зь ім тое, што ён хацеў зрабіць свайму брату, і выкарані зло спасярод сябе. Астатнія-ж, пачуўшы пра гэта, будуць баяцца і не паўтораць нічога падобнага. Тваё вока хай ня ведае літасьці. Жыцьцё за жыцьцё, вока за вока, зуб за зуб, нага за нагу" (Паўт. 19,18-21).
Ня ўсе ведаюць, што з Старога Запавету паходзіць прымаўка: "хто пад некім капае яму, той сам упадзе ў яе". У Бібліі яна гучыць некалькі разоў ( Прык. 26,27, Сыр.27,26).

Блажэнны Аўгустын зьвярнуў увагу на яшчэ адзін аспэкт прынцыпу "вока за вока, зуб за зуб". Хоць гэтаму прынцыпу далёка да эвангельскага дараваньня віны, аднак ён уводзіць пэўны парадак у выконваньне пакараньня. Гэта быў яшчэ даволі прымітыўны парадак, але нават ён прынамсі ўтаймоўваў крыважэрныя памкненьні, падказваныя жаданьнем помсты. "Ці-ж не назіраецца таго, што людзі толькі закранутыя гатовыя забіць, прагнуць крыві і ажно цяжка ім прыдумаць ворагу такое зло, якое магло-б іх заспакоіць? Ці-ж мала хто ўдараны кулаком зьвяртаецца ў суд, каб той пакараў віноўніка? Або й сам аддае яму і калі не хапаецца за дзіду, дык зьдзекуецца зь віноўніка з дапамогай кулакоў і высьпяткаў? Каб утаймаваць гэтую няўмеркаваную й несправядлівую помсту, быў усталяваны закон рэваншу: каб пакараньне адпавядала злачынству. Такім чынам - піша Аўгустын - прынцып "вока за вока, зуб за зуб" ня быў ачагом гневу, не абуджаў таго, што дрэмле ў чалавеку, але накладаў намызьнік на расшалелую стыхію" (Contra Faustum Manichaeum, 19,25).

У мінулым бывалі часы, калі чалавека можна было забіць цалкам бeспакарана. Здараецца гэта й цяпер у выпадку грамадзянскіх войнаў, у экстрэмальных умовах, аднак у мірны час забойствы караюцца ў адпаведнасьці зь мясцовым заканадаўствам. У шэрагу краінаў увогуле скасаванае сьмяротнае пакараньне нават за забойства. Гэткім чынам, калі толькі гэта не роўназначнае з беспакаранасьцю, тым болей падкрэсьліваецца сьвятасьць жыцьця. Калі аднак у мірны час здарыцца выключна зьверскае забойства, якое ўскалыхне грамадзтва, тады на хвалі эмоцыяў нават вернікі дамагаюцца аднаўленьня сьмяртнага пакараньня.

У Эвангельлі права рэваншу атрымоўвае ляканічную форму, якая не разьмяжоўвае людзей на вольных і нявольнікаў, мужчын і жанчын, але гучыць: "Не судзеце, каб не былі асуджаныя. Бо якім судом судзіцё, такім будзеце асуджаныя, і якою мераю мераеце, гэткаю і вам адмераюць" (Мацьв. 7,1-2). Эвангельле хоць і вучыць дасканалай маралі, усё-ж адрасаванае недасканалым людзям: поўную дасканаласьць мы дасягнем толькі ў вечным жыцьці. Слухачы Эванегльля не на аднолькавым узроўні духоўнага разьвіцьця. Словы Ісуса інакш успрыйме грубаваты, а інакш чалавек прасякнуты эвангельскім духам. Той першы пачне ўжываць згаданы прынцып зыходзячы з свайго асабістага дабрабыту: каб яго прынамсі ня мералі больш строгай меркай, чымсі ён гэта робіць. Больш адухоўлены чалавек, сьведамы сваіх правінаў, залежны ад Божай міласэрнасьці, лепш зразумее неабходнасьць чалавечай салідарнасьці і лягчэй яму прасіць зьмілаваньня над бліжнім сваім, які ўчыняе зло. У кожным разе, і аднаго і другога Хрыстовая навука набліжае да дасканаласьці, калі толькі абодва належным чынам паставяцца да яе.

У сьвятле Новага Запавету прынцып рэваншу як фізычнага мэтаду дасягненьня справядлівасьці адкідаецца. Акрамя згаданых словаў Хрыстовых варта прыгадаць і словы Апостала Паўла: "Нікому не адплачвайце злом за зло... Ня помсьціце за сябе, але... дайце месца Божаму гневу. Бо сказана: Мне помста - Я аддам (Друг.32,35). У Лісьце да Салунянаў сказана: "Глядзеце, каб ніхто не адплочваў злом за зло, але заўсёды шукайце дабра і адзін аднаму, і іншым" ( Сал. 5,15). Каб зразумець, што Павал гаварыў гэта не абстрактна, варта прыгадаць, што Апостал папракаў хрысьціянаў Карынфу за тое, што ў імкненьні да справядлівасьці яны зьвяртаюцца да паганскіх судоў і судзьдзяў. "Брат з братам судзіцца, і то перад нявернымі! І тое ўжо вельмі сорамна, што вы маеце суды паміж сабою. Чаму-б вам ня лепш быць пакрыўджаным? Чаму-б вам ня лепей мець шкоду?" ( 1 Кар.6,6-7).

Хрыстос сказаў: "Хто захоча судзіцца з табою і узяць у цябе кашулю, аддай яму і вопратку. І хто захоча йсьці зь ім мілю,
ідзі зь ім дзьве" (Мацьв. 5, 49-41). Сучаснаму чалавеку цяжка
з гэтым пагадзіцца, але-ж для верніка - гэта аўтарытэтны заклік!

У Новым Запавеце прынцып рэваншу або адплаты адзін адзіны раз быў выкананы поўнасьцю! У адпаведнасьці з тагачасным законам, да сьмерці была прысуджаная сьмерць. Менавіта сьмерць, той жахлівы вораг чалавека, дапусьцілася несправядлівага замаху на Чалавека абсалютнага дасканалага, якім быў Сын Божы. Такім чынам сьмерць заслужыла ўмярцьвеньня. Аб гэтым Апостал Павал з радасьцю гаварыў: "Сьмерць, дзе тваё джала? Пекла, дзе твая перамога?" (1 Кар.15,55).

Канчаткова сьмерць будзе пераможаная ў дзень уваскрэсеньня, калі Сын Чалавечы выявіцца ва ўсёй Сваёй Славе як пераможца дьябла й сьмерці і як нашыя "дарога, праўда й жыцьцё". І затым " Апошні вораг зьнішчыцца - сьмерць" (2 Кар.15,26).

Усьведаміўшы вышэй прыгаданае, ужо ня трэба больш гаварыць пра супярэчлівасьці ў Бібліі, але прызнаць: "Як добра, што Хрыстос не скасаваў Старога Запавету, але выканаў яго".

Айцец Канстантын Бандарук

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG